Алесь Аляхновіч: Улады робяць сістэмныя хібы ў прагнозах

За пяцігодку валавы ўнутраны прадукт Беларусі меў вырасці на 65 % а вырасла ўсяго на 6, піша ў артыкуле ў выданні BelarusDigest віцэ-старшыня Цэнтра сацыяльных і эканамічных даследаванняў CASE Belarus Алесь Аляхновіч.



aliachnovich_ales_.jpg

Эканамічныя прагнозы ў Беларусі — хранічна ня спраўджваюцца і гэта ўплывае таксама і на агульны стан беларускай гаспадаркі адзначае Алесь Аляхновіч.

 — Калі планавалася гэтая пяцігодка, то бок 2011-2015 гг., улады ўсё яшчэ памяталі даволі добра нулявыя гады, калі эканоміка развівалася вельмі высокімі тэмпамі нават на фоне іншых краін ва ўсім свеце, не толькі ў нашым рэгіёне, адзначае  Алесь Аляхновіч. — Нягледзячы на тое, што ў той час у свеце ўжо працягваўся глабальны  фінансавы крызіс, улады прагназавалі дадзеныя на пяцігодку прыкладна такія, якія яны былі за папярэднія пяць гадоў, таму яны былі такія высокія паводле плана, а ў рэчаіснасці яны вельмі моцна размінуліся.

— Наколькі ўплыў сусветнага крызісу, палітычнага крызісу ва Усходняй Еўропе ў тым, што планы разышліся? Ці ўсё ж тут таксама спецыфіка камандна-адміністрацыйнай эканомікі, якой часткова з’яўляецца беларуская эканоміка?

— Праблема з прагназаваннем, не толькі з прагназаваннем у доўгай перспектыве на 5–10 гадоў, а з прагназаваннем нават на бліжэйшы год. Штогод беларускія ўлады, урад на патрэбы бюджэту прагназуе эканамічную сітуацыю на наступны год. І калі паглядзець, якія былі прагнозы, як развівалася эканоміка ў рэчаіснасці, то можна заўважыць , што беларускія ўлады зрабілі сістэмныя хібы. Сістэмныя хібы — гэта азначае, што можна выбраць нейкі перыяд — некалькі гадоў, калі ўлады ўвесь час недаацэньваюць развіццё эканомікі альбо пераацэньваюць развіццё эканомікі.

Вось, напрыклад, у Беларусі можна адзначыць два перыяды — з 2000 па 2006 год улады недаацэньвалі эканамічнае развіццё. Прыкладна на 1/4 прагнозаў эканоміка развівалася хутчэй — гэта было першая палова нулявых гадоў. Потым у 2009–2015 годзе беларускія ўлады недаацэньвалі эканамічнае развіццё прыкладна на 3/4 . Яны прагназавалі, што эканоміка вырасце на 10%, напрыклад, а эканоміка ў рэчаіснасці развівалася на 2,5%. То бок можна сказаць, што ўлады робяць сістэмныя хібы ў сваіх прагнозах і гэта ўжо аснова для таго, каб сцвярджаць, што ёсць метадалагічныя праблемы з прагназаваннем у Беларусі.

Да прыкладу ў іншых краінах з рынкавай эканомікай, напрыклад, у Польшчы такіх сістэмных хібаў ні ўрадавыя, ні пазаўрадавыя эканамісты звычайна не робяць. Цяжка паверыць у тое, што неадукаваныя людзі робяць прагнозы.

Праблема не ў саміх эканамістах альбо прынамсі гэта не асноўныя праблемы, я ў сваім артыкуле даю некалькі прычынаў. Першая, самая галоўная, гэта тое, што мы маем квазісацыялістычную эканоміку, эканоміку ў якой 70% нашай прадукцыі вырабляецца на дзяржаўных прадпрыемствах — што гэта азначае? Што ўлады маюць большы ўплыў на эканоміку, чым у рынкавых эканоміках — гэта азначае, што ўлады могуць паводзіць сябе нерацыянальна.

