Піт Андэрсан — «унутраны вораг дзяржавы»

Ці ведалі вы, што першым савецкім рок-гуртом быў «Рэвенджерс» з Рыгі? Для іх лідара Валерыя Сайфудзінава Піт Андэрсан перакладаў з англійскай мовы тэксты. Год таму, 20 студзеня 2016 года, яго не стала...

pit_8.jpg

У 1972 годзе Сайфудзінаў з-за пераследу КДБ вымушаны быў эміграваць у ЗША, Піта ж недвухсэнсоўна папярэдзілі: «Падумайце: вы можаце страціць сваё дзіця»… У рок-н-рол ён змог вярнуцца толькі на пачатку 1980-х. Год таму першы савецкі рок-музыка Піт Андэрсан назаўсёды развітваўся з гэтым доўгі час нялітасцівым да яго светам.

Самы пачатак

З кнігі музычнага крытыка Арцёма Троіцкага «Рок у Саюзе: 60-я, 70-я, 80-я...»:

«Доўгія пошукі пераканалі мяне ў тым, што першы сапраўдны рок-гурт з’явіўся ў Рызе. Каля платформы Іманта мяне сустрэў чалавек і, пасадзіўшы ў белую спартовую машыну “ханса” 1937 г., прывёз у свой вясковага тыпу катэдж. Там пад навесам стаяў яшчэ гіганцкі “б’юік-8” 1940 г... Чалавек — гэта Піт Андэрсан (сапраўднае імя — Петэрыс Андэрсанс), год нараджэння — 1945-ы, вельмі сціплы “вечны хлопец”, у вялікіх акулярах і з прычоскай “вожык”. Ён ніколі не быў прафесійным музыкам, хоць ужо больш за дваццаць гадоў іграе на гітары і спявае рок-н-рол.

Самым першым гуртом былі “Рэвенджерс”, ад англійскага “рэвендж” — “помста”, хоць яны самі не вельмі разумелі, каму і за што помсцілі… Лідар і вакаліст — Валерый па мянушцы Сэйскі, напалову татарын, напалову габрэй. Ён заўсёды хадзіў з акустычнай гітарай, спяваў у парках і падваротнях, і яго каронным нумарам была “Уэн зэ сэйнтс гоў маршын ін” (“Калі святыя маршыруюць” — джазавы стандарт пачатку стагоддзя). Адсюль і мянушка. “Рэвенджэрс” пачалі іграць у канцы 1961 г… Выступалі ў школах на танцах. Рэпертуар складаўся з рок-н-рольных стандартаў і чорнага рытм-энд-блюзу».

pit_2_1.jpg



Элементарная настальгія

Нейкі час мы нават суседствавалі ў Рызе. Піт, колькі я яго ведаў, заўсёды вылучаўся — тым, як рок-н-рольна-модна і з выклікам апранаўся, як молада выглядаў. Вылучаўся прыгожымі старажытнымі аўто і жонкамі, што кожнага разу былі значна маладзейшыя за яго. А яшчэ — рок-н-рольнымі рарытэтамі кшталту ботаў з буйлавай скуры Карла Перкінса (падарунак самога Перкінса) і, канешне, багатай калекцыяй музыкі, мусіць, на ўсіх вядомых музычных носьбітах, пачынаючы з бабін і вініла на сорак пяць ці сем з паловай абаротаў.

Калі мы пазнаёміліся ў сярэдзіне 1990-х, Піт не надта хацеў распавядаць пра мінулае, тлумачыў: «Ужо тры гады, як я пачаў усміхацца. Раней жа лавіў сябе на думцы, што быў вельмі панурым чалавекам. Гэта было ў пачатку 1980-х, калі я ўжо пражыў свае страшныя 1970-я і зноў стаў займацца рок-н-ролам. Я адчуваў, што разам са мной прыходзіў велізарны цяжар, які міжволі распаўсюджваўся і на тых, хто быў побач. Але апошнім часам я стаў зусім іншым у зносінах — я папраўляюся».

Зрэшты, пра мінулае ён ніколі не забываўся, гаварыў, што памятае ўсё да драбнюткіх падрабязнасцяў. І чым больш мінала часу, тым часцей драматычнае мінулае ўсплывала ў памяці. «Нічога дзіўнага ў тым няма — элементарная настальгія», — знаходзіў ён тлумачэнне.

