Сяргей Антусевіч
Калі — ужо вельмі даўно — я першы раз размаўляў з Сяргеем Антусевічам, быў уражаны тым фактам, што менавіта ў яго з’явіўся адзін з першых у Беларусі навігатараў
GPS. Калі ж пазнаёміўся з ім лепш, зразумеў, што ўсё тут абсалютна лагічна, бо з самага дзяцінства ён, як кажуць, сябруе з тэхнікай, а па жыціі яго вядзе другі навігатар —
Свабода.
Першыя арыенціры
Калі — ужо вельмі даўно — я першы раз размаўляў з Сяргеем Антусевічам, быў уражаны тым фактам, што менавіта ў яго з’явіўся адзін з першых у Беларусі навігатараў
GPS. Калі ж пазнаёміўся з ім лепш, зразумеў, што ўсё тут абсалютна лагічна, бо з самага дзяцінства ён, як кажуць, сябруе з тэхнікай, а па жыціі яго вядзе другі навігатар —
Свабода.
Першыя арыенціры
Яны абазначыліся разам з нараджэннем Сяргея на свет — 16 жніўня 1973 года ў Брэсце. Успамінаючы той дзень, маці Сяргея, Галіна Якаўлеўна, заўсёды прыгадвае неверагодную гарачыню і
прэм’еру папулярнага савецкага кінасерыяла «Сямнаццаць імгненняў вясны». Знакамітыя кабзонаўскія песні даносіліся з усіх вокнаў.
Бацька Сяргея, Яўген Сяргеевіч, працаваў на брэсцкім электрамеханічным заводзе. Потым яго прызвалі на тэрміновую вайсковую службу, якую праходзіў у Латвіі, у войсках сувязі, дзе застаўся на
«звышурочную». Неўзабаве перавялі ў Гродна, а потым у якасці саветніка накіравалі ў Афганістан. Саветнікам дазвалялася браць з сабой сем’і. Моцная ахова плюс адносна
спакойная для «шураві» атмасфера першых гадоў «выканання інтэрнацыянальнага абавязку» гарантавалі бяспеку. Так і атрымалася, што ў Гродне Сяргей скончыў шэсць
класаў, а ў 1987 годзе ўжо вучыўся ў Кабуле. Дарэчы, у суседнім з імі доме жыў Наджыб, які пазней стаў прэзідэнтам Наджыбулой.
Але запомніўся Сяргею афганскі перыяд зусім не гэтым, а кнігамі. Хто памятае, пацвердзіць, што ў савецкія часы кнігі былі адным з дэфіцытаў. Каб іх набыць, простым людзям трэба было здаць пэўную
колькасць макулатуры і атрымаць адпаведны талончык. У Кабуле кнігі прадаваліся свабодна. Савецкія выдаўцы вельмі эфектыўна працавалі на аўдыторыю «абмежаванага кантынгенту савецкіх
войскаў». Больш за палову багажу сям’і Антусевічаў заўсёды складалі менавіта кнігі.
Арыенцір — тэхніка
Пасля вяртання сям’і з Афганістана, Сяргей Антусевіч працягнуў вучобу ў роднай пятай гродзенскай школе. Пасля яе заканчэння паспрабаваў паступіць у Брэсцкі тэхнічны ўніверсітэт (назва
сучасная — А. Т.), аднак беспаспяхова.
Як звычайна, прыярытэты ў нас змяняюцца з цягам сталення. Спачатку Сяргей Антусевіч хацеў звязаць сваё жыццё з біялогіяй і сельскай гаспадаркай, пазней захапіла гісторыя, а яшчэ пазней —
тое, што звычайна называюць новымі тэхналогіямі.
Гродзенскі «Азот» быў шэфам іх школы. Калі Сяргей Антусевіч вучыўся ў дзявятым класе, школе падарылі персанальны кампутар вытворчасці нямецкай фірмы «Шнайдар». З
гэтага моманту цікавасць да тэхнікі ў прыярытэтах перамагла ўсё іншае, і свой лёс Сяргей вырашыў звязаць менавіта з ёй.