Перад выбарамі ў снежні 2010 года ўлады на працягу 12-ці месяцаў паднялі намінальны сярэднестатыстычны заробак на 46%. Для гэтага не было ніякіх эканамічных падстаў, тым не менш улады гэта зрабілі на патрэбы палітычнага цыклу.

Іншы прыклад, у Беларусі штогод прыкладна 15–25% прадпрыемстваў з’яўляюцца нерэнтабельнымі. Шмат гэтых прадпрыемстваў з’яўляецца стабільна нерэнтабельнымі, як, напрыклад, нашы калгасы. Тым не менш улады робяць усё, каб гэтыя прадпрыемствы ратаваць, каб гэтыя прадпрыемствы заставаліся на плаву. То бок улады забіраюць грошы ў рэнтабельных прадпрыемстваў і аддаюць іх нерэнтабельным — у рынкавай эканоміцы гэта немагчыма.

Такім чынам у эканамістаў ёсць аб’ектыўныя бар’еры, што правілы эканомікі ў Беларусі не заўсёды дзейнічаюць, а калі яны не дзейнічаюць, то цяжка прагназаваць, што ўлады зробяць у дадзенай сітуацыі.

Другі аргумент —гэта тое, што ў Беларусі дзяржаўныя эканамісты, ёсць стымул для іх, каб пераацэньваць паказчыкі. У 2011 годзе Міністэрства эканомікі Беларусі прагназавала, што пасля крызісу, пасля як вы памятаеце валютнага крызісу ў Беларусі, на 2011 год яны давалі даволі песімістычныя прагнозы, што валавы ўнутраны прадукт вырасце на 1,5%, тым не менш Лукашэнка вельмі моцна раскрытыкаваў урад за гэтыя прагнозы. Пасля прагнозы вельмі хутка былі перагледжаныя на 5,5%. Я не мушу казаць, што ў рэчаіснасці эканоміка вырасла ўсё ж такі на 1,5%, а не так, як загадаў прэзідэнт.

— Сёлета здаецца ўжо не ўдаецца прыхоўваць праблемы ў беларускай эканоміцы і тут як раз згаданыя вамі нерэнтабельныя прадпрыемствы, напэўна першыя, якія ідуць пад нож. Шмат хто спыняе працу, шмат дзе звальняюць людзей.  Ці спадзяваецеся, што ўсё ж наступны бюджэт ці ў бліжэйшы час неяк гэтыя прагнозы будуць больш рэальнымі і ўлада пачне больш рэальна глядзець на тое, што адбываецца ў краіне?

— У гэтым годзе ёсць змена падыходаў да эканомікі, да прагнозаў. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі выбарчы год, улады не вядуць такой непрадбачлівай, непрадуманай эканамічнай палітыкі, як гэта было ў 2006 ці 2010 годзе. Цяпер усё часцей усё ж такі ўлады падкрэсліваць, што яны не будуць падтрымліваць усе дзяржаўныя прадпрыемствы, а будуць падтрымліваць толькі тыя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія маюць будучыню, маюць патэнцыял, што яны патрабуюць рынкавыя бізнес-планы. Яны будуць даваць крэдыты на рынкавых ці амаль рынкавых умовах. З такім падыходам ёсць спадзяванне, што магчыма беларускія прагнозы ўрэшце выправяцца. Але для таго, каб здабыць давер у грамадстве і сярод незалежных эканамістаў ці незалежных арганізацый, то трэба, каб гэтыя прагнозы ці вось гэтая адэкватныя больш-менш адэкватная палітыка ў Беларусі, каб яна працягвалася не адзін год — толькі 2015 год, а працягвалася прынамсі некалькі гадоў, тады гэты давер можна будзе вярнуць.

 Сёлета беларускае міністэрства эканомікі па выніках года плануе нязначны рост беларускай эканомікі, але ўжо па выніках першага паўгоддзя можна адзначаць, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў стагнацыі. Паводле Белстату за першыя 6 месяцаў 2015 году ВУП упаў на 3,3%.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя