Турэмная роба Наталлі Хершэ стала экспанатам на экспазіцыі ў Лондане

Турэмная вопратка Наталлі Хершэ стала экспанатам у Скарынаўскім музеі ў Лондане. Яна экспануецца на выставе «Няскораныя», прысвечанай беларусам, якія цярпелі цяжкасці турэмнага зняволення за вернасць нацыянальным ідэалам.

Фота з фэйсбуку Аляксея Ластоўскага

Фота з фэйсбуку Аляксея Ластоўскага


Пра гэта паведамляе сайт віцебскай «Вясны».
Наталля Хершэ — ураджэнка Воршы, але апошнія 12 гадоў яна жыве ў Швейцарыі. Жанчына адмыслова вярнулася на Радзіму на пратэсты 2020 года, каб адстойваць права Беларусі на дэмакратыю. Яе затрымалі 19 верасня 2020 г. і абвінавацілі паводле арт. 363 («Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак») Крымінальнага кодэксу.
Суд прысудзіў Наталлі Хершэ 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму. Хаця спачатку яе затрымалі ў межах адміністрацыйнай справы паводле тагачаснага арт. 23.34 КоАП — за ўдзел у жаночым мірным маршы 19 верасня 2020 г. Пры затрыманні Наталля не падпарадкавалася патрабаванню супрацоўнікаў прайсці ў спецаўтатранспарт, спрабавала збегчы, а калі яе дзеянні былі спыненыя супрацоўнікам АМАП Сяргеем Кончыкам, яна аказала супраціў: вырывалася і ўпіралася, схапіла Кончыка за твар і падрапала, сцягнула балаклаву. Праз гэта на яе завялі крымінальную справу.
Тэрмін пакарання Наталля Хершэ адбывала ў турме №4, дзе 30 студзеня 2022 абвясціла галадоўку на знак пратэсту супраць дыскрымінацыйных умоваў утрымання.
Пасля ўмяшання дыпламатычных службаў 18 лютага 2022 года, пасля 17 месяцаў за кратамі, Наталля Хершэ выйшла на волю. Імя гэтай жанчыны стала сімвалам адданасці Радзіме, якую Наталля вырашыла падтрымаць у цяжкі час, рызыкуючы ўласным лёсам.


Цяпер турэмная вопратка Наталлі Хершэ стала экспанатам у Скарынаўскім музеі ў Лондане. Яна экспануецца на часовай выставе «Няскораныя», прысвечанай беларусам, якія цярпелі цяжкасці турэмнага зняволення за вернасць нацыянальным ідэалам. Як напісаў у фэйсбукуАляксей Ластоўскі, імпульсам да стварэння выставы стала перадача музею турэмнай вопраткі Наталлі Хершэ. 
Скарынаўка была створаная людзьмі, якія мусілі пакінуць Беларусь у выніку Другой сусветнай вайны. Яны ратавалі не толькі ўласныя жыцці. Яны захоўвалі таксама кнігі, рукапісы, творы мастацтва і рамяства, архівы. Яны скупалі іх у букіністычных крамах і на аўкцыёнах. І стваралі асяродкі, якія маглі б памнажаць тыя здабыткі. Яны верылі, што Беларусь будзе жыць.
Пры садзеянні лонданскай бібліятэкі былі апублікаваныя сотні беларусазнаўчых кніг і артыкулаў на розных мовах свету, сабраны архіў, створаныя музей і калекцыя твораў беларускага мастацтва. Лонданскі асяродак быў істотным фактарам у развіцці англамоўнага беларусазнаўства ў XX стагоддзі. І ўсё гэта — без дзяржаўнай фінансавай падтрымкі.