Спякотныя выбары: сексот-апанент і элегантная перамога дзейнага прэзідэнта

9 ліпеня  ва Узбекістане прайшлі датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. Паводле беларускага палітычнага лексікону іх можна смела назваць «элегантнымі».

Ва Узбекістане 9 ліпеня прайшлі прэзідэнцкія выбары. Фота: kaztag.kz


Ва Узбекістане 9 ліпеня прайшлі прэзідэнцкія выбары. Фота: kaztag.kz

Аб датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах ва Узбекістане было абвешчана пасля канстытуцыйнага рэферэндуму 30 красавіка. Навіна трошкі агаломшыла ўзбекаў. Справа ў тым, што выбары прызначылі на ліпень, калі тэмпература ва Узбекістане дасягае пікавых паказчыкаў. Аднак, як адзначыў прэзідэнт Шаўкат Мірзіёеў, «новая Канстытуцыя ставіць новыя палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя задачы, вырашэнне якіх нельга адкладаць».

Асноўная прычына экстранай канстытуцыйнай рэформы і, адпаведна, датэрміновых выбараў гаранта (іх вырашылі правесці на тры з паловай гады раней за тэрмін) да гэтага часу многім цалкам незразумелая. Магчыма, улады вырашылі перастрахавацца з улікам падзей у свеце: міжнароднай нестабільнасці, супрацьстаяння паміж Захадам і Расіяй, вайны ва Украіне і сітуацыі, якая склалася паміж Кітаем і краінамі Захаду. Ёсць версія, што прага рэфармавання неяк злучана з разборкамі паміж узбекскімі кланамі. Каб падтрымаць статус-кво Мірзіёеў, маўляў, вырашыў датэрмінова падоўжыць свае прэзідэнцкія паўнамоцтвы.

Усяго Мірзіёеву супрацьстаялі аж чатыры кандыдаты. Аднак усе гэтыя апаненты шырокай публіцы былі практычна невядомыя. Ёсць уражанне, што вядомасць ім наогул была не патрэбна. Напрыклад, сапернікі Мірзіёева адмовіліся ад асабістага ўдзелу ў тэледэбатах з ім, паслаўшы ў студыю сваіх прадстаўнікоў. Мяркуючы па ўсім, улады падазравалі, што інсцэніраваць для Захаду запеклую выбарчую гонку за кошт кандыдатаў-статыстаў не атрымаецца. Таму запусцілі план Б, галоўная роля ў якім адводзілася нейкаму Хідзірназару Алакулаву. Апошні працаваў у адным з мясцовых універсітэтаў і пагарэў на хабары. Каб пазбегнуць праблем, Хідзірназар пагадзіўся працаваць на «кантору».

Напярэдадні выбараў пра завербаванага выкладчыка ўспомнілі і акурат перад прыездам інспектараў БДІПЧ АБСЕ далі важнае заданне — іграць радыкальную апазіцыю, якая, як мусілі асабіста пераканацца назіральнікі, можа свабодна працаваць ва Узбекістане. У рамках сваёй «дысідэнцкай дзейнасці» Алакулаў збіраў подпісы за стварэнне новай антыўрадавай партыі. І тут адбылося фантастычнае «палева». У Фергане «дысідэнт», мабыць, пераблытаў інструкцыі куратара і пабіўся з міліцыянерам прама на вуліцы. Яго затрымалі, аднак тут жа, пасля званка адкуль трэба, выпусцілі. Такая развязка выклікала ў шматлікіх узбекаў шок. У краіне, дзе дзяўчынак-блогераў саджаюць за каментары на 15 сутак, галоўнага дысідэнта праз пяць хвілін пасля затрымання вызвалілі з турмы. Усім стала ясна, што Алакулаў працуе на ўладу. Неўзабаве стала таксама вядомай гісторыя аб тым, як ён стаў сексотам.

На фоне апатычнай кампаніі «апазіцыі» кампанія Мірзіёева была вельмі прыкметнай (у тым ліку і таму, што яе асвятлялі ва ўсіх медыя). Ён актыўна ездзіў па краіне, расказваючы аб задачах на бліжэйшыя гады ў сферы адукацыі, сацыяльным забеспячэнні, эканоміцы, ахове навакольнага асяроддзя, вяршэнстве закона і пабудове «новага Узбекістана — бяспечнай і мірнай дзяржавы». Акрамя таго, прэзідэнт шмат абяцаў. Напрыклад, кляўся забяспечыць усе населеныя пункты чыстай пітной вадой і пабудаваць дадаткова мільён кватэр. У дзень галасавання назіральнікі з АБСЕ сталі сведкамі традыцыйных на прасторы экс-СССР з'яў: дадавання вялікай колькасці выбаршчыкаў у дадатковыя спісы, допуск да галасавання выбаршчыкаў, якія не маюць пасведчання асобы, давернае галасаванне і незахаванне таямніцы галасавання. Акрамя таго, на некаторых выбарчых участках яны адзначылі прыкметы ўкідвання бюлетэняў, а таксама шматлікія выпадкі ідэнтычных з выгляду подпісаў у спісах выбаршчыкаў. Эксперты таксама выказалі сумневы ў сумленнасці падліку галасоў, паколькі гэты працэс быў недастаткова празрыстым. Адначасова на працягу дня галасавання супрацоўнікі БДІПЧ АБСЕ пастаянна назіралі неадпаведнасць паміж колькасцю прагаласавалых выбаршчыкаў і афіцыйна заяўленымі папярэднімі паказчыкамі яўкі.

У гэтым плане цікавая дастаткова мяккая рэакцыя на выбары з боку амерыканскай дыпламатыі. Амбасада ЗША ў Ташкенце па выніках датэрміновых выбараў прэзідэнта Узбекістана заявіла, што «высока ацэньвае ўдзел грамадзян Узбекістана ў выбарах і адзначае падтрымку імі прэзідэнта Шаўката Мірзіеёва на выбарчых участках». Верагодна, Вашынгтон ухіліўся ад крытыкі з прычыны геапалітычных абставін.

Што да канчатковых вынікаў, то ў прынцыпе яны былі чаканыя. Паводле папярэдніх звестак ЦВК, дзейны кіраўнік дзяржавы, у перамозе якога мала хто сумняваўся, набраў 87,05% галасоў. 

Думаецца, гэта не мяжа. Пайшлі чуткі, што наступныя выбары ва Узбекістане будуць поўнасцю на электроннай аснове. Як паказвае досвед электроннага галасавання ў суседнім Казахстане, такі фармат выбараў дазваляе ўладам маляваць любую лічбу. Дарэчы, чакаць, магчыма, засталося нядоўга. Вось-вось павінна быць аб'яўлена дата датэрміновых выбараў у парламент, якія завершаць палітычны цыкл канстытуцыйнай рэформы ва Узбекістане.