Кіраўнік ЕАБР: Краінам Мытнага саюза патрэбны еўрапейскія інвестыцыі
Мытны саюз зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Еўропай, у першую чаргу, у тэхналагічнай і інвестыцыйнай галінах, заявіў старшыня праўлення Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) Ігар Фінагенаў, выступаючы на Еўразійскім форуме ў Вероне (Італія) 18 кастрычніка.
"Нашым краінам патрэбны еўрапейскія інвестыцыі, асабліва спалучаныя з трансфертам тэхналогій. Мы бачым гэта па праектах банка", — цытуе Фінагенава прэс-служба ЕАБР.
Паводле яго слоў, асабліва высокі попыт у энергетыцы, транспартнай інфраструктуры, машынабудаванні, сельскай гаспадарцы.
"І тут разумным з'яўляецца партнёрства з міжнароднымі інстытутамі, якія актыўна працуюць у рэгіёне і зарэкамендавалі сябе на належным узроўні, — адзначыў Фінагенаў. —
ЕАБР можа не проста выступаць у якасці партнёра для еўрапейскіх інвестараў, а стаць іх правадніком на еўразійскіай прасторы".
Ён падкрэсліў, што банк назапасіў вялікі вопыт работы па фінансаванні праектаў у рэгіёне. Аб'ём інвестыцый ЕАБР у электраэнергетыку і энергетычную інфраструктуру складае 1 млрд. 135 млн.
долараў, у транспарт і транспартную інфраструктуру — 1 млрд. 479 млн. долараў, металургію — 344 млн. долараў, у сельскую гаспадарку — 532 млн. долараў.
Паводле слоў Фінагенава, ЕАБР нацэлены на садзеянне інтэграцыі і мадэрнізацыі і не падпарадкоўвае тэхналагічную аснову праектаў палітычным патрабаванням. "Так, мы лічым за лепшае, каб у нашых
прамысловых праектах выкарыстоўваліся расійскія, беларускія, казахстанскія тэхналогіі, — сказаў кіраўнік ЕАБР. — Але калі заходнія тэхналогіі патрэбны для эфектыўнасці, значыць, так
гэтаму і быць".
У якасці прыкладаў фінансавання банкам праектаў мадэрнізацыі, пры рэалізацыі якіх былі прыменены заходнія тэхналогіі і абсталяванне, ён назваў будаўніцтва Ціхвінскага вагонабудаўнічага завода і
завода па зборцы магістральных электравозаў у Астане.
"Членства ў банку зусім не абмежавана рэгіёнам СНД, — заўважыў Фінагенаў. — Мы гатовы размаўляць аб удзеле ў тым ліку з дзяржавамі Еўропы. Членства ў ЕАБР можа быць карысным
інструментам прасоўвання інтарэсаў кампаній гэтых краін. Яно таксама паслужыць паглыбленню эканамічнай і тэхналагічнай кааперацыі паміж нашымі краінамі".
На думку Фінагенава, для Еўропы можа аказацца карыснай аналітычная экспертыза ЕАБР. "Нашы аналітыкі працуюць над праблемамі патэнцыяльнай эканамічнай інтэграцыі Еўрапейскага саюза і будучага
Еўразійскага саюза", — адзначыў ён.
Фінагенаў прапанаваў зацікаўленым бакам узяць удзел у буйным праекце "Праблемы і магчымасці еўразійскай эканамічнай інтэграцыі", што рэалізуецца Інстытутам IIASA ў Вене, Еўразійскім
банкам развіцця і Расійскай акадэміяй навук. "Праект стане аптымальнай пляцоўкай для размовы еўрапейскіх і "еўразійскіх" даследчыкаў, чыноўнікаў і бізнесменаў",
— сказаў кіраўнік ЕАБР.
Еўразійскі банк развіцця з'яўляецца міжнароднай фінансавай арганізацыяй, заснаванай Расіяй і Казахстанам у студзені 2006 года з мэтай садзеяння развіццю рыначнай эканомікі дзяржаў-удзельніц,
іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязей. Статутны капітал ЕАБР перавышае 1,5 млрд. долараў ЗША. Дзяржавамі — удзельніцамі банка з'яўляюцца
Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расійская Федэрацыя і Таджыкістан.
Анастасія Салановіч, БелаПАН