Пасля няўдалай спробы паступлення вярнуўся ў родную школу, дзе яго з задавальненнем узялі працаваць лабарантам кабінета фізікі. Дарэчы, пазней разам з дырэктарам сваёй школы ён будзе
«дэпутацтваваць».
За год работы Сяргей Антусевіч падрыхтаваўся так добра, што наступным летам паступіў адразу ў дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы: завочна — на матэматычны факультэт Гродзенскага
ўніверсітэта, на дзённае аддзяленне — у Беларускі тэхналагічны інстытут (зараз таксама ўніверсітэт) на інжынера-механіка машын і апаратаў хімічных вытворчасцяў.
Арыенцір — палітыка
1991 год. Пачатак незалежнасці. Хвалі мітынгаў. Бел-чырвона-белы сцяг, герб краіны «Пагоня». Усё гэта не магло не паўплываць на светапогляд будучага прафсаюзнага дзеяча. Да таго ж,
яшчэ ў школе бацька аднаго з яго аднакласнікаў быў сябрам БНФ, так што глеба для іншадумства была ўжо падрыхтаванай.
Таму няма нічога дзіўнага, што, калі ў 1996 годзе яго размеркавалі на «Азот», сваё вяртанне ў Гродна Сяргей Антусевіч адзначыў падачай заявы аб прыёме ў БНФ. Дакладней, у яго
моладзевую суполку, якую сам жа і ствараў. Стаў там намеснікам старшыні. Менавіта ў гродзенскай суполцы «Маладога фронту» ён пазнаёміўся з будучай жонкай Жаннай. Распісаліся яны ў
лістападзе 1998-га.
Дарэчы, Сяргей Антусевіч шмат гадоў з’яўляўся сябрам Сойму БНФ і менавіта пад гэтым «брэндам» удзельнічаў ва ўсіх выбарчых кампаніях. Я да таго, што прыналежнасць да так
званых «адмарозкаў» не перашкаджае перамагаць. Няважна, пад якімі сцягамі змагаецца чалавек, галоўнае тут іншае — падтрымка людзей.
І яшчэ. Шчыра кажучы, мяне (як і многіх іншых) сур’ёзна стамілі «пачкаванні» ў беларускай апазіцыі. Такое ўражанне, што яны больш змагаюцца паміж сабой, чым з
«апошнім дыктатарам Еўропы». Ці не ў гэтым адна з прычын зніжэння іх аўтарытэта ў беларускім грамадстве?
Арыенцір — незалежны прафсаюз
У 1990-я гады незалежныя прафсаюзы было зарэгістраваць значна лягчэй, чым сёння. На «Азоце» афіцыйны статус новы прафсаюз набыў у 1992 годзе, а Сяргей Антусевіч прыйшоў туды ў
1999-м.
Першы год па вяртанні на «Азот» ён працаваў слесарам, бо вольных месцаў на прадпрыемстве для інжынераў на той час не было. Гэтай акалічнасці Сяргей удзячны па сённяшні дзень. Ён
атрымаў магчымасць сваімі вачамі ўбачыць, як што працуе, і зразумець логіку людзей, якія зарабляюць на хлеб асабістай працай. Ва ўніверсітэтах гэтаму не вучаць. Пагадзіцеся, досвед вельмі
каштоўны.
Амаль адразу пасля напісання заявы аб сяброўстве ў незалежным прафсаюзе, Сяргею Антусевічу прапанавалі займацца адукацыйнымі праграмамі. Накірунак важны перш за ўсё таму, што ў галіне працоўнага
заканадаўства пастаянна нешта змяняецца. А праз паўгады яму прапанавалі ўзначаліць арганізацыю.
Акрамя гэтага ў 2007 годзе на сёмым з’ездзе Беларускага незалежнага прафсаюза яго абралі сакратаром-скарбнікам. Звяртаю ўвагу, што гэта структура з’яўляецца толькі адным (але
найбольш буйным) са складнікаў Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, які на сённяшні дзень узначальвае Аляксандр Ярашук.
