Калі ўключаць друкарскі станок?
«Дармаеды» не хочуць плаціць. Аднак гэтыя грошы Беларусі цалкам неабходныя. Раней мы набралі столькі пазыкаў, што іх выплаты ўжо ставяць краіну на мяжу дэфолту. Прынамсі, так лічаць некаторыя адмыслоўцы.
У студзені 2017-га краіна ўступіла ў «перыяд з вялікімі выплатамі». Распісанае на 12 месяцаў абслугоўванне знешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу і па іншых аперацыях патрабуе расходу замежнай валюты ў памеры $5,986 мільярда. У той жа час сума саміх рэзервовых актываў і ліквіднасці Рэспублікі Беларусь у замежнай валюце на канец студзеня 2017-га склала $5,376 мільярда — на 9,7% менш, чым сума маючых адбыцца на працягу 12-ці месяцаў загадзя ўсталяваных выдаткаў.
З улікам жа патэнцыйна магчымых («абумоўленых») выплат — валютных выдаткаў у бліжэйшыя 12 месяцаў можа быць больш, чым ёсць цяпер, на канец студзеня 2017-га, рэзервовых актываў, на 30,8%. Такім чынам, канстатуюць адмыслоўцы, без свежага прытоку валюты адзін толькі запланаваны на 12 месяцаў наперад ужо распісаны чысты адток замежнай валюты здольны цалкам «вычысціць» засекі Нацыянальнага банка, з золатам, і нават гэтага не хопіць.
Вырашаецца гэтая сітуацыя, канешне ж, некалькімі шляхамі. Першы і звыклы шлях — гэта набраць новых крэдытаў, каб пагасіць старыя. Аднак пакуль нам грошай ніхто не дае. Пытанне з крэдытам МВФ дагэтуль «не разруленае». І наўрад ці яно будзе неяк вырашана ў бліжэйшыя месяцы. Нафтагазавы канфлікт з Расіяй ставіць пад вялікі сумнеў і атрыманне танных грошай над нашага «стратэгічнага саюзніка». Відавочна, што ў Расіі самой скончыліся грошы і больш яна фінансаваць «беларускі эканамічны цуд» не будзе — прынамсі, не ў тых аб’ёмах, як гэта рабілася раней.
Можна, канешне, па выслоўі ката Матроскіна, «прадаць што-небудзь непатрэбнае». Аднойчы Беларусь так і зрабіла, прадаўшы «Газпрому» «Белтрансгаз». Аднак зараз справа ў тым, што нашае «што-небудзь непатрэбнае» не патрэбна нікому. У мінулым годзе ў Беларусі не адбылося ні адной здзелкі па прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў. «Не было нават ніводнай прапановы інвестара, за якога мы маглі б зачапіцца», — прызнаўся днямі першы намеснік старшыні Дзяржкаммаёмасці Аляксей Васільеў.
Зараз дзяржава вырашыла трохі змяніць падыходы, і прапанавала інвестарам новую магчымасць: не проста купіць прадпрыемства, а ўкласціся ў яго за кошт дадатковага выпуску акцый. Такая дадатковая эмісіі дазваляе пазбегнуць падвойнага фінансавання праекта. У гэтым спісе зараз 22 арганізацыі, сярод іх, у прыватнасці, — «Гарызонт», «БАТЭ», «Віцязь» і «Гомсельмаш».
Але ў той жа час падыход да гэтай «прыватызацыі» застаецца ранейшым. Прадстаўнік ДКМ завёў старую песню пра галоўнае, кажучы, што Беларусь «гатовая прадаць любое дзяржпрадпрыемства, але зыходзячы з яго рэальнага кошту». «Рэальны кошт» усталёўвае дзяржава, і, па факце, ён атрымліваецца нерэальным. Дагэтуль Сінявокая не можа прадаць МТС, заламіўшы за яго 1 мільярд долараў, у той час як бізнесоўцы ацэньваюць гэты актыў на чвэрць танней.
