Апытанне SATIO: Бізнесу трэба развязанне палітычнага крызісу
50 працэнтаў беларускіх бізнесменаў бачыць рашэнне сваіх праблем у развязанні палітычнага крызісу ў краіне.
Пра гэта сведчаць дадзеныя, атрыманыя ў ходзе даследавання, праведзенага маркетынгавай кампаніяй SATIO. У яго рамках былі апытаныя топ-менеджары 420 беларускіх кампаній, у тым ліку і дзяржаўных. Вынікі апытання былі прэзентаваныя ў ходзе анлайн-канферэнцыі, паведамляе Thinktanks.by.
Топ-менеджарам было прапанавана адказаць на пытанне: «Якія дзеянні дзяржавы, на вашую думку, дапамогуць у найбольшай ступені менавіта вашай кампаніі?»
50% рэспандэнтаў сказала, што гэта — развязанне палітычнага крызісу.
Прычым, прадстаўнікі кампаній, занятых аптовым гандлем, і кампаній з Мінска і Мінскага раёна часцей за іншых сцвярджалі, што менавіта гэта вырашыць праблемы бізнесу — 90% і 77% адпаведна.
На другім месцы па папулярнасці варыянт — растэрміноўка, зніжэнне падатковых плацяжоў. У гэтым перакананыя 34% рэспандэнтаў. Прычым прадстаўнікі кампаній з выручкай 200-500 тысяч рублёў у год часцей за іншых лічаць, што растэрміноўка/зніжэнне падатковых плацяжоў дапаможа бізнэсу пераадолець крызіс (49%).
Трэці па папулярнасці адказ — растэрміноўка ці зніжэнне унёскаў у ФСАН. Так лічыць 25% апытаных.
Таксама папулярнымі апынуліся адказы «доступ да фінансавых рэсурсаў» (24%) і «растэрміноўка, зніжэнне арэнды і камунальных плацяжоў» (17%).