У Херсоне расійцы забілі дырыжора аркестра, які адмовіўся ўдзельчаць у канцэрце

Стала вядома аб жорсткім забойстве галоўнага дырыжора Херсонскага музычна-драматычнага тэатра імя Мікалая Куліша, паведамляе Міністэрства культуры Украіны.

photo_2022_10_15_12_34_45.jpg

Адзначаецца, што пасля таго, як Юрый Керпаценка адмовіўся супрацоўнічаць з акупантамі, расійскія вайскоўцы застрэлілі яго ва ўласным доме.

Юрый Керпаценка з 2000 года працаваў у Херсонскай абласной філармоніі. У 2004-м ён стаў галоўным дырыжорам Херсонскага музычна-драматычнага тэатра імя Мікалая Куліша. Выступаў галоўным дырыжорам камернага аркестра «Гілея».

Украінскі Мінкульт паведамляе, што Юрый Керпаценка адкрыта выяўляў сваю грамадзянскую пазіцыю і адмовіўся выязджаць з акупаванага Херсона.

Раней паведамлялася, што да 1 кастрычніка, Міжнароднага дня музыкі, акупанты разам з калабарантамі з філармоніі планавалі ў Херсоне святочны канцэрт з удзелам знакамітага камернага аркестра «Гілея». Гэты канцэрт павінен быў, паводле задумы акупантаў, прадэманстраваць так званае «наладжванне мірнага жыцця» ў Херсоне. Аднак дырыжор аркестра Юрый Керпаценка катэгарычна адмовіўся ўдзельнічаць у канцэрце.