Па словах Піта, гэта быў амаль што падпольны антысавецкі гурток, яго ўдзельнікі падсвядома гэта разумелі. Антысавецкія погляды Андэрсана далі ведаць аб сабе задоўга да 1961 года. Так, да прыкладу, яго выключылі з піянерскай арганізацыі за тое, што ён разбіў бюст Леніна — нібыта выпадкова разбіў, але насамрэч наўмысна. Ён ніколі не быў камсамольцам. І ў школьным сшытку маляваў Мікіту Хрушчова: свіныя лычык і вушкі і пачатак кукурузы ў руцэ. Калі вучыўся ў тэхнікуме, напісаў фантасмагарычны твор пра жудасную катастрофу, што адбылася з камуністычным ладам. Гэты дзённік потым знайшлі, і Піта двойчы выключалі з тэхнікума — з дзённага, а потым і з вячэрняга аддзялення…

Заканчваліся 1950-я гады. Па Рызе развязнай паходкай шпацыравалі стылягі, у кароткіх вузкіх штоніках і яркіх шкарпэтках. «Усё гэта было ўтрыраваным, знявечаным, нейкім асавечаным варыянтам амерыканскай моды, — распавядаў Піт. — Я ж адносіў сябе да групы маладых людзей, якія называлі сябе “штатнікамі”: гэта была бездакорна апранутая, вельмі акуратная моладзь. Часам нам трапляліся амерыканскія ілюстраваныя часопісы, у якіх былі фотаздымкі добрапрыстойных амерыканскіх сем’яў. На гэтых людзей мы і імкнуліся быць падобнымі».

Дакладнай даты нараджэння гурта «Рэвенджерс» не існуе. Вядомы толькі год — 1961-ы. 15-гадовы Піт дапамагаў свайму сябру Валерыю Сайфудзінаву перакладаць тэксты амерыканскіх рок-крыніц — рабіў падрадкоўнікі. Ужо пазней, калі «Сэйскі» прызвалі ў шэрагі Савецкай Арміі, Піт (які восем гадоў правучыўся ў музычнай школе па класе фартэпіяна і тэорыі музыцы і з 11-ці гадоў слухаў заходняе радыё) сабраў уласны гурт. Ён атрымаў найменне паводле назвы брытанскага часопіса «The Melody Makers» і практычна адразу стаў папулярны. Першая ж песня, якую Андэрсан выканаў са сцэны, была «Long Tall Sally» Літл Рычарда. Дарэчы, сказаць, ён рэгулярна наведваўся ў Талін, каб паглядзець поп-праграму па Фінскім тэлебачанні, якое прымалася тады ў савецкай Эстоніі.

Такі цікавы факт: бас-гітар у продажы ў той час не было (яны з’явіліся ў крамах толькі ў 1967-м), таму бас-гітары рабілі самі, для чаго бралі струны ад раяля. І каб не параніцца, першы савецкі рок-н-рольны бас-гітарыст Зянон Янушка закручваў пальцы ізаляцыйнай стужкай.

Забаронены канцэрт на прыступках Планетарыя, 1965 г. 

Забаронены канцэрт на прыступках Планетарыя, 1965 г. 



«Што добрага было ў тым часе? — перапытваў Піт. — Бесклапотнасць, бясстрашнасць, надзеі і атаясненне сябе ў нейкай ступені з заходнімі рок-гуртамі і спевакамі. Немалаважна было і з’яўленне адданых фанаў і наяўнасць аднадумцаў».

«Свабоду гітары!»

Андэрсан не мог прыгадаць, каб, калі толькі закручвалася гэтая рок-н-рольная спружына, савецкая ўлада відавочна нядобразычліва рэагавала на піянераў айчыннага рок-н-ролу. Негатыў з боку «афіцыёзу» пачаў нарастаць бліжэй да сярэдзіны 1960-х і дасягнуў апагею толькі ў 1965-м, калі быў забаронены канцэрт у рыжскім Планетарыі (цяпер гэты будынак вернуты Рускай праваслаўнай царквы), і ў выніку ўзнікла спантанная дэманстрацыя, якая доўжылася некалькі гадзін. І гэта яшчэ ў тыя гады!

