Эканоміка «без паліва»

Ад 5 траўня паліва на беларускіх АЗС падаражэла на 2 капейкі. Гэта была б шараговая навіна для ранейшай Беларусі, але цяпер такая стандартная, падавалася б, працэдура, грае новымі фарбамі. Бо для падаражэння, падавалася б, няма ніякіх падстаў.

2hkofio3qda.jpg

І справа не ў тых дзвюх капейках, на якія адбылося чарговае падаражэнне. Ужо неаднаразова пісалі, што такія спосабы падвышэння цаны на справе даюць прырост коштаў прыкладна на 20% на год (дарэчы, мінулае падаражэнне на 2 капейкі было ўсяго 26 красавіка). А справа ў тым, што беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы, насамрэч, забітыя бензінам «пад завязку». Месяц таму прэм’ер Галоўчанка казаў, што беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы з-за санкцый «пераарыентуюцца на ўнутраны рынак» і перапрацоўваюць нафты ў два разы менш за ранейшыя аб’ёмы, таму што прадукцыю няма куды прадаваць. А калі ў прадпрыемстваў лішак прадукцыі, то цэны на яе, па ўсёй нармальнай логіцы, павінны зніжацца, а не расці.

У нас жа — наадварот, таму што логіка не вельмі нармальная. Таму што вельмі патрэбныя грошы, і іх узяць няма дзе, акрамя як у кішэнях грамадзян.

Увогуле, сітуацыю ў краіне наш прэм’ер 1 траўня ахарактарызаваў словамі: «Таму, ну такая вось…» А дакладней, каб нас не абвінавацілі ў «вырыванні словаў з кантэксту», ён распавёў пра чатырохгадзінную нараду з кіраўнікамі абласцей. «Ну як заўсёды, ведаеце, у рэгіёнах у кагосьці свой боль, камусьці не хапае, можа, паліва, камусьці — угнаенняў, камусьці там тэхніку трэба дапамагчы адрамантаваць. Таму, ну такая вось…», — кажа прэм’ер.

Пра тое, што «камусьці не хапае паліва», мы напісалі вышэй. Што тычыцца ўгнаенняў, то «Беларуськалій» рэгулярна спыняецца на «планавы рамонт» з-за праблемаў са збытам, «Гродна-Азот», па ранейшых словах самога Галоўчанкі, «цалкам загружаны для пастаўкі ўгнаенняў на ўнутраны рынак», а экспартныя пастаўкі будуць «ажыццяўляцца кропкава для адпрацоўкі лагістыкі і праходжання плацяжоў». Хранічна стратны «Гомсельмаш» у нармальнай сістэме каардынатаў схапіўся б за любую магчымасць адрамантаваць тэхніку, абы вылезці з даўгоў… Дык чаму ж у нас у адным месцы — лішак прадукцыі, а ў другім месцы гэтай прадукцыі не хапае?

Напэўна, таму, што справа не ў паліве альбо ўгнаеннях. Справа ў грошах. У прадпрыемстваў проста няма «залатога запасу», каб набыць тыя самыя ўгнаенні і паліва, разлічыцца за рамонт тэхнікі, — нягледзячы на тое, што на пасяўную ў нас выдаткавалі ў гэтым годзе больш за мільярд долараў (2,82 млрд рублёў пры курсе на 4 траўня ў 2,6 рублёў за долар). А, як казаў эканаміст Леў Марголін, грошы — гэта «паліва эканомікі», і калі іх не хапае, гэта ўсё роўна, што ў машыне не хапае паліва. І хай «тачка» хоць тысячу разоў найкруцейшая, без бензіну яна ператвараецца проста ў высокатэхналагічны кавалак жалеза.

Праблемы з грашыма відавочныя, калі паглядзець зводку навінаў з банкаўскага «фронту».

«Белаграпрамбанк» паведамляе аб прыпыненні грашовых пераводаў у доларах і еўра праз міжнародную сістэму «Залатая Карона», а па картах Visa «па тэхнічных прычынах» недаступныя расходныя аперацыі ў валюце: кліенты могуць расплаціцца толькі ў расійскіх і беларускіх рублях.

Беларускі «Альфа-Банк» з 5 траўня адключыў карты Visa і Mastercard: яны перасталі працаваць за мяжой.

«Банк Дабрабыт» папярэдзіў кліентаў-фізічных асоб аб прыпыненні выпуску і перавыпуску з новым тэрмінам дзеяння картак да рахункаў у замежнай валюце.

«Парытэтбанк» з 29 красавіка ўвёў абмежаванне на зняцце наяўных у банкаматах па картках замежных банкаў.

«Банк Рашэнне» з 29 красавіка павялічыў да 5% камісію за выдачу ў сваіх банкаматах наяўных па картках замежных банкаў.

«Беларусбанк» 26 красавіка ўвёў забарону на пераводы з-за мяжы на рублёвыя карткі міжнародных плацежных сістэм Visa і Mastercard.

«Прыёрбанк» з 29 красавіка перастаў падтрымліваць сэрвіс пераводаў беларускіх рублёў з плацежных картак замежных банкаў на свае карткі Visa і Mastercard.

Фактычна можна сказаць пра тое, што напярэдадні доўгіх выходных і адразу пасля іх адбываецца пэўная «паўночнакарэізацыя» беларускага банкаўскага сектару. Можна выказаць здагадку, што такія ледзь не аднамомантавыя абмежаванні выкліканыя нейкай дырэктывай па спыненні «напампоўкі» беларускай эканомікі грашыма, што вядзе да інфляцыі. Цікава, што гэта адбываецца пасля заяваў Лукашэнкі пра выплаты замежным крэдыторам беларускімі рублямі. Падаецца, ён вырашыў «спіхнуць» залішнюю грашовую масу замежнікам, і не дапусціць яе вяртання ў РБ.

Карацей, не трэба быць экспертам, каб адчуваць, што ў нас «нешта ідзе не так».

І няма ніякага спадзеву на тое, што так званы «эканамічны блок» Беларусі хаця б усведамляе, што «нешта ідзе не так». Яны працягваюць жыць у сваёй інфармацыйнай бурбалцы, калі ў іх свядомасці адсякаецца ўсё, што не ўпісваецца ў зададзеныя рамкі іх уяўленняў пра рэальнасць. Не верыце?

5 траўня той жа Галоўчанка выклікаў да сябе кіраўніцтва Мінпраму і Беларускага металургічнага завода, каб абмеркаваць, што можна зрабіць для прадпрыемства. «ААТ БМЗ, працу якога сёння разглядаем, працуе ў цэлым устойліва, у тым ліку дзякуючы аказанай летась істотнай падтрымцы дзяржавы. Аб'ёмы вытворчасці, экспарту знаходзяцца на дастатковым узроўні, запасы гатовай прадукцыі невысокія, маецца чысты прыбытак у прадпрыемства», — сказаў Галоўчанка.

Згодна інфармацыі, змешчанай на Адзіным партале фінансавага рынку, у 2021 годзе прадпрыемства сапраўды паказала чысты прыбытак. Ён склаў цэлых 54 тысячы рублёў пры даўгах прадпрыемства ў 1 мільярд 170 мільёнаў рублёў.

БМЗ настолькі «працуе ў цэлым устойліва», што пры захаванні «ўстойлівасці» у 54 тысячы прыбытку на год на выплату пазыкаў яму спатрэбіцца 22 тысячы гадоў!

А ў першым квартале гэтага года БМЗ паказаў чыстыя страты — у 94 тысячы рублёў.

Галоўчанка гэтага не ведае? Ці не хоча ведаць?