Эканаміст: Пагрозы дэвальвацыі беларускага рубля нарастаюць

Жаданне ўлады штурхаць эканоміку ўсё больш супярэчыць эканамічнай рэальнасці.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук распавядае «Свабодзе», ці існуюць пагрозы дэвальвацыі нацыянальнай валюты, расказвае, чаму беларускі экспарт дасягнуў сваёй «столі», і называе галоўную на сёньня праблему беларускіх прадпрыемстваў.

— Апошнія тыдні ўсё часьцей сталі гучаць думкі эканамістаў, што ў недалёкай будучыні можна чакаць падзеньне курсу беларускага рубля. Якія ёсьць падставы меркаваць, што стабільнасьць рубля зараз знаходзіцца пад пэўнай пагрозай? Ці ёсьць стратэгічныя альбо кароткачасовыя прычыны для дэвальвацыі нацыянальнай валюты?

— Кароткі адказ — так. Такія пагрозы ёсьць, і яны істотныя і абгрунтаваныя. І гэта не навіна апошніх тыдняў, бо такая тэндэнцыя праяўляецца з канца мінулага, 2023 году.

Самы галоўны чыньнік — гэта стан беларускага замежнага гандлю. Калі гаварыць пра экспарт, то можна лічыць, што ён дасягнуў сваёй столі. З аднаго боку, вытворчых магутнасьцяў для павелічэньня экспарту амаль няма (нават там, дзе ёсьць попыт на беларускую прадукцыю). З другога боку, у шэрагу галін якраз ёсьць вялікія праблемы з попытам і канкурэнтнасьцю.

У прыватнасьці, калі мы кажам пра расейскі рынак, — шмат хто адзначае, што там істотна павялічылася канкурэнцыя з кітайскімі вытворцамі, якія ўсё больш актыўна заходзяць у тыя сэгмэнты, дзе прадаюцца беларускія тавары, напрыклад машынабудаваньне.

Вельмі важна і тое, што на расейскім рынку зьнікла тая вельмі спрыяльная цэнавая каньюнктура, якая мела штучны характар, але існавала цягам другой паловы 2022-га — першай паловы 2023 году. Мы неаднаразова казалі, што гэта не натуральны і не трывалы эфэкт, так і атрымалася.

Такім чынам, экспарт далей расьці ня можа, цэнавая каньюнктура пагоршылася. З імпартам наадварот. Паколькі ўлады стымулююць унутраны попыт, заробкі растуць, і, адпаведна, расьце спажываньне імпарту. У выніку 2023 году сальда замежнага гандлю таварамі і паслугамі наблізілася да нуля. У той час як у 2021-2022 гадах быў вялікі прафіцыт гандлю.

Цяпер Беларусь, відавочна, пераходзіць у этап дэфіцыту замежнага гандлю. Крыніц замежнага фінансаваньня на сёньня амаль няма — толькі Расея, калі пажадае нешта падкінуць. Адпаведна, у распараджэньні застаецца адзін інструмэнт — паступовая дэвальвацыя. Гэта зусім не азначае, што яна будзе рэзкая і аднамомантная. Проста ціск на беларускі рубель паступова ўзрастае.


Глядзіце таксама

— Калі мы гаворым пра экспарт у Расею, то хіба ня можа Лукашэнка, як нярэдка гэта рабіў, падключыць палітычныя рычагі і запатрабаваць ад Расеі купляць менавіта беларускую прадукцыю, увесьці нейкія квоты для яе?

— З той публічнай інфармацыі, якая нам вядомая, можна зрабіць выснову, што большасьць такіх інструмэнтаў Менск ужо выкарыстаў па максымуме. Далей тут ужо няма куды рухацца.

— Калі зьяўляецца дэфіцыт замежнага гандлю, то ўлады маюць спакусу пачаць друкаваць грошы. Ці ёсьць нейкія зьвесткі аб гэтым?

— Улады ствараюць розныя штучныя манэтарныя стымулы — зьніжаюць працэнтныя стаўкі, банкі павялічваюць крэдытныя прапановы, грошы напампоўваюцца праз інвэстыцыйныя праекты. Усё гэта адбіваецца і на цэнах, і ў канчатковым выпадку на курсе рубля.

Улады могуць паспрабаваць кампэнсаваць гэта адміністрацыйным кіраваньнем (абмежаваньнем) імпарту. Мы ў эканамічнай гісторыі Беларусі гэта ўжо неаднаразова праходзілі. Прадпрыемствам загадваюць імпартнае абсталяваньне ў розных інвэстыцыйных праектах замяніць на айчыннае і гэтак далей.

— Фэномэнам 2023 году таксама быў даволі вялікі рост даходаў насельніцтва. За кошт чаго гэта забясьпечвалася калі рост эканомікі быў значна меншы за рост даходаў?

— Адваротным бокам гэтага мэдаля зьяўляецца пагаршэньне фінансавага стану прадпрыемстваў. Нярэдка кампаніі, як дзяржаўныя, так і прыватныя, вымушаныя былі ісьці на падвышэньне заробку, бо проста не было б каму працаваць, і пагаршалі свае фінансавыя паказчыкі.

Недзе паўплывала і дзяржаўнае цэнавае рэгуляваньне. Кепскі фінансавы стан прадпрыемстваў — гэта на сёньняшні момант праблемны пункт нумар адзін. Галоўных непрыемнасьцяў варта чакаць менавіта з гэтага боку.

І гэта адзін з аргумэнтаў, чаму варта чакаць паслабленьня цэнавага ўрэгуляваньня, то бок павялічэньня інфляцыі. А гэта дадатковы штуршок для аслабленьня рубля.


Глядзіце таксама

— Лукашэнка на апошняй нарадзе зноў нядобрым словам згадаў сумнавядомую мадэрнізацыю дрэваапрацоўчай галіны. Ці можна сказаць, што новых спробаў «мадэрнізацыі» нейкай прамысловай сфэры пакуль можна не чакаць?

— Стварыць такую ілюзію, пусьціць пыл у вочы — гэта магчыма. Плян так званага «інвэстыцыйнага штуршка» на гэтым і заснаваны. Шмат у чым, базуючыся на ім, мае месца пэўная актывізацыя інвэстыцыяў. Ці захочуць улады яго разьвіваць, улічваючы праблемы, пра якія я расказаў, — вялікае пытаньне.

Бо існуюць відавочныя для ўсіх назапашаныя дыспрапорцыі, якія пагражаюць і цэнавым ростам, і дэвальвацыяй. А зь іншага боку — палітычная задача: забясьпечыць рост 3,8 працэнта. Што тут пераможа, цяжка сказаць. Але відавочна, што жаданьне штурхаць эканоміку ўсё больш супярэчыць эканамічнай рэальнасьці.