Піт распавядаў: «Красавік 1965-га. Планетарый быў месцам, дзе ў былым праваслаўным саборы камуністы зрабілі музей атэізму і планетарый, а таксама кафэ і канцэртную (лекцыйную) залу. У кіраўніцтва ж самога Планетарыя погляды былі даволі смелыя і прагматычныя. Яно, гэтае кіраўніцтва, вырашыла, выцягнуўшы нас з-пад падполля, зладзіць канцэрт. Выступ быў прызначаны апоўдні адной красавіцкай нядзелі. Загадзя была вывешаная афіша з нашымі фотаздымкамі. У выніку квіткі былі распрададзеныя імгненна — да таго часу мы ўжо мелі даволі скандальную вядомасць. Мы — гэта гурт “The Melody Makers”. Аднак у дзень канцэрта раптам стала вядома, што Міністэрства культуры і БЭА (Бюро эстрадных аркестраў) канцэрт забаранілі. Аднак публіка квіткі здаваць адмовілася, і я прапанаваў правесці канцэрт там жа, але на вуліцы — на прыступках Планетарыя, што, уласна, мы і зрабілі...

fota_dzmitryja_galuzo_moshenko.jpg

Ужо падчас нашага выступу спантанна з’явіліся самаробныя плакаты: “Далоў БЭА!”, “Свабоду гітары!”, “The Melody Makers” і г. д. Народу сабралася процьма, плюс выпадковыя разявакі. Мы ўжо праспявалі ўсю праграму, калі прыехалі кадэбэшнікі. Аднак, відавочна, што ў іх шэрагах панавала непаразуменне — яны не ведалі, што рабіць. Напэўна, таму нікога не чапалі і не арыштоўвалі, затое правялі кіна- і фотаздымку.

Такі вось атрымаўся “хэпенінг”, абсалютна беспрэцэдэнтны ў гісторыі СССР. Мяне, як завадатара, уключылі ў спісы нелаяльных ўнутраных ворагаў дзяржавы».

Забаронены канцэрт на прыступках Планетарыя, 1965 г. 

Забаронены канцэрт на прыступках Планетарыя, 1965 г. 

«Людзі, здольныя на ўсё»

Зрэшты, Піт неаднойчы быў завадатарам чагосьці неардынарнага. Напрыклад, тады ж, у сярэдзіне 1960-х, напісаў дванаццаць лістоў заходнім зоркам і атрымаў... тры адказы. Ён прыгадваў: «Адзін з іх быў вельмі арыгінальны — ад Чака Бэры: на маім канверце, дзе былі налепленыя дурныя маркі з Крамлём і Леніным (у той час толькі такія і былі), стаяла “пячатка” Чака Бэры: чатыры пальцы, якія паказвалі на маркі, і надпіс “return to”. Вярнуўшы гэткім чынам мой ліст, які нават ня быў распячатаны, Чак Бэры не захацеў падтрымліваць са мной ніякіх стасункаў. Нават ня ведаю, чаму. Але затое адказаў Кліф Рычард, які даслаў паштоўку з аўтографам. І адказала вельмі папулярная ў тыя гады англійская спявачка Хелен Шапіра. Так што я быў на сёмым небе!»

Ён заўсёды шукаў сустрэч з замежнікамі — хацеў паспрабаваць сваю англійскую мову. Таму і сустракаўся ў Маскве з заходнімі дыпламатамі, якія пазней прыязджалі да Піта ў Рыгу і прывозілі кружэлкі. Праўда, кожны такі «кантакт» меў для ягонай маці, архітэктара, цяжкія наступствы: яе выганялі з працы. Запрасілі ў КДБ «для размовы» і пасля гісторыі з аўтографамі замежных зорак. Вярнуўшыся дадому, яна біла вінілавыя кружэлкі сына і рвала плакаты. За самім Пітам на чорных «волгах» прыязджалі людзі ў цывільным. Допыты доўжыліся гадзінамі. Музыку папярэджвалі: у КДБ ёсць «людзі, здольныя на ўсё». У выніку Андэрсан паўтара года пражыў у Эстоніі: наездамі — 1965-ы, 1966-ы і 1967-ы…

