У Германіі адкрыты першы цэнтар для ўцекачоў-геяў
У нямецкім Нюрнбергу грамадская арганізацыя «Fliederlich» адкрыла першы цэнтр для ўцекачоў-геяў.

Прытулак для гомасексуальных мігрантаў у Нюрнбергу размясціўся ў вялікай кватэры. Фота www.gayrussia.eu
Цэнтар невялікі: у ім усяго восем месцаў. Неўзабаве наступны цэнтр — намнога большы, на 125 месцаў — будзе адкрыты ў Берліне.
Як паведамляе польскае тэлебачанне «Republika», установа была адкрытая пасля шматлікіх заяваў ад геяў-уцекачоў, якія скардзіліся на тое, што ў агульных цэнтрах яны адчуваюць сябе ў небяспецы і падвяргаюцца агрэсіі. Неўзабаве ў нюрнберскую ўстанову пераедуць чатыры пастаяльцы: уцекачы з Ірану, Іраку, Сірыі і Эфіопіі.
У большасці мусульманскіх краін гомасексуальнасць караецца турмой альбо публічнай поркай, у некаторых — смяротным пакараннем.