«Тое, што зрабілі беларусы, — гераізм у найвышэйшай ступені». Мінскі фатограф застаўся валанцёрам у Адэсе
У 2021 годзе фатограф і мастак камп'ютарнай графікі Аляксандр Зяньковіч з’ехаў з Беларусі, падарожнічаў па свеце, спыніўся ў Польшчы. На пачатку лютага Аляксандр прыехаў да сябра ў Кіеў, дзе добра бавіў час і лічыў вайну немагчымай. Вайна ўсё ж застала беларускага фатографа ў Адэсе, і ён вырашыў там застацца, каб дапамагаць мясцовым рыхтавацца да абароны горада.
«Гэты сцэнар падаваўся мне неверагодным»
— Да прыезду ў Адэсу я дзесяць дзён правёў у Кіеве, наведваў сяброў. Там стала вядома, што мужчын з беларускім пашпартам ва Украіну ўжо не пускаюць. Я зразумеў, што, калі выеду адсюль, невядома, калі будзе шанец вярнуцца. Таму вырашыў падарожнічаць па краіне, паехаў у Адэсу. Праз тыдзень пачалася вайна.
У вайну я ўвогуле не верыў, гэты сцэнар мне падаваўся неверагодным. Я нават уявіць сабе не мог, што паўнамаштабная вайна зараз магчымая. Але абстаноўка навокал прымушала да разваг наконт таго, што я буду рабіць у выпадку, калі горшае ўсё ж здарыцца. Тады я вырашыў, што пастараюся застацца ва Украіне. Але ў мяне не было дакладнага разумення, што такое вайна, я ніколі яе не бачыў. Таму і не ведаю, ці хопіць мужнасці застацца ва Украіне, калі над галавой пачнуць лётаць ракеты.
Калі вайна пачалася, першай рэакцыяй было адмаўленне. Раніцай прачнуўся, убачыў паведамленне ад бацькі, ён пытаўся, што ў нас тут адбываецца, казаў, што бамбяць Украіну. А ў Адэсе было ціха, я адказаў, што гэта ўсё лухта, у нас спакойна. Потым адкрыў навіны, убачыў, што сапраўды ідуць ваенныя дзеянні.
Пазней мне напісалі знаёмыя з суполкі «Беларусы ў Адэсе», сказалі, што ёсць вольнае месца ў машыне, прапанавалі хутка сабраць рэчы і ехаць з імі. Я папрасіў крыху пачакаць, прывёў думкі ў парадак і вырашыў, што ўсё ж застануся, паспрабую тут быць карысным, а далей пагляджу па абставінах. Калі ўсё зусім будзе дрэнна і спатрэбіцца днямі хавацца ў бамбасховішчы, тады, напэўна, буду шукаць варыянты, як з’ехаць. На шчасце, пакуль Адэсу асабліва не кранаюць. Сірэны выюць, перыядычна нешта ў небе збіваюць, але збольшага спакойна. Толькі аднойчы кіламетраў у 15 ад нас упала нейкая ракета — вось тады было страшна, дома падлога пад нагамі задрыжала. Нават не магу сабе ўявіць, што адчуваюць людзі, калі ракеты падаюць каля іх ці ўвогуле трапляюць у іх дом.
«Калі актыўна нечым займаешся, перастаеш быць ахвярай»
— Я запісаўся ў валанцёрскую арганізацыю і стараюся дапамагаць бежанцам. Займаемся тым, у чым ёсць патрэба. Збіраем і адвозім пэўныя рэчы, гуманітарку… А вось апошнім часам дапамагаю хлопцам, якія самі робяць бронекамізэлькі з металічных пласцін — зварваюць іх і аддаюць швачкам.
Мне пакуль складана апісаць асабістыя пачуцці і эмоцыі. З першага дня вырашыў, што трэба як мага больш удзельнічаць у валанцёрскіх рухах, фатаграфаваць, карацей, увесь час быць занятым. Псіхолагі раяць менавіта такім чынам пераадольваць стрэсавыя сітуацыі. Калі актыўна нечым займаешся, здабываеш суб’ектнасць, перастаеш быць ахвярай, становішся ўдзельнікам — і тады лягчэй усё перажываць. Гэта мой спосаб спраўляцца з тым жахам, які назіраю навокал А калі нічога не рабіць і глядзець жудасныя відэа ў навінах, рэфлексаваць — вельмі проста ўпасці ў паніку.
Я шмат размаўляю з мясцовымі і адзначаю, што агульнага заняпаду і страху ў Адэсе няма. Наадварот, людзі вельмі натхнёныя, яны зараджаюцца народнай еднасцю і салідарнасцю, якая ахапіла ўсю краіну. Да таго ж, кожны чалавек стараецца сябе неяк прымяніць.
«Дапамажыце! Тут беларус нешта здымае!»
