Ініцыятыва самаадданага рупліўца

Усе ведаюць, што без грошай цяжка жыць. Але і з грашыма таксама цяжка. Як кажуць, у аднаго суп рэдкі, у другога жэмчуг дробны. І абодва плачуць — што бядняк, што багацей.



luka_gold1.jpg

Грошы — гэта не тэма для мастацкай літаратуры, гэта сюжэтны перпетум мобіле, які струніць інтрыгу твора. Страсці, пачуцці, каханне… Кахаюць і бедныя, і багатыя. І плачуць. Бо, як вызначыла палітэканомія, грошы ёсць асаблівым таварам, за які можна купіць усе іншыя тавары, але самыя вялікія грошы заўсёды абмежаваныя. У якасным сэнсе бясконцыя, яны заканчваюцца ў самы патрэбны момант.

Цяжка беднаму чалавеку, якому вызначана лёсам жыць і памыляцца, як змагацца з гэтым грашовым фетышам? Маралісты лічаць, што нейкае ратаванне дае выхаванне. Прыкладам, дзецям трэба даваць кішэнныя грошы, каб яны вучыліся культурна абыходзіцца з імі.

Бывае і такое, дарослы чалавек літаральна сядзіць на чужых грошах і распараджаецца імі як сваімі. Маем на ўвазе шматгадовага старшыню Нацбанка Пятра Пракаповіча, які аднойчы правёў трайную дэвальвацыю беларускага рубля. З кожнага ўзятага ў пазыку мільёна аддаў сваім крэдыторам толькі 300 тысяч.

Не ведаю, ці памятае спадар Пракаповіч пра той прыкры выпадак, але нашае грашовае пытанне яго зноў турбуе. Аб чым ён сам і распавёў. На яго думку, Расія і Беларусь павінна скарыстацца заходнімі санкцыямі, каб саскочыць з «доларавай іголкі» і перайсці ва ўзаемных разліках на расійскія рублі. Маўляў, калі Расія зробіць правільны крок, каб рэсурсы ў расійскіх рублях «крыху патаннелі», то неабходнасць у доларавых разліках істотна зменшыцца. На думку Пракаповіча, так з’явіцца магчымасць пашырыць узаемаразлікі не толькі ў гандлі нафтай і газам, але і цалкам змяніць сістэму фінансавання.

Атрымліваецца, што для ўзаемаразлікаў у сустрэчным гандлі Беларусь можа перайсці і да аплаты расійскай нафты беларускімі кавунамі і дынямі, якія вырастуць праз год (бо грошы — катэгорыя абстрактная). І (што праўда) гэта ніяк не паўплывае на прыроду долара — універсальнай свабодна канвертаванай валюты (СКВ) свету. Хай Бог дае, каб беларускія кавуны сталі лепшымі, чым астраханскія, але яны не стануць ні СКВ, ні той таварнай экзістэнцыяй, на аснове якой заводзяцца свае нацыянальныя грошы.

Расійскі рубель, у адрозненне ад долара, з’яўляецца «мяккай валютай», якая каціруецца галоўнымі партнёрамі Расіі, якія ў асноўным купляюць сыравіну ў яе. Але разлік робіцца ў сапраўднай СКВ. Некалі савецкі рубель лічыўся «цвёрдай валютай» для краін СЭУ, якія куплялі ў СССР энерганосьбіты за цалкам умоўныя пераводныя рублі. За савецкую СКВ, з якой улічвалася колькасць выкарыстанай сацлагерам нафты і колькасць пастаўленага ў СССР харчавання і прамысловага шырспажыву. Ад такога братэрскага (на самай справе, бартэрнага) гандлю валюты ніколі не было ні ў Варшаве, ні ў Маскве. Таму савецкія рублі пачалі лічыцца «драўлянымі» , «рэзанай паперай».

Зразумела, што з эканомікі, калі ёсць улада, можна зрабіць што заўгодна, і нават нешта людскае. Але справа ў тым, што эканамічнае супрацоўніцтва нашых краін нераўнапраўнае. Калі Расія робіць зніжкі Беларусі, яна тым самым патрабуе сабе і частку яе паўнамоцтваў. А сваімі паўнамоцтвамі яна не з кім дзеліцца.

Цывілізаванаму свету, які насамрэч «падсеў на рускую нафтагазавую іголку», даўно надакучылі шэкспіраўскія страсці, якія Пуцін спрабуе рэалізаваць у выключна гаспадарчых абставінах. І вывесці яго з гульні вельмі проста. Дастаткова выключыць расійскі рубель з сусветнага фінансавага звароту і пачакаць, пакуль ён не сканае.

Асобныя еўрапейскія палітыкі-радыкалы лічаць такую санкцыю саспелай і слушнай. І я добра ведаю, што адчуе Беларусь, калі рэалізуецца ініцыятыва яе самаадданага рупліўца Пракаповіча.