Ужо ў 1990-я, калі архівы латвійскага КДБ былі рассакрэчаныя, і любы мог выкупіць дасье на сябе, Піт таксама пацікавіўся сваёй «справай». Памятаю, як аднойчы завітаўшы да яго ў госці, убачыў яго ў вялікай разгубленасці: ён чытаў гэбісцкае дасье на сябе і не мог «вылічыць», хто ж пісаў гэтыя даносы.

levins.jpg



* * *

Рыга. Бар гатэлю «Рыга». Сувораў у прысутнасці агента перадаў Андэрсану кнігу Салжаніцына «Архипелаг ГУЛАГ». На наступны дзень Андэрсан вярнуў кнігу Сувораву... (На думку агента, кніга была ўзятая для пераздымак. — С. Ш.)

Агент «Мікалай», л. д. 20855 («Л. д.», відаць, азначае «личное дело». — С. Ш.)

 

* * *

Кантакты замежніцы з жыхаром рэспублікі.

Рыга. Эмісар латышскіх эмігранцкіх арганізацый, аб’ект ОП-629 Страўтманіс М. падчас сустрэчы з мастаком камбіната «Дайльрадэ» Андэрсанам П. перадала яму падарункі ад свайго мужа Сцінкурса А., у тым ліку і алоўкі для тайнапісу. (Насамрэч гэта былі фламастэры. — С. Ш.) Абмяркоўваліся магчымасці яго выезду за мяжу. Страўтманіс М. наведала Андэрсана П. па месцы жыхарства, дзе знаходзілася з 21.13 да 03.20.

* * *

Рыга. Кіраўнік тургрупы са Швецыі, які падазраецца ў правядзенні эмісарскай дзейнасці, Юрмала М., па дадзеных службы НН (Відаць, «служба вонкавага назірання». — С. Ш.), у 14.00 на скрыжаванні вуліц Вэйдэнбаўма і К. Маркса сеў у аўтамашыну, якая чакала яго і ў якой знаходзіўся ўладальнік аўтамабіля Андэрсан П. Абодва накіраваліся да Хейдэманіса І. Н. на вул. Сапіэру, 1, кв. 45, дзе іншаземец прабыў каля 5 хвілін. Перад гэтым Юрмала М. і Андэрсан П. падчас руху назіралі, ці не сочаць за імі, дзеля чаго мянялі хуткасць і кірунак руху.

Срэбель, 5 адз.

 

* * *

1977 г. Рыга. Андэрсан П. С. пастаянна выношвае намеры выезду за мяжу на сталае жыхарства. З гэтай мэтай ўсталёўвае кантакты з замежнікамі, у прыватнасці усталяваў кантакты з музыкамі ансамбля ЗША. (Пазней у інтэрв’ю кіраўніка гэтага ансамбля радыёстанцыі «Голас Амерыкі» быў згаданы нейкі малады чалавек з СССР, які быў выдатна эрудыяваны ў музыцы «поп» і «кантры». Па словах кіраўніка ансамбля, гэты малады чалавек добра адгукаўся пра Амерыку, цікавіўся крытыкай усяго савецкага і ўсхваленнем усяго заходняга; у кампаніі, якая часта збіраецца ў яго дома, выказваюцца крытычныя думкі пра жыццё ў СССР і ўсхваляецца заходні лад жыцця. Гэтая кампанія складаецца з наступных асоб, якія таксама настроены супраць СССР: ... (Ідзе пералік прозвішчаў. — С. Ш.) Настроі Андэрсана цалкам падтрымлівае ягоная жонка Івона.

Агент «Оскар», л. д. 13063.

* * *

№ 55092. Андэрсан выношвае здрадніцкія намеры. Прафілактаваны з афіцыйнай перасцярогай...

 

* * *

Пад грыфам «Сакрэтна»

№ 3660 — а/с аг. і прап. рэв. хар. (Відаць, азначае: «антысавецкая агітацыя і прапаганда рэвалюцыйнага характару». — С. Ш.) Удзел у стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі...

«Ні больш, ні менш! — каментаваў Піт апошні кадэбісцкі запіс. — Гэта пры тым, што я ўсё жыццё меў алергію і агіду да любой палітычнай дзейнасці! Але вось так і фабрыкавалі палітычную справу. Відавочна, на ўсялякі выпадак».

