Крэдыты разбэсцяць уладу
Расія пацвярджае прынцыповае рашэнне пра выдаткаванне Беларусі крэдыту ў 2 мільярды долараў ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Беларусь спадзяецца яшчэ і на атрыманне 3 мільярдаў ад МВФ. Пра рэформы нічога не гаворыцца.
Пра «канчатковае і беззваротнае» рашэнне прадаставіць Беларусі двухмільярдны крэдыт днямі заявіў пасол Расіі ў нашай краіне Аляксандр Сурыкаў. Маўляў, гэтае пытанне канчаткова было вырашана падчас пасяджэння ў Мінску Вышэйшага дзяржаўнага савета саюзнай дзяржавы. Хоць эксперты мяркуюць, што пытанне ўсё ж было вырашана яшчэ ў Сочы, дзе беларускі кіраўнік падчас спантаннага адпачынку падпільноўваў Уладзіміра Пуціна ў і ўрэшце сустрэўся з ім, а таксама з кіраўніком расійскага ўрада Дзмітрыем Мядзведзевым.
Усю суму адразу беларускі бок не атрымае. Паводле звестак расійскага боку, першы транш можа скласці 500 мільёнаў долараў, а ўвогуле ў бягучым годзе Беларусь можа атрымаць ад ЕФСР да 1,1 мільярда долараў. Прычым неяк няўцямна гаворыцца пра тое, што Беларусі не выканала шэраг умоваў пры выдзяленні ёй мінулага крэдыту ад тагачаснага Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС — апошні транш гэтага крэдыту ў 440 мільёнаў долараў афіцыйны Мінск так і не атрымаў.
На поўным сур’ёзе ўлады разлічваюць і на іншыя грашовыя паступленні. Напрыклад, айчынны Мінфін разлічвае размясціць (пасля адмены санкцыяў з боку Еўрасаюза) на Захадзе еўрабонды на 1,5 мільярда долараў. Магчыма, гэта і атрымаецца. Але пад якія працэнты? Па словах былога кіраўніка Нацыянальнага банка Беларусі Станіслава Багданкевіча, калі гэта будзе, як і ў мінулыя разы, пад 7–7,5% гадавых, то гэта проста неразумна. «Рэнтабельнасць вытворчасці ў Беларусі складае 6%, таму браць крэдыты і размяшчаць еўрабонды пад вышэйшы працэнт — гэта поўная бязглуздзіца, і гэта будзе азначаць толькі большыя страты для эканомікі», — лічыць прафесар.
Апроч таго, улады цешаць сябе спадзяваннямі і пра новы крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду памерам у 3 мільярды долараў на 10 гадоў пад 2,28% гадавых. І, гледзячы па ўсім, МВФ гэты крэдыт можа прадаставіць, улічваючы тую ж самую адмену санкцыяў і змяненне стаўлення Еўропы і ЗША да беларускага кіраўніцтва пасля вызвалення палітвязняў, правядзення «адносна спакойных выбараў» ды прадастаўлення Беларуссю пляцоўкі для перамоваў па ўрэгуляванні расійска-ўкраінскага канфлікту ў 2015 годзе.
Да таго ж, існуюць магчымасці прадастаўлення дапамогі Беларусі з боку некаторых еўрапейскіх структураў. Нездарма ж тут нядаўна знаходзіўся еўрапейскі дэсант з палітыкаў, чыноўнікаў і банкаўскіх прадстаўнікоў.
Але ці будзе на карысць Беларусі такая дапамога? Станіслаў Багданкевіч не выключае, што гэтыя грошы зноўку могуць быць папросту «праедзеныя», а не скарыстаныя для правядзення рэформ і сапраўднай мадэрнізацыі беларускай эканомікі. «Патрэбна зніжаць падаткі, зрабіць палёгкі малому і сярэдняму бізнесу, праводзіць мадэрнізацыю. А ў нас улады грошы пазычаюць для выплаты мінулых пазыкаў. Хоць гэтыя пазыкі варта было б выплачваць за кошт росту аб’ёмаў эксперту, павышэння ўзроўню і якасці вытворчасці, то бок, з унутраных крыніцаў», — падкрэслівае доктар эканамічных навук.
Аднак і гэта яшчэ не ўсё. Беларускі ўрад разлічвае, што ўжо ў сакавіку будзе вырашана пытанне аб зніжэнні коштаў на расійскі газ, што пастаўляецца ў нашу краіну. Так, віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, які курыруе ва ўрадзе пытанне паліўна-энергетычнага комплексу, заявіў, што «сёння энерганосьбіты для беларускіх прадпрыемстваў часам у два разы даражэйшыя, чым для расійскіх». Паводле ягоных словаў, заканадаўчая база, як двухбаковая, гэтак і ў рамках ЕАЭС, «паказвае, што гэтую тэму можна і патрэбна вырашыць у найбліжэйшы месяц». Гэта, на думку Сямашкі, дазволіць істотна знізіць кошты на газ, што, у сваю чаргу, зменшыць тарыфы на энерганосьбіты для рэальнага сектара эканомікі і створыць больш-менш роўныя ўмовы для беларускіх прадпрыемстваў параўнальна з расійскімі.
Дарэчы, паводле Сямашкі, за апошнія паўтара гады ў структуры сабекошту прадукцыі па міністэрстве прамысловасці доля энерганосьбітаў павялічылася амаль у два разы — ад 4,4% да 8%, што «надзвычайна дорага». Дык хто ж давёў эканоміку і прамысловасць да таго, што яе стан залежыць ад кошту энерганосьбітаў? А змяншаць энергаёмістасць вытворчасці, як гэта даўно зроблена ў цывілізаваных краінах, вы не спрабавалі, дарагія ва ўсіх сэнсах чыноўнікі? Пытанне ва ўмовах адмовы вышэйшага кіраўніцтва Беларусі ад нават узгадванняў пра рэформы з’яўляецца рытарычным.
Такім чынам, новыя крэдыты, фінансавая дапамога з замежжа, змяншэнне коштаў на расійскія энерганосьбіты, відавочна, яшчэ больш закансервуюць сітуацыю. А Беларусь перманентна будзе працягваць адставаць ад развітых эканомік свету. Кіраўніцтва ж краіны, разлічваючы, што потым зноў нехта акажа яму дапамогу, працягне штурхаць Беларусь да эканамічнай прорвы. У эканоміцы цудаў практычна не бывае, хоць афіцыйны Мінск прытрымліваецца іншага меркавання. На вялікі жаль.