У Расіі плануюць ажыццявіць 16 пускаў міжкантынентальных ракет

У нядзелю ў Мінабароны Расіі заявілі аб намеры падвоіць колькасць зенітна-ракетных сістэмаў С-400 «Трыумф» у Паветрана-касмічных сілах.



56b63913_9014_48b3_bb81_df5d6711b466_w640_r1_s.jpg

Фота ЕРА

Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння (РВСН) запланавалі на 2016 год больш за 100 вучэнняў і 16 выпрабавальных пускаў міжкантынентальных балістычных ракет. Пра гэта ў нядзелю паведамілі ў Мінабароны Расіі. Паводле ведамства, мэта запускаў — адпрацоўка новых тэхналогій і «кантроль тэхнічнай гатоўнасці ракетных комплексаў».

16 пускаў міжкантынентальных ракет — рэкордная колькасць выпрабаванняў для РВСН. Пры гэтым на працягу апошніх пяці гадоў у Расіі ні разу не выканалі публічна заяўленыя планы па запусках. У 2015 годзе з 14 запланаваных пускаў адбыліся толькі 8, годам раней у РВСН выпрабавалі 10 ракет з 16 заяўленых.

У нядзелю ў Мінабароны таксама заявілі аб намеры падвоіць колькасць зенітна-ракетных сістэмаў С-400 «Трыумф» у Паветрана-касмічных сілах. Такім чынам, згодна з афіцыйнымі заявамі ведамства, да канца 2016 баявое дзяжурства ў Расіі будуць несці 8 установак С-400. Пры гэтым пяць з іх будуць знаходзіцца ў Падмаскоўі.

www.svaboda.org