Бюджэт-2017: На што выдаткуюць у наступным годзе грошы падаткаплацельшчыкаў
Учора Нацыянальны прававы партал апублікаваў закон «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год». Ён быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 5 кастрычніка 2016 года і ўхвалены Саветам Рэспублікі на наступны дзень.
Выдаткі паводле галоўнага фінансавага дакумента краіны запланаваны ў суме 16 739 090 345 рублёў. На што ж менавіта пойдуць гэтыя грошы, якія бяруцца ў асноўным у выглядзе падаткаў з нашай кішэні?
З гэтых 16,7 млрд самая вялікая доля — 7,3 млрд — сыдзе на графу з назвай «Агульнадзяржаўная дзейнасць».
Тут да 3,8 млрд адправяцца на міжбюджэтныя трансферты — пераводы бюджэтам iншых узроўняў (3,1 млрд) і пазабюджэтным дзяржфондам (0,7 млрд).
Яшчэ 2,5 млрд выдзелена на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу, у тым ліку 1,7 млрд — на аплату знешняга.
Наступныя 531 млн прызначаныя для дзяржорганаў агульнага прызначэння. Самая вялікая сума — 247 млн —- фінансавых і падатковых.
На міжнародную дзейнасць пойдзе 302 млн. Напрыклад, на адкрыццё і ўтрыманне дыппрадстаўніцтваў і консульстваў у іншых краінах — 166 млн.
На рэзервовыя фонды будзе выдаткавана 161 млн, дзяржаўны матэрыяльны рэзерв — 100 млн, фундаментальныя навуковыя даследаванні — 95 мільёнаў і гэтак далей.
На графу «Нацыянальная эканоміка» распісана 2,7 млрд рублёў.
Тут больш за ўсё грошай — 766 млн — асігнавана для прамысловасці і архітэктуры. Сельскай гаспадарцы і рыбагаспадарчай дзейнасці «перапала» 720 млн, дарожнай гаспадарцы — 608 млн, паліву і энергетыцы — 334 млн.
Лясная гаспадарка зарэзервавала за сабой 168 млн, прыкладныя даследаванні ў галіне нацыянальнай эканомікі — 41,6 млн, а сувязь — 7,4 млн.
Маёмасныя адносіны, картаграфія і геадэзія атрымаюць 23,5 млн, гідраметэаралогія — 12 млн, гандаль — 6 млн, турызм — 2 млн і гэтак далей.
Больш за 1,8 млрд плануецца выдаткаваць на графу «Сацыяльная палітыка».
Тут лідзіруюць выдаткі на пенсійнае забеспячэнне — 766 млн. Услед за імі дапамога сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей — 458 млн, і дапамога ў забеспячэнні жыллём — 397 млн.
На дзяржаўную моладзевую палітыку вызначана выдаткаваць 6,4 млн, на сацабарону — 4,6 млн.
Яшчэ 194 млн пазначаныя як «іншыя пытанні ў галіне сацыяльнай палітыкі».
Наступная па аб'ёмах расходаў графа — «Судовая ўлада, праваахоўная дзейнасць і забеспячэнне бяспекі». Сюды мяркуецца аддаць крыху менш за за 1,8 млрд рублёў.
Больш за ўсё атрымаюць органы ўнутраных спраў — 673 млн, далей ідуць органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях — 195 млн, крымінальна-выканаўчая сістэма — 168 млн.
Памежная служба «адказная» за 161 млн, органы дзяржбяспекі — 130 млн, мытня — 100 млн, органы судовай улады — 93,8 млн, пракуратура — 49,7 млн.
Невялікія 1,5 млн вылучаныя для папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, да 1 млн — на прыкладныя даследаванні ў праваахоўнай сферы.
Яшчэ 200 млн размеркаваны на рашэнне «іншых пытанняў» у гэтай жа вобласці.
Графа «Нацыянальная абарона» ўзяла на сябе 924 мільёнаў рублёў. З іх на абарону і ўзброеныя сілы будзе выдаткаваны 861 млн, а на мабілізацыйную падрыхтоўку і мабілізацыю — 50,5 млн.
На графу «Ахова здароўя» адпушчана 879 мільёнаў рублёў. З іх на меддапамогу насельніцтву — 424 млн, прыкладныя даследаванні ў галіне аховы здароўя — 14,4 млн, дзяржсаннагляд — 4,8 млн. Ільвіная ж доля выдаткаў лічыцца пад пунктам «іншыя пытанні».
Графа «Адукацыя» «пацягнула» на 808 млн. З іх вышэйшую і адукацыю пасля ВНУ — 612 млн.
Агульная сярэдняя адукацыя адкусіла кавалачак больш сціплы — 46,6 млн, дадатковая адукацыя дарослых — 40,7 млн, дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі — 6 млн.
Дашкольнай адукацыі дасталіся 4,5 млн, прыкладным даследаванням у галіне адукацыі — 4 млн, прафесійна-тэхнічнай адукацыі — 3,4.
На «іншыя пытанні» сыдзе 24,4 млн.
У графе «Фізкультура, спорт, культура і СМІ» апынулася лічба ў 376 мільёнаў рублёў.
Фізкультура і спорт маюць долю у 186 млн, з іх першая — 111 млн, другі — 68,1 млн, «іншыя пытанні» — 6,7 млн.
СМІ ў цэлым возьмуць на сябе 97,7 млн. Тэлебачанне і радыёвяшчанне — 80,5 млн, перыядычны друк і выдавецтвы — 7 млн. «Іншыя пытанні» - 10 млн.
Культура атрымала 90,2 млн. З іх, напрыклад, кінематаграфія — 8,8 млн.
Далей — графа «Ахова навакольнага асяроддзя». Нашым «зялёным» трэба будзе ў наступным годзе «шыкаваць» на 75,2 млн рублёў.
І нарэшце, апошняя па аб'ёме прадугледжаных сродкаў графа бюджэту — «Жыллёва-камунальныя паслугі і жыллёвае будаўніцтва» — 13,4 мільёнаў рублёў. Уласна ЖКГ — 6,9 млн, добраўпарадкаванне населеных пунктаў — 670 тысяч, «іншыя пытанні» — 5,7 млн.
Паводле myfin.by