Застаецца толькі адно — выняць грошы з кішэняў насельніцтва. У мінулым годзе, нагадаю, беларусы прадалі банкам рэкордныя 2 мільярды долараў, і «валютныя заначкі» яшчэ не скончыліся. Пакуль Нацбанк не ўмешваецца ў попыт і прапанову валюты на рынку. Але не выключана, што, паглядзеўшы на свае актывы і запланаваныя выплаты, ён усё ж уключыць друкарскі станок. Каб за надрукаваныя грошы пачаць скупку валюты ў насельніцтва, нарошчваючы ЗВР і набываючы рэсурсы для выплаты па знешнім доўгу.
Зразумела, гэта выкліча падзенне курсу беларускага рубля, які пакуль што свае пазіцыі толькі ўмацоўвае. Аднак люфт для такога падзення ёсць. Згодна з сярэднетэрміновай фінансавай праграмай урада, курс долара на канец 2017 года запланаваны ў 2,21 рубля за долар. Гэта значыць, што рэзерв для падаражання долара — каля 40 капеек. Здавалася б, няшмат. Але ў коштах да дэнамінацыі гэта складае 4000 рублёў, і такое падаражанне заўсёды выклікала дэвальвацыйны ўсплёск.
Праўда, тады пра заробак «усім па 500» давядзецца забыцца, але ж на гэта нам забывацца не ўпершыню.
Дарэчы, такія ідэі ўжо ўзнікаюць. Пару тыдняў таму Пётр Пракаповіч на нарадзе ў Лукашэнкі заікнуўся пра тое, што трэба друкаваць грошы. Маўляў, паслабленне беларускага рубля выгаднае экспарцёрам, якія будуць больш канкурэнтныя на замежных рынках. Але і Нацбанк, і Лукашэнка гэтую ідэю пакуль што адрынулі. Вялікае пытанне — ці надоўга.
І тым не менш, ва ўрадзе сядзяць аптымісты. Прэм’ер Кабякоў агучыў, што ў студзені эканоміка спрацавала горш, чым было запланавана, але ўсё роўна нядрэнна. Спад ВУП склаў усяго 0,5% (разлічвалі, праўда, на 0,4%). І тое толькі таму, што Расія недапаставіла нам нафты — на 0,8 мільёна тон менш, чым было год таму. Але радуе, што пры гэтым тэмп росту прамысловай вытворчасці ў студзені склаў 105,9%, пры гэтым той самы рост паказалі 10 секцый перапрацоўчай прамысловасці з 13.
На гэтым фоне Кабякоў загаварыў і пра выкананне паказчыка «ўсім па 500». Аднак, згодна з канцэпцыяй «дэдаларызацыі», гэта гучала так, што да канца года мы павінны выйсці на 1000 рублёў сярэдняга заробку. «Рост даходаў — толькі ва ўвязцы з ростам прадукцыйнасці працы. Раздачы незаробленых грошай не будзе»,— у чарговы раз падкрэсліў прэм’ер.
Але з аптымізмам Кабякова не пагаджаюцца большасць беларусаў. Паводле апытання, якое правяла ў снежні Беларуская аналітычная майстэрня Андрэя Вардамацкага, эканамічную сітуацыю ў краіне як «дрэнную» ацанілі 55% рэспандэнтаў. Аналагічны спад назіраецца і ў ацэнцы становішча ўласнай сям’і: як «дрэннае» ацэньваюць яго 44,8% апытаных. Пры гэтым найгоршыя ацэнкі даюць людзі актыўнага эканамічнага ўзросту.
Ёсць і яшчэ адзін шлях, дзе ўзяць грошы і на пагашэнне дзярждоўгу, і на заробак у 1000 рублёў. Гэта — рэфармаваць эканоміку, ствараць канкурэнтаздольную на сусветных рынках прадукцыю, нарошчваць экспарт і скарачаць выдаткі на вытворчасць той самай прадукцыі, заняўшыся, урэшце, энергазберажэннем. Але ў нашых варунках гэта шлях доўгі, і, падаецца, з галіны фантастыкі.