Трэцяя гадавіна вайны: Украіна вярнула больш за 50% тэрыторыі, акупаванай пасля 24 лютага 2022 года

Украіна тры гады супраціўляецца расійскай агрэсіі. Нягледзячы на напружаныя баі і перманентнае прасоўванне расійцаў на франтах, сілы абароны Украіны вярнулі больш за 50% тэрыторыі, акупаванай войскамі РФ пасля 24 лютага 2022 года. А сусветныя лідары працягваюць падтрымліваць Украіну.

277456586_2119294444896253_6703901855265001666_n.jpg

Ідзе 1097-мы дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры саўдзеле ў ёй рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За апошнія суткі ўздоўж усёй лініі фронту было зафіксавана 96 боесутыкненняў. Расія, выкарыстоўваючы сваю перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, атакуе ўкраінскія пазіцыі, піша Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 24 лютага.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 22 штурмавыя дзеянні войскаў РФ. На Ліманскім кірунку расійскія войскі атакавалі 15 разоў. Дзевяць штурмаў было спынена на Тарэцкім кірунку. На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 11 нападаў.

Украінскія войскі працягваюць аперацыю ў Курскай вобласці Расіі. За мінулыя суткі УСУ адбілі 19 штурмавых дзеянняў расійцаў. Авіяцыя РФ нанесла 22 удары па ўласнай тэрыторыі, скінуўшы пры гэтым 45 кіраваных авіябомбаў.

* * *

Аналітычны праект DeepState паведамляе, што расійцы прасунуліся ў Белагораўцы, каля Макееўкі і Ачэраватага Данецкай вобласці. Белагораўка на Луганшчыне апынулася ў «шэрай зоне», — гэта азначае, што немагчыма сказаць, якія войскі яе кантралююць: украінскія ці расійскія. Відавочна, што за гэты населены пункт ідуць баі.

* * *

У ноч на 23 лютага Расія выпусціла па Украіне 267 дронаў і тры балістычныя ракеты «Іскандэр-М»/KN-23, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.

Пацверджана збіццё 138 ударных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў. 119 беспілотнікаў былі лакацыйна страчаныя, тры з іх паляцелі ў кірунку Беларусі, адзін — у бок Расіі.

У ноч на панядзелак, 24 лютага беспілотнікі ў чарговы раз атакавалі Разанскі нафтаперапрацоўчы завод. Мясцовыя жыхары распавялі, што чулі некалькі ўдараў у раёне завода, а затым назіралі пажар. Гэта ўжо трэцяя атака на Разанскі НПЗ з пачатку года.

* * *

24_76.jpg

* * *

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) паказваюць, што Расія ўсё больш спадзяецца на Іран і Паўночную Карэю ў падтрымцы вайны супраць Украіны.

У справаздачы адзначаецца, што Іран у значнай ступені дазволіў Расіі наносіць начныя серыі маштабных удараў з беспілотнікаў, паколькі ён надаў Расіі беспілотнікі «Шахед» іранскай распрацоўкі і вытворчасці, а таксама дапамог Расіі стварыць уласны завод па вытворчасці «Шахедаў» у Рэспубліцы Татарстан.

Як заявіў начальнік Галоўнага ўпраўлення ваеннай разведкі Міністэрства абароны Украіны генерал-лейтэнант Кірыл Буданаў, палова расійскіх боепрыпасаў паступае з Паўночнай Карэі, і КНДР пачала маштабныя пастаўкі ў Расію 170-мм самаходных артылерыйскіх установак і 240-мм рэактыўных сістэм залпавага агню.

Таксама Буданаў дадаў, што Паўночная Карэя плануе даць Расіі 148 балістычных ракет, як мяркуецца, у 2025 годзе.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў суграмадзянам за гераізм з нагоды трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі. 

«Тры гады супраціву. Тры гады падзякі. Тры гады абсалютнага гераізму ўкраінцаў. Ганаруся Украінай! Дзякуй усім, хто абараняе яе і дапамагае. Усім, хто працуе ва Украіне. І вечная памяць кожнаму, хто аддаў сваё жыццё дзеля нашай дзяржавы і людзей», — напісаў у Facebook у панядзелак, 24 лютага Зяленскі.

* * *

Сілы абароны Украіны вярнулі больш за 50% тэрыторыі, акупаванай расійцамі пасля 24 лютага 2022 года, правялі шэраг эфектыўных абаронных і наступальных аперацый, заявіў у трэцюю гадавіну вайны галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў Facebook.

«Свет не верыў, што Украіна выстаіць, але ўкраінскі народ годна стрымлівае ўдары ворага. Мы разграмілі расійскую наступальную групоўку, адкінулі захопнікаў ад Кіева, вызвалілі поўнач Украіны, Харкаўшчыну і Херсон», — адзначыў генерал.

Па словах Сырскага, Курская аперацыя прадухіліла расійскі наступ на Сумшчыну і Харкаўшчыну. «Упершыню за 11 гадоў мы перанеслі маштабныя баявыя дзеянні на тэрыторыю праціўніка і працягваем утрымаць сотні квадратных кіламетраў Куршчыны», — заявіў галоўнакамандуючы.

* * *

У трэцюю гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Савет ЕС прыняў шырокамаштабны 16-ты пакет эканамічных і індывідуальных санкцый супраць РФ. Пакет складаецца з 83 пунктаў закранае важныя сектары расійскай эканомікі, уключаючы персанальныя санкцыі ў дачыненні да 48 чалавек і 35 арганізацый, адказных за дзеянні, якія падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны.

Сярод санкцый — захады ў дачыненні да «ценявога флоту» танкераў, што перавозяць расійскую нафту, забарона на транзакцыі з крэдытнымі і фінансавымі ўстановамі, фінансавыя абмежаванні, прыпыненне ліцэнзій на вяшчанне ў ЕС васьмі расійскіх СМІ, якія знаходзяцца пад кантролем расійскага кіраўніцтва.

Сённяшні пакет уключае дадатковыя абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі, якія адлюстроўваюць гандлёвыя санкцыі, узгодненыя супраць Расійскай Федэрацыі, а таксама іншыя меры, такія як абмежаванні па продажы або прадастаўленні паслуг і праграмнага забеспячэння, дэпазітаў і крыптавалютных гаманцоў, а таксама транспартных перавозак. Акрамя таго, Савет ЕС увёў новы крытэр уключэння ў пералік асоб, арганізацый або органаў, якія падтрымліваюць або атрымліваюць выгаду ад ваенна-прамысловага комплексу Беларусі.

Асобна ад ЕС свае санкцыі супраць Расіі сёння абвясцілі Аўстралія, Новая Зеландыя і Вялікабрытанія.

* * *

Раніцай 24 лютага, у трэцюю гадавіну поўнамаштабнага ўварвання РФ, у Кіеў прыбылі сусветныя лідары і кіраўніцтва ЕС. У Кіеве адбудзецца сустрэча, на якой абмяркуюць бяспеку і падтрымку Украіны.

У прыватнасці, ва Украіну прыехалі прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічас, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэм'ер-міністр Эстоніі Крыстэн Міхал, прэм'ер-міністр Іспаніі Пэдра Санчэс, прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо і прэзідэнт Еўрапейскага Савета Антоніў Кошта.

Таксама прыехалі лідары Фінляндыі, Даніі, Ісландыі, Нарвегіі і Швецыі, пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр Швецыі Ульф Крыстэрсан.