Культ Сталіна, беларуская мова, жаніцьба: пра што пісаў у дзённіку малады Ніл Гілевіч
30 верасня 1931 года нарадзіўся Ніл Сымонавіч Гілевіч — непахісны і прынцыповы змагар за беларускую мову, класік беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Якім быў малады Гілевіч, чым жыў і якія меў каштоўнасці? Пра гэта даведаемся — з яго ўласных запісаў.
Былі часы, калі не было інтэрнэту, і людзі дзяліліся сваімі думкамі не ў персанальных блогах, а на паперы. І без асаблівага спадзеву, што твае думкі хтосьці калісьці прачытае. Таму былі шчырымі, хоць і абачлівымі — у эпоху сталінізму людзі баяліся весці дзённікі, каб не трапіць туды, куды баяліся трапіць усе — пакрысе пісалі тое, што не заўжды можна было сказаць услых, на публіцы. Але калі ты знакаміты паэт, твае любыя запісы заўжды цікавыя даследчыкам, яны становяцца часткаю — пры гэтым звышкаштоўнаю — творчай спадчыны!
Свае думкі стаў запісваць і Ніл Гілевіч. Знакаміты паэт, арыгінальны перакладчык, празаік, драматург, літаратуразнавец, фалькларыст, урэшце — Народны паэт Беларусі. Але гэта будзе пасля. А ў 1950-я, калі з’явіліся першыя запісы, ён толькі скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча, падпрацоўваў настаўнікам. Потым — філфак БДУ, аспірантура, Саюз пісьменнікаў, газета «Звязда», першыя сур’ёзныя літаратурныя спробы.
У беларускую літаратуру Гілевіч прыйшоў сапраўды ў складаныя часы. След жудасных рэпрэсіі 1930-х і вайны, татальны кантроль, атмасфера страху і падазронасці ўсіх да ўсяго… На літаратурнай глебе яшчэ працуюць класікі, але адчуваецца недахоп знішчанага пакалення, хто ў чыстках выжыў — маўчаць ці цалкам прымаюць рэчаіснасць тэрору. Тут і прыходзяць маладыя пісьменнікі пакалення так званай «адлігі». Сярод іх — Ніл Гілевіч. Аб тым, якім было жыццё маладога літаратара ў цікавую эпоху нібыта перамен, паэт дасціпна і шчыра напісаў у сваім дзённіку.
Першы зборнік вершаў — разграмілі класікі
У 1957 годзе з друку выходзіць першы зборнік вершаў тады ўжо сябра Саюза пісьменнікаў Ніла Гілевіча. Кніга мае паэтычную і крыху летуценную назву — «Песня ў дарогу». Адзначалі гэта і тагачасныя крытыкі, палічыўшы яе паэтычным маніфестам студэнтаў-рамантыкаў, вясковых хлопцаў і дзяўчат 1950-х гадоў. Але кніга магла і не пабачыць свет…
«Здорава ўсыпалі!» — піша сам Гілевіч, пасля таго, як прачытаў «стэнаграму» абмеркавання рукапісу яго першага зборніка. Жорстка крытыкавалі ўсе — і Панчанка, і Кірэенка, і Вялюгін, і Лужанін, далікатна выказваліся Кавалёў і Аўрамчык. Дасталася порцыя крытыкі і ад кіраўніка секцыі Пятра Глебкі. Але ж па яго прапанове зборнік усё ж рэкамендавалі да друку і праз два гады кніга пабачыла свет.
Так, з разгрому, пачынаўся літаратурны шлях будучага Народнага паэта.
«Ідал, якому маліліся каля 30 гадоў, нізрынуты»
Галоўнай палітычнай падзеяй эпохі быў ХХ з’езд КПСС, на якім быў развенчаны «культ асобы» Іосіфа Сталіна. Упершыню ў СССР публічна сказалі праўду, якую і так ведалі мільёны людзей, якіх закрануў сталінскі тэрор. Але ж вядома было не ўсё.