У красавіку мінулага года на чарговым, восьмым, з’ездзе БКДП Сяргея абралі намеснікам старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза, а ўжо ў студзені 2012 года, на першым жа пасяджэнні пасля
з’езда, Сяргей Антусевіч стаў першым намеснікам.
Не раз даводзілася чуць пра неверагодны ціск на сяброў незалежных прафсаюзаў. «Азот» — не выключэнне. Кожны год яго працаўнікі падпісваюць кантракты, праходзяць
пераатэстацыю і г.д. Адміністрацыя выкарыстоўвае такія магчымасці адпаведным чынам.
Калі Сяргей Антусевіч пачаў там працаваць, у незалежным прафсаюзе налічвалася каля 900 чальцоў, сёння іх засталося крыху больш за сотню. Магчыма, такія лічбы камусьці пададуцца даволі сумнымі. Мяне ж
шчыра радуюць, бо гэта азначае, што ўлада, нягледзячы на татальныя «зачысткі», калі людзям прапануюць выбар паміж кавалкам хлеба і перакананнямі, не здолела дасягнуць
«эфекту спаленага поля».
Арыенціры на будучыню
У 2002 годзе была абвешчана кампанія чарговых мясцовых выбараў, якія адбыліся ў годзе наступным, і Сяргей Антусевіч першы раз вырашыў балатавацца. І ніхто з яго бліжэйшага атачэння не стаў з гэтым
рашэннем спрачацца.
Выбарчая акруга ў яго была невялікай — усяго сем тысяч выбаршчыкаў, якія ў асноўным жылі ў працоўных інтэрнатах. Хаця там спачатку было тры кандыдаты, асноўным сваім супернікам Сяргей не без
пастаў лічыў тагачаснага першага сакратара гаркаму БРСМ, на баку якога была ўся ўладная вертыкаль.
Сяргея Антусевіча гэта не засмуціла. Ён перамог у першым туры, перамог і ў другім. Інакш і быць не магло, бо для выбаршчыкаў ён быў «сваім хлопцам», тым больш, што ўся выбарчая
кампанія была пабудавана на прынцыпе «ад дзвярэй да дзвярэй».
Гэтыя словы мне даводзілася чуць так шмат разоў, што, калі б яны цалкам адпавядалі рэчаіснасці, у краіне даўно быў бы іншы кіраўнік… А так… Ці дзверы былі не тымі… Ці
падыходзілі да іх толькі ў папяровых справаздачах.
Шмат даводзілася чуць і пра фальсіфікацыі, у якіх ніхто (са свядомых людзей) ніколі не сумняваўся. Ведала пра іх і каманда Сяргея Антусевіча, але веды яшчэ не азначаюць гарантыю поспеху. Трэба ўмець
разумна ім супрацьстаяць. Што і было зроблена.
Да бліжэйшых парламенцкіх выбараў улада ўжо падрыхтавалася. Напэўна, нехта з мясцовых ідэолагаў добра разумеў, што перамагчы Антусевіча ў рэальным спаборніцтве практычна немагчыма, і яго банальна не
зарэгістравалі.
Канешне, гэта быў моцны ўдар па ўсёй камандзе Сяргея, аднак яны не здаліся. І здолелі арганізаваць такое пільнае назіранне за выбарамі, што фальсіфікаваць вынікі ўладам не ўдалося. 52-я гродзенская
выбарчая акруга стала тады адзінай (!) ва ўсёй Беларусі, дзе выбары не адбыліся.
На мой погляд, гэта яскравы прыклад таго, як трэба змагацца за сваю перамогу. І аргумент у дыскусію аб байкоце. Зразумела, у праціўнікаў беларускай улады ёсць рацыя скардзіцца на неспрыяльныя ўмовы,
але трэба разумець, што яны ніколі не будуць цяплічнымі. На жаль, сітуацыя ў краіне для апанентаў улады значна пагоршылася ў параўнанні з тым, што было раней, аднак гэта не можа быць вечным
апраўданнем усіх параз.