Зрэшты, ён быў перакананы, што гэта толькі нязначная частка дасье на яго. Тое ж самае, дарэчы, яму казаў і чыноўнік, што выдаваў копіі дакументаў.

Піт мо два гады спрабаваў вылічыць аўтараў даносаў (гаварыў: «Памятаю, што сядзелі ў гасцініцы, памятаю, пра што гаварылі, але хто быў той трэці, хто напісаў данос?»), але безвынікова. «Вядома, было б велікадушна дараваць ім, але я пакуль яшчэ не гатовы да гэтага, — казаў ён неяк пазней і дадаў: — Зрэшты, і прагі помсты таксама няма».





«Ваш выезд немэтазгодны»

«Дыпламатам я так і не стаў, — рэзюмаваў Піт. — Я заўсёды ішоў напралом і ўрокаў так і не зрабіў. Хіба што пакрысе прыйшло ўсведамленне таго, у якой страшнай, усёпажыральнай машыне таталітарызму мы жылі, у якой татальнай культурнай ізаляцыі існавалі, і наколькі крывадушнай і хлуслівай была сістэма і яе прапаганда. Праўда, я ніколі не рабіў таго, што не хацеў. І ніхто не мог прымусіць мяне зрабіць што-небудзь, што было супраць маіх прынцыпаў. У выніку канфлікты з КДБ былі непазбежныя і пагражалі ператварыцца ў знявечанне майго далейшага жыцця. Што лагічна ў выніку і здарылася — пасля таго, як у мяне нарадзілася дачка, у КДБ мне сказалі: “Падумайце: вы можаце страціць сваё дзіця”. І я мусіў падняць ручкі».

Гэта была ўжо непрыхаваная пагроза, таму Піт адмовіўся ад далейшай барацьбы і кінуў заняткі рок-н-ролам. Заканчваўся 1971 год. Ён не раз хацеў з’ехаць з СССР — на працягу 1970-х пяць разоў падаваў прашэнні аб эміграцыі, але кожнага разу атрымліваў шаблонны адказ: «Лічым ваш выезд немэтазгодным».

Як быццам мэтазгоднай была мая прысутнасць тут! — гаварыў Піт.

— І чым вы займаліся ў тыя гады?

Мне не хочацца вяртацца да гэтага перыяду. Шчыра скажу, не хочацца. Я б хацеў па магчымасці скараціць адказ на гэтае пытанне… Калі казаць у двух словах, дык гэта была дэпрэсія, адчай і страшнае жаданне выехаць з гэтай краіны. Чорны перыяд, звязаны з алкагалізмам, з нявер’ем ні ў заўтрашні дзень, ні ва што.

pit_5_1.jpg

Гурт «Rock Archives»

Калі мары здзяйсняюцца

Прамінула дзесяцігоддзе. Аднойчы ў Латвію прыехаў эстонскі ансамбль «Rock Hotel», лідар якога Іва Ліна ўзяў Піта ў гастрольную паездку і падчас аднаго клубнага выступу нечакана выштурхнуў яго на сцэну. Пасля гэтага «здарэння» Андэрсан вырашыў паспрабаваць яшчэ раз нешта зрабіць, паколькі рок-н-рол усё адно заставаўся самай найвялікшай любоўю ў жыцці: «Нейкая магія, чараўніцтва існуе ў гэтай музыцы для мяне, — гаварыў ён. — Я люблю любую музыку, якая, на мой погляд, добрая музыка, але сам я належу толькі рок-н-ролу».

Неўзабаве знайшліся і аднадумцы, і далейшая яго гісторыя, калі казаць пункцірна, выглядае так: Рыжскі рок-клуб; зноў КДБ; гурты «Rock’n’roll band», «Doping» (быў забаранены), «Rock Archives», «Pete Anderson & The Arhives».

У 1989-м Андэрсан, адзіны з музыкаў СССР, быў прыняты ганаровым сябрам у Сусветную асацыяцыю выканаўцаў рок-н-ролу (Варберг, Швецыя), і гэтаксама ён быў адзіным з музыкаў былога Савецкага Саюза, чыё імя было ўпісана ў «Залу славы рокабілі».