«Падзеі незвычайныя!» — так піша ў дзённіку Гілевіч у сакавіку 1956-га ў дні пасля правядзення знакамітага партыйнага форуму. Паэт вельмі ўзбударажаны падзеямі, ён не стрымліваецца ў выразах і выплёсквае на паперы:
«Ідал, якому маліліся каля 30 гадоў, нізрынуты. Не хочацца верыць. Ну няўжо? Успамінаецца, як роўна тры гады назад, мы пралівалі шчырыя слёзы. А плакаць не было патрэбы, хіба ад радасці? Так, трэба было радавацца і спяваць, што найстрашнейшы за ўсю гісторыю чалавецтва людаед памёр».
Знайшлося месца і для разваг над падзеямі. Гілевіч лічыў, што чым далей, тым лягчэй на душы. Хоць і пасля адкрыцця фактаў рэпрэсій у сэрцы была крыўда, «страшэнная крыўда, якая не выкупіцца нічым».
І на завяршэнне характарыстыка «айцу народаў»: «Усе яго заслугі — нішто ў параўнанні з тымі жахлівымі злачынствамі перад народам, якія ён учыніў. Ён быў зверам па натуры, для якога чалавек і муха — усё адно. Вылюдак без жалю, без літасці, без чалавечнасці. Вон з памяці! Вон з сэрца! Вон з вачэй!».
А потым быў сход пісьменнікаў.
«Пятрусь Усцінавіч, мы занадта доўга маўчалі!»
Гілевіч прызнаецца, што ён не памятаў яшчэ такога цікавага сходу пісьменнікаў, як сход, прысвечаны вынікам ХХ з’езда КПСС. Тут без іроніі Гілевіча не абышлося.
Ён піша: «О, якія, аказваецца, выдатныя людзі нашы пісьменнікі! І пад якім страхам, яны сядзелі, аказваецца! Як мышы пад памялом. А сёння — гаварылі! Можа быць, першы раз да канца шчыра на ўвесь голас».
Гілевіч адзначаў, што беларускія пісьменнікі задаволеныя развянчаннем ідала і гатовыя выкрасліць яго з гісторыі наогул. Але ж калі Макаёнак пачаў пра гэта на сходзе гаварыць, Броўка папрасіў: «Андрэй, ты не аб гэтым, ты лепш аб літаратуры гавары». «Пятрусь Усцінавіч! – крыкнуў Андрэй. — І так мы занадта доўга маўчалі!».
Спадзеў на выратаванне мовы
Галоўнай каштоўнасцю Ніла Гілевіча была — беларуская мова. Цягам усяго жыцця ён паслядоўна біў ва ўсе званы і рабіў усё, што мог, каб — як парадаксальна гучыць! — падтрымаць і пашырыць сферу ўжывання беларускай мовы ў Беларусі.
Вялікія спадзевы ў гэтым пытанні ён ускладаў на падзеі ХХ з’езду КПСС. Нібыта запахла свабодай… «Цяпер у мяне вялікая святлістая надзея, — пісаў Гілевіч, — што будзе зроблена што-небудзь і для выратавання беларускай мовы і літаратуры ад засілля дзяржымордаў, мяшчан і проста ідыётаў».
Але ж рэчаіснасць аказалася зусім іншая: Сталін памёр, яго культ развянчалі, але «маленькія сталіны» на пасадах пазаставаліся яшчэ надоўга. І нават не ў іх справа — справа ў палітыцы імперыі, якая ніколі не мянялася адносна падуладных народаў, іх мовы і культуры.
Папярэднія спадзеўныя радкі Гілевіч пісаў у сакавіку 1956-га, а ўжо ў красавіку таго ж году было занатавана: «Пытанне аб беларускай мове цалкам правалілася».
Адказны за культуру сакратар ЦК Цімафей Гарбуноў даў знаць прама, што ніякіх змен не будзе, хіба зробяць пару школ беларускімі. Дарэчы, гэта той самы Гарбуноў, да якога ў дзень смерці Якуб Колас вырашыў аднесці гатовы ліст пра стан беларускай мовы. Таварыш Гарбуноў паэта не прыняў.
Справа дрэнь. Так заключыў Гілевіч…
Жаніцьба: застрахаваць сябе ад маральнага падзення
У віры палітычных падзей і змаганні за беларускую мову знаходзіўся час і для асабістага жыцця. Гэта тое, што будзе заўжды.
