Украінскі епіскап адмовіўся памінаць Патрыярха Кірыла
Епіскап Лонгін асудзіў палітыку Патрыярха Кірыла як «здрадніцкую». «Ніхто не меў права ехаць сустракацца з Папам Рымскім», «адзін чалавек не можа прадстаўляць Царкву Божую», сказаў ён.
Фота з сайта krynica.info
Епіскап Лонгін (Жар), які кіруе Банчанскім вікарыяцтвам Чарнавіцкай-Букавінскай епархіі Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату і вядомы тым, што раней заклікаў вернікаў не ўдзельнічаць у антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, а кіраўнікоў Украіны называў «праклятымі» і «слугамі сатаны», на сходзе духавенства і свецкіх асудзіў палітыку Патрыярха Кірыла як «здрадніцкую» ў дачыненні да праваслаўя і сталую на «шлях антыхрыста».
Відэарэпартаж са сходу, які прайшоў 10 сакавіка, апублікаваны 26 сакавіка.
У сходзе бралі ўдзел не менш за 300 клірыкаў, манахаў і свецкіх Чарнавіцкай епархіі УПЦ, паведамляе «Религия в Украине».
Епіскап раскрытыкаваў дзейнасць кіраўніка РПЦ па збліжэнні з Каталіцкай Царквой. Паводле яго, адна справа — весці дыялог, а іншае — прызнаваць Папу Рымскага як кананічнага біскупа, «найсвяцейшага» ці «брата». Пры гэтым ўладыка падкрэсліў, што святая, саборная і апостальская — гэта Праваслаўная Царква, а Папа Рымскі адпаў ад яе.
Ён таксама паўтараў народныя ўяўленні аб каталіках і Папах Рымскіх (напрыклад, пра яго «бязгрэшнасць»), а выступоўцы пыталіся пра надыходзячы Усеправаслаўны сабор, пра ролю масонаў у яго арганізацыі, пра тое, чаму не памінаецца Патрыярх Кірыл на богаслужэнні ў Банчанскім манастыры, чаму кіраўнік РПЦ прыняў «аднаасобнае рашэнне» аб сустрэчы з Папам Рымскім.
Епіскап пацвердзіў, што ніхто з архірэяў РПЦ на Архіерэйскім Саборы 2–3 лютага ў Маскве не ведаў аб падрыхтоўцы сустрэчы кіраўніка РПЦ з «ерэтыком». Яна адбылася без узгаднення з Саборам, і таму «ніхто не меў права ехаць сустракацца з Папам Рымскім», «адзін чалавек не можа прадстаўляць Царкву Божую», сказаў ён.
Уладыка Лонгін адзначыў, што не можа згадваць падчас набажэнства Патрыярха Кірыла, бо пасля падпісанай дэкларацыі Папы і Патрыярха «не ведае, хто [з іх] праваслаўны, хто каталік, хто ерэтык». 30 пунктаў дэкларацыі ён ахарактарызаваў як «30 срэбранікаў Юды».
Выступоўцы таксама казалі, што ніколі не будуць называць раскольнікаў і ерэтыкоў братамі, абвінавачвалі ўсіх, хто ўхваляе сустрэчы тыпу гаванскай, у ерасі, называлі маючы адбыцца Усеправасланы сабор «сатанінскім зборышчам, які Гасподзь знішчыць». А ігумення Магдаліна ад імя больш за 150 сясцёр Баянскага жаночага манастыра Чарнавіцкай епархіі заявіла аб непрыманні Гаванскай дэкларацыі.
Лонгін пераконваў прысутных, што ўсе грахі даруюцца, акрамя ерасі. Таму трэба застацца вернымі Рускай Царкве, але не Патрыярху, які здзяйсняе «дагматычныя памылкі або, можна сказаць, найвялікшыя грахі супраць Духа Святага».