Цудоўная Вікторыя і яе перамога
Вось гэта быў сапраўдны тэніс! Дзве з паловай гадзіны спаленых нерваў як прыхільнікаў першай ракеткі свету Серэны Уільямс, гэтак і другой у сусветным рэйтынгу нашай Вікторыі Азаранкі. Гэтым разам фінал у амерыканскім Цынцынаці стаўся трыумфам для нашай суайчынніцы. Брава, Віка!
Перамагчы такую непераможную машыну, як Уільямс-малодшая, ёсць мараю любой тэнісісткі. А ўжо калі яна гуляе на родных кортах! Пасля першага сэту заўзятары Вікторыі Азаранкі былі, мякка кажучы, расчараваныя. Шмат памылак у выкананні беларускай прымы тэнісу, нейкія не зусім упэўненыя рухі па корце, зноўку двайныя памылкі на падачы. У выніку – 6:2 на карысць амерыканкі. Падавалася, што і гэтым разам Серэна ўжо зрабіла сваю гульню. Але кідалася ў вочы, што і перашая ракетка свету дапускае багата нязмушаных памылак, ды і падача яе была не самая лепшая. Хоць і ў фінале яна настраляла дзевяць эйсаў! Праўда, і Вікторыя гэтым разам “пальнула” на вылет тры разы, што з нашай суайчынніцай, на жаль, здараецца не вельмі часта.
І вось пачаўся другі сэт. Гэта ўжо была зусім іншая гульня ў выкананні беларускі. Віка добра трымала тэмп, гуляла доўгія розыгрышы, выконвала ўпэўненыя ўдары па лініі, на самы край пляцоўкі, ганяла
сваю суперніцу па корце, вымушала яе памыляцца. Як вынік – зноўку 6:2, толькі цяпер ужо на карысць Азаранкі.
Трэці сэт. Усё зноўку трэба было пачынаць “з чыстага ліста”. Тут ужо ішла гульня нерваў і вытрымкі. Вікторыя вяла з лікам 4:2 па геймах, але потым Серэна сабралася і выйграла тры геймы запар. 5:2 на яе карысць. Падавалася, што ўсё, капец, Віка саступіць. Але недаацанілі мы нашу алімпійскую чэмпіёнку ў міксце! Віка зноў праявіла сябе найлепшым чынам, узяўшы падачу Уільямс і сваю. 6:5 ужо на карысць Азаранкі. Потым Серэна адыграла гейм. 6:6. Тай-брэйк. Тэнісная латарэя. Тут ужо толькі нервы, вытрымка, а таксама крыху фартуны.
І зноўку Віка вяла 4:2. І зноўку Серэна адыгралася і нават выйша наперад. І ўсё ж Азаранка даціснула сваю прынцыповую суперніцу. 8:6!!! Цудоўная перамога нашай Вікі над мацнейшай тэнісісткай свету,
прычым на яе ж родных кортах! Фантастыка! Віка зноў даказала, што не проста так больш за 50 тыдняў была першай ракеткай свету.
Усё яшчэ наперадзе
Вікторыя Азаранка замацавалася на другім месцы сусветнага рэйтынгу, а таксама ў чэміпіёнскай гонцы 2013 года. Да таго ж, атрымала за перамогу 426 тысяч долараў ЗША! Дарэчы, з трох перамогаў, якія Вікторыя атрымала над Серэнай, дзве здарыліся менавіта сёлета. Першы раз Азаранка выйграла ў Досе таксама ў фінале. Агульны лік сустрэчаў паміж гэтымі тэнісісткамі – 12:3 на карысць Уільямс-малодшай.
Але, верыцца, усё ў змаганні гэтых выбітных спартовак яшчэ наперадзе. Тым больш што праз тыдзень стартуе апошні турнір Вялікага шлему ў бягучым годзе – Адкрыты чэмпіянат ЗША, і можна не сумнявацца, што і Серэна, і Віка будуць прыкладаць усе высілкі, каб перамагчы. Тым больш што апроч 2000 рэйтынгавых ачкоў на кану стаіць і 2 мільёна 600 тысяч долараў, якія атрымае пераможа турніру.