Са сваёй будучай жонкай Гілевіч пазнаёміўся ў часе вучобы на філалагічным факультэт БДУ. Абранніца паэта — аднакурсніцай Ніна Іванаўна Кавалёва. Вось як сур’ёзна і грунтоўна пра намер ажаніцца дзеліцца Гілевіч у дзённіку:
«Звязаць свой лёс з Нінай — гэта значыць застрахаваць сябе ад маральнага падзення, забяспечыць сябе штодзённай падтрымкай духу, бо я не знаю сёння другога чалавека з такім здаровым настроем, з такой чыстай душой, як у Ніны».
Гэта было сапраўднае каханне? Так, безумоўна! Міне паўстагоддзя, і самотны Ніл Сымонавіч прысвеціць сваёй жонцы кнігу: «Добры анёл беларускасці. Штрыхі да партрэта Ніны Іванаўны Гілевіч».
Купіў кніг на 530 рублёў
Гілевіч любіў кнігі. А як жа інакш? Чалавек, які іх піша, не можа іх не любіць: чытаць, а галоўнае — набываць каштоўныя тамы, збіраць сваю ўласную бібліятэку.
У 1955-м Ніл Гілевіч за адзін раз грунтоўна закупіўся ў букініста: на 530 рублёў! Як пісаў сам, ён — разарыўся ўшчэнт, бо гэта было дзве стыпендыі. З грашыма аматару кніг дапамог сардэчны і чулы старэйшы сябар Сяргей Дзяргач (беларускі паэт і перакладчык).
Але ж на што выдаткаваў Ніл Гілевіч такую гіганцкую для студэнта з вёскі суму? «Цяпер у мяне — тры вялізныя тамы Байрана, з сотнямі ілюстрацый, у скураных вокладках. Выданне 1904 года». Во як!
Пакупка, безумоўна, вартая!
Улады выказалі палітычны недавер
1958 год. Нібыта ўжо і адліга, але жорсткі кантроль за савецкімі грамадзянамі ніхто не адмяняў. Асабліва ў пытаннях выезду за мяжу: выпускалі толькі добранадзейных. Ніл Гілевіч, як аказалася, у спісах на выезд не значыўся. У дзённіку паэт піша:
«У дарогу, у Польшчу, рыхтаваўся дарэмна. Сёння стала вядома, што выкраслен са спісу. У сэрцы як бы штось абарвалася. Выходзіць — недавер? І шкада паездкі, і вельмі сумна. Калі падумаю, што гэта — недавер як палітычна ненадзейнаму, дык і вельмі сумна робіцца».
Але ж сваіх поглядаў Ніл Сымонавіч не хаваў, асабліва тых, якія датычыліся нацыянальнай годнасці.
Даў бой «рускаму свету»
Адбылося гэта на навагодняй вечарыне ў сям’і беларускага пісьменніка Артура Вольскага ў 1960 годзе. Канешне, тады прыхільнікаў так званага «рускага свету» так не называлі, але ідэя і яе носьбіты былі. Называліся — чарнасоценцы. Так называлі яшчэ ў часы Расійскай імперыі прадстаўнікоў правых арганізацый, якія выступалі пад лозунгамі манархізму, вялікадзяржаўнага шавінізму і антысемітызму.
І вось Гілевіч піша, што аднаму чарнасоценцу — маёру Троцкаму даў бой! Пачалося ўсё з таго, што маёр пачаў перашкаджаць спяваць грамадзе беларускія песні — перабіваць і перакрыўляць. А далей — горай: «Не знаю вашага Коласа і не хачу знаць! І абазваў мяне махровым нацыяналістам», — піша Гілевіч. Урэшце спрэчак маёра «ўсадзілі ў галошу». Той сёе-тое зразумеў, прасіў прабачэння.
Карацей, нашы перамаглі.
За плячыма 28, а…
Сёлета Гілевічу было б 92… А ў 1959-м, калі споўнілася 28, паэт пісаў:
«І так — за плячыма 28. Дваццаць восем! І — тры дохлыя зборнічкі. Самая паганая прывычка чалавека — адкладаць работу на заўтра, на пасля. Колькі цікавых задум не ажыццёўлена толькі таму, што не ўмею арганізаваць працу як след. Бязбожна, недаравальна трачу лепшыя дні лепшых гадоў жыцця. Ой, як буду шкадаваць аб гэтым калі-небудзь!».
З вышыні мінулых гадоў, здаецца, Ніл Сымонавіч час не згубіў: пакінуў годны след. Ужо ў маладосці.