Беларуская калійная кампанія абвінавачвае расійскія СМІ ў неаб'ектыўным асвятленні яе дзейнасці
Беларуская калійная кампанія 28 студзеня выступіла з заявай, у якой абвінаваціла расійскія СМІ ў неаб'ектыўным асвятленні яе дзейнасці.
Са жніўня 2013 года БКК знаходзіцца "на новым этапе свайго развіцця, яе мэтай з'яўляецца незалежнае прасоўванне беларускіх калійных угнаенняў на знешніх рынках". Распачаты
дзеянні "па аптымізацыі дзейнасці замежных прадстаўніцтваў і даччыных кампаній, стварэнне гнуткай сістэмы паставак прадукцыі як балкернымі судамі, так і кантэйнернымі лініямі, актывізацыя
працы рэгіянальных складоў", дазволілі ў чацвёртым квартале максімальна "аптымізаваць пастаўкі ва ўсе рэгіёны свету". Па выніках кастрычніка—снежня 2013 года
экспартавана больш як 1,2 млн. тон калійных угнаенняў, што больш чым на 10% перавысіла аб'ёмы экспарту адпаведнага перыяду 2012 года. У агульнай складанасці ў 2013 годзе было экспартавана 5,7
млн. тон калію, адзначае БКК.
У той жа час "на працягу апошніх месяцаў у некаторых расійскіх СМІ перыядычна з'яўляецца скажоная інфармацыя пра дзейнасць Беларускай калійнай кампаніі, якая носіць яўна спекулятыўны і
"заказны" характар". "Заяўленыя "невядомымі крыніцамі" правакацыйныя меркаванні пра ўтойванне кампаніяй рэальнай сітуацыі з продажам угнаенняў, што
робяцца выключна на вырваных з кантэксту даных асобнай партовай статыстыкі, не ўлічваюць адгрузак прадукцыі кантэйнерным спосабам, чыгуначных паставак, а таксама продажу прадукцыі з рэгіянальных
складоў. — падкрэслівае БКК. — Акрамя гэтага, неабходна адзначыць, што, паведамляючы пра свае вынікі, мы гаворым пра рэальны продаж, без уліку аб'ёмаў вывазных для наступнага
продажу з рэгіянальных складоў".
Такія публікацыі "заснаваныя на ўрывачных даных са спасылкай на безыменных экспертаў і маюць сваёй мэтай нанясенне ўрону дзелавой рэпутацыі БКК".
У пачатку верасня Аляксандр Лукашэнка стварыў новую кампанію па збыце калійных угнаенняў — ААТ "Беларуская калійная кампанія". Яна была заклікана замяніць ЗАТ
"Беларуская калійная кампанія", з якой адмовіўся працаваць "Уралкалій". Указ аб утварэнні ААТ "БКК" быў падпісаны неўзабаве пасля арышту ў Мінску
генеральнага дырэктара "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера.
БелаПАН