— Я неяк ішоў з фотаапаратам па горадзе, і да мяне падыйшла мясцовая бабулька, вельмі адказная. Пачала дапытвацца, хто я такі і што здымаю — тут сапраўды ёсць засланыя шпіёны, якія нешта здымаюць у варожых мэтах, нейкія пазнакі ставяць, таму мясцовыя жыхары стараюцца быць пільнымі. Дык вось бабулька спытала, ці я адэсіт. Кажу: «Не, беларус». І як толькі яна дазналася, што я беларус, выбегла на дарогу, пачала крычаць: «Дапамажыце! Тут беларус нешта здымае!» Спынілася машына, з яе выйшлі двое маладых хлопцаў. Мы з імі паразмаўлялі, я паказаў свой тэлефон, фотаапарат. Яны хутка зразумелі, што я «свой», і супакоілі бабульку. Тыя хлопцы былі валанцёрамі. Бабулька сказала ім, што яна прафесійная швачка, дома ёсць машынка, можа шыць бронекамізэлькі. Яны абмяняліся кантактамі, і цяпер яна дапамагае ім.
Я таксама з хлопцамі дагэтуль супрацоўнічаю. Яны ў той дзень сказалі, што едуць на пляж дапамагаць збіраць пясок для барыкадаў, і я паехаў з імі — таксама дапамагаць. Тут, у Адэсе, кожная другая машына ў горадзе з налепкай «валанцёр». Людзі здаюць свае асабістыя рэчы ў гуманітарку, бачна, што грошай асабліва ў людзей няма, але ўсё роўна цягнуць усё цёплае, усё для арміі, для УСУ, для перамогі. Як падчас Другой сусветнай у тыле было ўсё для фронту, так і зараз тут.
«Сірэна вые, а ў парку бацькі з дзецьмі гуляюць»
— З пачаткам вайны горад вельмі змяніўся. Гэты быў вельмі жывы, квітнеючы горад. Пасля Польшчы, дзе мне было сумнавата, розніца адразу адчувалася. Там людзі проста соўкаюцца па горадзе па справах альбо сядзяць дома, а сюды як прыязджаеш — Адэса проста дыхае жыццём.
Але калі пачалася вайна, горад моцна апусцеў. Вельмі шмат было бежанцаў, людзі з’яжджалі аўтобусамі. У першую чаргу выехалі тыя, у каго былі дзеці. Гэта зразумела, таму што для дзіцёнка вайна — траўма на ўсё жыццё, навошта гэта. А мужыкі засталіся тут. Хаця дзяцей я і сёння бачу ў парках, іх усё ж засталося даволі шмат.
Увогуле людзі вельмі па-рознаму сябе паводзяць. Калі ўключаюцца сірэны, нехта рэагуе вельмі бурна. Напрыклад, стаяў у краме і бачыў, як людзі адразу ж кідаюць кошыкі з прадуктамі, бягуць у сховішчы. Праз пару хвілін выходзіш з крамы — сірэна ўсё яшчэ вые, а ў парку бацькі з дзецьмі гуляюць. Таму ўзнікае дысананс, не разумееш, як успрымаць тое, што адбываецца.
Даволі цікава было назіраць за горадам восьмага сакавіка. Ідзе вайна, падаецца, не да святаў, не да кветак, але, тым не менш, свята праходзіла, і нават вельмі жыва. Раптоўна на вуліцах з’явілася шмат людзей, нават негледзячы на тое, што надвор’е было вельмі дрэннае. Адэса запоўнілася маленькімі кветкавымі маркетамі. Нават старыя людзі куплялі тульпаны сваім бабулькам, гэта было так прыхожа і кранальна. Вайна вайной, а ўсё ж людзі не забываюць пра маленькія радасці, у якіх нельга сабе адмаўляць.
«Украінцы нават ведаюць слова “ябацька”»
— Калі пачынаю размову з мясцовымі, адразу паведамляю, што я беларус, каб убачыць іх рэакцыю. Калі чалавек змяняецца ў твары, праступае нейкі негатыў, тады мне становіцца нават цікавей, таму што хочацца даведацца, чаму чалавек так ставіцца да беларусаў. Але ў мяне, падаецца, быў толькі адзін такі суразмоўца. Таму мае адносіны з мясцовымі абсалютна нармальныя, часам людзі нават захапляюцца тым, што я мог бы ў любы момант сабрацца і з’ехаць, але вось застаўся і стараюся неяк дапамагаць. Да беларусаў тут вельмі лаяльна ставяцца. Аднойчы мяне спыніла паліцыя, даведаліся, што я беларус, і адрэагавалі нармальна, не было ніякай насцярожанасці.
