Экс-кіраўнік Нацбанка: «Дзяржава можа прыняць рашэнне не выдаваць валюту і грошы з рахункаў укладчыкаў»
Нацыянальны банк Беларусі 12 сакавіка пакінуў стаўку рэфінансавання і працэнтныя стаўкі па аперацыях рэгулявання ліквіднасці на ўзроўні 7,75%. Аднак гадавая інфляцыя ўжо ў мінулым месяцы дасягнула 8,7%.
Пра прычыны і наступствы такога рашэння Беларуская праўда пагутарыла з былым кіраўніком Нацбанка Станіславам Багданкевічам.
— Нацыянальны банк не выконвае тыя функцыі, якія на яго ўскладзеныя дзяржавай. Гэта значыць, функцыі забеспячэння ўстойлівасці нацыянальнай валюты, стабільнасці валюты, захаванасці назапашванняў грамадзян, прадпрыемстваў, дзяржавы. Нацыянальны банк з улікам стану эканомікі, на падставе разлікаў павінен рэгуляваць стаўку рэфінансавання. Гэта яго задача.
— Да якіх наступстваў можа прывесці рашэнне рэгулятара?
— Да паглыблення нестабільнасці. Ва ўмовах росту эканомікі такое рашэнне на кароткатэрміновы перыяд было б больш-менш прымальным, але ва ўмовах стагнацыі эканомікі гэта прывядзе да больш хуткай дэвальвацыі, інфляцыі — да пагаршэння сітуацыі.
На стан грашовага рынку ўплывае мноства фактараў, стаўка рэфінансавання-толькі адзін з іх. Стаўка рэфінансавання — гэта арыенцір для стаўкі па крэдытах, стаўкі па дэпазітах. Але арыенцір не абгрунтаваны, таму магчымыя хістанні, усе рынкавыя працэсы могуць запавольвацца на нейкі час. Але ў любым выпадку трэба чакаць абвалу ў далейшым.
— Людзі могуць пабегчы за сваімі ўкладамі ў банкі?
— (Смяяцца). Яны і так ужо пабеглі: валютныя ўклады зменшыліся на 2-3 мільярды долараў. Сёння адбываецца вялікае зніжэнне рэшткаў укладаў у банках. Людзі адчуваюць неспрыяльную сітуацыю, што дзяржава ва ўмовах крызісу можа і абмежаваць выдачу сродкаў з банкаўскіх рахункаў уласнікам. Калі эканоміка працягне падзенне, дзяржава можа прыняць рашэнне часова не выдаваць валюту і грошы з рахункаў ўкладчыкаў.
— Многія лічаць, што ўлады ўключылі друкавальны станок. Ці сапраўды так?
— Я ў большай ступені давяраю ўсё-ткі статыстыцы: рост шырокай грашовай масы ў гэтым годзе пакуль не набраў вялікія тэмпы, грашовая маса расце павольна. Паглядзім далей. Звычайна пры росце грашовай масы паглыбляецца працэс інфляцыі: гадавая інфляцыя ў мінулым месяцы склала 8,7%, а грашовая маса вырасла да 6-6,5% — у мінулым годзе яна расла больш хуткімі тэмпамі.
Сітуацыю трэба разглядаць у комплексе. Калі пачнецца абвал эканомікі, то абваліцца і сітуацыя на грашовым рынку.
— У Нацбанку бо разумеюць усе рызыкі прынятага рашэння. Чаму тады пайшлі на такі крок?
— Таму што ў нас Нацбанк кіруецца з беларускага Крамля, з адміністрацыі Лукашэнкі. Відавочна, Калаўр не ідзе на абвастрэнне, а спрабуе ўседзець на сваёй пасадзе, як я разумею. Нацбанк абавязаны быў падвышаць стаўку рэфінансавання як мінімум да 10%. А калі б хацеў рэгуляваць валютны курс, то абавязаны быў бы стаўку рэфінансавання нават падвоіць, а пры стабілізацыі сітуацыі зніжаў бы яе. Нацбанк перастаў выкарыстоўваць стаўку рэфінансавання як інструмент стабільнасці на грашовым рынку. Мабыць, задзейнічае іншыя механізмы: умешваецца ў працэнтную палітыку камерцыйных банкаў, куды не варта было б залазіць, умешваецца ў працэнтную палітыку па дэпазітах, асабліва ў замежнай валюце… Мы ж бачым, што стаўкі па доларавых дэпазітах трымаюцца на ўзроўні 2,3% максімум. Менавіта таму і адбываецца велізарны адток валюты з банкаў — стаўка відавочна павінна быць вышэй.