Затым былі калектывы «The Rhythm Kings і Pete Anderson Band», «Pete Anderson & The Swamp Shakers» і музычныя альбомы на вініле і CD. Апроч таго ён здолеў нарэшце ажыццявіць даўнюю мару — пабываў у ЗША, дзе сустрэўся з сябрам маладосці Валерыем Сайфудзінавым, у якога, дарэчы, была ўжо свая студыя гуказапісу. І тады ж пазнаёміўся з Карлам Перкінсам

«Вядома, шкада, што большая частка жыцця прайшла ў дэфармаваным асяроддзі, і тое, што прыйшло да мяне ва ўзросце сарака з лішнім гадоў, магло нікуды не сыходзіць, — гаварыў ён. — Лепшыя гады майго жыцця былі забраныя недарэчнасцю таго, што я нарадзіўся ў гэтай праклятай краіне, якой кіравалі нягоднікі. Я жыў з пачуццём, што знішчаны і як чалавек, і як музыка. Аднак гэты перыяд, калі ўсё бачыў толькі ў чорных фарбах, я ўжо пражыў. Ён вельмі доўга доўжыўся, і пасля яго былі яшчэ ўсялякія рэцыдывы адчаю і дэпрэсіі, калі я ўжо практычна не бачыў ніякага сэнсу свайго існавання».

Афіша гурта «Pete Anderson & The Swamp Shakers»

Афіша гурта «Pete Anderson & The Swamp Shakers»

Мусіць, у апошнія гады ён быў усё ж нарэшце ўзнагароджаны за той драматычны перыяд свайго жыцця: Піт займаўся любімай справай, шмат гастраляваў у Латвіі і па ўсім свеце, у яго была маладая жонка і рос маленькі сын Глен…

Аднойчы, недзе ў «нулявыя» гады, калі я быў у Рызе, маю ўвагу міжволі прыцягнуў незвычайны аўтамабіль, з якога несліся рок-н-рольныя рытмы. Гэта быў чырвоны «кадзілак» 1959 году, сапраўдная рок-н-рольная машына неверагоднай велічыні — больш сямі метраў, яна як карабель, з велізарнымі «плаўнікамі» ззаду. Пра такі аўтамабіль яшчэ ў 1990-я распавядаў мне Піт. Казаў, што ў канцы 1950-х маладыя людзі саджалі ў такі «кадзілак» дзяўчат, уключалі гучна рок-н-ролы і наводзілі жах на бюргераў і абывацеляў. Але ездзілі не з шалёнай хуткасцю, а наадварот, лянотна. Адной з вялікіх мар Піта быў якраз такі ўнікальны аўтамабіль. І вось цяпер, праз шмат гадоў, я бачыў на вуліцах Рыгі сапраўдны «кадзілак», з якога даносіліся рок-н-рольныя гукі і за стырном якога сядзеў… Піт Андэрсан. Такім чынам яшчэ адна ягоная мара ажыццявілася (размясціўшы фота з «кадзілакам» на сваім сайце, Піт іранічна напісаў: «Спраўдзілася мара ідыёта!»).

«Лёс, вядома, мае ўладу над чалавекам, — казаў аднойчы мне Піт. — І гэтаму існуе шмат доказаў. Праўда, я не лічу, што чалавек абсалютна нямоглы перад тым, што ён называе рокам, лёсам — у нейкай ступені ён можа ўплываць на лёс. Але гэты ўплыў усё-такі даволі абмежаваны».

«Здзейснілася мара ідыёта»: Піт Андэрсан каля свайго «кадзілака»

«Здзейснілася мара ідыёта»: Піт Андэрсан каля свайго «кадзілака»


…У 2015-м у яго знайшлі рэдкую форму анкалагічнага захворвання. Прыхільнікі таленту 70-гадовага легендарнага музыкі здолелі цягам некалькіх дзён 21 тысячу еўра для яго лячэння. Аднак медыцына аказалася бездапаможнай: у студзені 2016-га Піта Андэрсана не стала.

bildes_01.jpg



Фота з архіва аўтара і з афіцыйнага сайта Піта Андэрсанаwww.pitsandersons.lv.