Марголін: правядзенне ЧС па хакеі ў Мінску стане для ўлады больш моцным ударам, чым яго перанос

Сам факт правядзення чэмпіянату стане трыгерам узмацнення пратэстаў Пра гэта ў інтэрв’ю «Беларускаму партызану» заявіў чалец палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін.

c7a5321eacd6c1675d1eb7594b6b71ce.jpg


— Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) Рэнэ Фазель мае намер у студзені абмеркаваць з Лукашэнкам правядзенне ЧС-2021. Якія шанцы на тое, што гэты чэмпіянат усё ж пройдзе ў Мінску ў траўні наступнага года?

— На сёння, я лічу, шанцы складаюць 50 на 50. Ёсць моцны ціск звонку, ціск знутры самой ІІХФ з патрабаваннем перанесці чэмпіянат. Але сам Рэнэ Фазель не настроены нешта мяняць.

Ён наогул чалавек кансерватыўны і пакуль не пераканаецца, што правядзенне чэмпіянату ў Мінску не мэтазгодна не толькі з палітычных меркаванняў, але і з меркаванняў бяспекі, што немагчыма будзе гарантаваць бяспеку ні гледачам, ні спартсменам, ад сваёй ідэі не адмовіцца.

— Чаму Фазель усё яшчэ хоча правесці чэмпіянат у Мінску? Сітуацыя ў краіне дзікая, прадстаўнікі некаторых зборных заявілі, што супраць правядзення турніру ў Беларусі пры дзеючай уладзе…

— Зборным проста выказвацца на гэтую тэму, ім усё роўна, куды купляць квіткі: у Мінск, Рыгу, Маскву. А вось Міжнароднай федэрацыі складана арганізоўваць такое грувасткае мерапрыемства з дзясяткамі каманд, сотнямі ўдзельнікамі, тысячамі гледачоў. Трэба вырашыць шмат лагістычных праблем. Таму Рэнэ Фазелю, вядома, не хацелася б ламаць усё на корані, ставіць крыж на праведзенай працы.

— Ці выйграюць ці ўлады ад правядзення Чэмпіянату свету ў Мінску ў сітуацыі палітычнага крызісу?

— Пакуль яны цвёрда маюць намер правесці чэмпіянат, думаюць, як вырашыць узніклую сітуацыю, а ўжо далей маюць намер разбірацца па меры ўзнікнення праблем.

Але я даўно ўжо кажу: зараз ва ўлады няма адназначна добрых рашэнняў. Любое рашэнне па ўзніклай праблеме тут жа стварае дзясяткі новых праблем. І часцяком незразумела: прынятае рашэнне адыграла ў плюс або мінус.

На самай справе правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску стане для ўлады больш моцным ударам, чым яго перанос.

Па-першае, паўстане рызыка, што многія зборныя могуць турнір проста байкатаваць — з тых жа меркаванняў бяспекі. У гісторыі спартыўнага руху такое здаралася ўжо не раз.

Па-другое, паўстане праблема перад сілавікамі. Таму што, прабачце, ні на гульцах па-за лядовай пляцоўкай, ні на гледачах не напісана, што яны з’яўляюцца гасцямі чэмпіянату свету.

Мы ўжо былі сведкамі, калі замежнікаў затрымлівалі ні за што падчас пратэстных акцый. Гэта можа паўторыцца ў вялікім маштабе — калі іх не давязуць да Акрэсціна, то да райаддзелаў міліцыі давязуць дакладна.

Па-трэцяе, сам факт правядзення чэмпіянату будзе трыгерам узмацнення пратэстаў — у гэтым няма ніякіх сумневаў.

Для даведкі: АГП у 2014-м годзе таксама спрабавала пераканаць міжнародныя структуры, што ЧС па хакеі ў Беларусі праводзіць не варта. А потым выкарыстала яго правядзенне для асвятлення палітычнай сітуацыі ў краіне замежнымі СМІ.