Наўрад ці ўкраінцы ўспрымаюць нас як акупантаў. Усё ж яны бачаць розніцу паміж нашым народам і ўладай. Большасць украінцаў сачылі за тым, што адбывалася ў нас у 2020 годзе. Яны нават ведаюць слова «ябацька».
«У Беларусі выбачаюцца не тыя»
— Я не падтрымліваю пакаяльны флэшмоб беларусаў. Не ў тым сэнсе, што лічу, нібыта нам няма за што выбачацца, а ў тым, што выбачаюцца не тыя. Асабіста ў мяне няма аніякага пачуцця вінаватасці за тое, што я беларус, наадварот, я ганаруся гэтым. Я з мокрымі вачыма глядзеў на відэа з выбарчых участкаў падчас рэферэндуму, на людзей, якія скандавалі «Не вайне!», а ўвечары яшчэ і выйшлі на вуліцы. Я ведаю кошт гэтаму выхаду. Я тры разы сядзеў у беларускіх вязніцах, праходзіў праз усе гэтыя катаванні і разумею, што адчуваюць людзі, якія зараз у Беларусі.
На жаль, зараз з усіх бакоў да беларусаў гучаць папрокі. Я чую абвінавачанні нават у стрымах некаторых незалежных беларускіх медыя. Нават Сяргей Чалы ў адным з апошніх стрымаў выдаў эмацыйную прамову наконт таго, што мы нібыта прамянялі салідарнасць на страх. Так могуць казаць толькі людзі, якія ніколі не былі ў ізалятарах на Акрэсціна, у Жодзіне, у Баранавічах. Калі ты ў бяспецы, вельмі проста гаварыць, якія ўсе вінаватыя. І ўсё ж людзі выйшлі, разумеючы, чым гэта можа ім пагражаць, што могуць не толькі даць 15 сутак пакут і здзекаў, а ўзбудзіць «крыміналку». Таму я лічу, што тое, што зрабілі беларусы — гераізм у найвышэйшай ступені. І аднаго разу было дастаткова.
Фота Аляксандра Зяньковіча ў «Новым Часе»
А людзей зараз проста штурхаюць віламі, каб яны выходзілі на вуліцы. Не час зараз выходзіць на вуліцы. Ёсць такое паняцце — калектыўны розум. У 2020 годзе людзі адчулі момант, калі патрэбна выйсці і ўсе выйшлі, хоць ніхто і не заклікаў. А зараз, калі людзі будуць выходзіць, іх проста будуць зноў збіваць, затрымліваць, катаваць і скончыцца ўсё гэта толькі новымі ахвярамі. Таму людзі самі адчуюць, калі прыйдзе момант, і не трэба нікога штурхаць у спіну. Тым больш, калі людзі, якія самі знаходзяцца ў бяспецы, заклікаюць іншых да такіх небяспечных дзеянняў — гэта гучыць вельмі вераломна.
«Сваю будучыню я звязваю толькі з Беларуссю»
— Мне падаецца, што Україна ўжо перамагла ў гэтай вайне. Я лічу, што ў войнах увогуле вельмі недаацэньваюць такі рэсурс, як баявы дух, настрой. Расійскія вайскоўцы наўрад ці ўвогуле разумеюць, за што яны ваююць, а з такім настроем дакладна не перамагчы. Украінцы будуць біцца да апошняга. Генерал Лебедзь казаў, што лепшыя салдаты — гэта людзі, якія, выходзячы раніцай з дому, нават не думалі пра вайну, а, вяртаючыся ўвечары, бачаць замест свайго дома варонку, у якой зніклі жонка, дзеці, бацькі… Пасля гэтага чалавек ужо ператвараецца ў ваўка, які будзе рваць ворага на часткі, і яму за гэта нічога не будзе патрэбна, таму што патрэбна яму толькі помста. Гэта вельмі моцнае пачуццё, і я думаю, менавіта яно зараз рухае многімі ўкраінцамі. Яны зараз такія цвёрдыя ў намерах адстаяць сваю зямлю, што перамагчы іх проста немагчыма. Таму я лічу, што Расія ўжо прайграла. Але колькі гэты жах яшчэ можа цягнуцца — чорт яго ведае, на жаль, можа і вельмі доўга.
Сваю будучыню я звязваю толькі з Беларуссю. Любая іншая кропка на мапе — толькі часовы мой прытулак. Да вайны я думаў, што існаванне рэжыму ў Беларусі можа расцягнуцца яшчэ гадоў на 10, таму шукаў месца, дзе мне было б камфортна жыць. У Адэсе я ўпершыню адчуў сябе як дома, нават пачаў займацца пытаннямі легалізацыі. Але здарылася вайна. Думаю, з заканчэннем гэтай вайны будзе канец і Пуціна, і Лукашэнкі. У свабодную Беларусь я вярнуся адразу. Хаця мне тут вельмі падабаецца, на Радзіме ў нас яшчэ шмат спраў.