СМІ: Трамп спадзяецца закончыць вайну ва Украіне на наступным тыдні
Падобна на тое, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп цалкам адарваўся ад рэальнасці, і існуе ў сваёй «інфармацыйнай бурбалцы», дзе Расія хоча скончыць вайну разам з ім. А ў той жа час ягоныя словы аспрэчвае нават ягонае ж Міністэрства абароны. Ідзе 1096-ты дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры саўдзеле ў ёй рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Усяго за мінулыя суткі зафіксавана 112 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ у ранішняй зводцы 23 лютага.
Па-ранейшаму напружаны Пакроўскі кірунак: там Сілы абароны Украіны спынілі 34 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян
На Ліманскім кірунку расіяне 13 разоў спрабавалі ўклініцца ва ўкраінскую абарону паблізу населеных пунктаў Іванаўка, Ямпалаўка і ў Серабранскім лесе. На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 13 атак непадалёк Тарэцка і ў напрамку Дыліеўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку расіяне за мінулыя суткі атакавалі восем разоў, на Краматорскім кірунку зафіксавана шэсць атак, пяць атак — на Харкаўскім кірунку.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі УСУ адбілі 13 атак арміі РФ. Праціўнік нанёс 20 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 28 КАБ.
* * *
У ноч на 23 лютага Расія выпусціла па Украіне 267 дронаў і тры балістычныя ракеты «Іскандэр-М»/KN-23, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.
Пацверджана збіццё 138 ударных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў. 119 беспілотнікаў былі лакацыйна страчаныя, тры з іх паляцелі ў кірунку Беларусі, адзін — у Расію.
У выніку ракетнага ўдару па Крывым Рогу ў суботу ўвечары пашкоджаны інфраструктурны аб'ект. Загінуў мужчына, яшчэ чатыры чалавекі атрымалі раненні.
У Адэскім раёне ўдарны беспілотнік трапіў у прыватны дом-пацярпелі тры чалавекі.
* * *

* * *
Трамп «цалкам упэўнены», што зможа пакласці канец «канфлікту» ва Украіне на наступным тыдні, заявіла журналістам прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Лівіт, паведамляе The Hill.
«Прэзідэнт і яго каманда сканцэнтраваны на працягу перамоваў з абодвума бакамі гэтай вайны, каб пакласці канец канфлікту, і прэзідэнт абсалютна ўпэўнены, што мы можам зрабіць гэта на гэтым тыдні», — сказала яна.
Выданне адзначае, што каментары Лівіт прагучалі пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі «не мае карт» і яму варта ўстрымацца ад перамоваў з міжнароднымі лідарамі, якія тычацца далейшых мірных перамоваў.
Пры гэтым падобных заяў ад самога Трампа аб такіх тэрмінах завяршэння вайны не было.
* * *
«Голас Амерыкі» са спасылкай на звесткі Пентагона і міжведамаснай назіральнай групы, якая адказвае за прадстаўленне справаздач Кангрэсу, паведамляе, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ЗША далі Украіне блізу 183 мільярдаў долараў дапамогі, з іх 65,9 мільярдаў долараў былі выдаткаваныя на вайсковую падтрымку Украіны.
Яшчэ 3,9 мільярды долараў, ухваленыя Кангрэсам, застаюцца нявыкарыстанымі.
«Каля 58 мільярдаў долараў са 183 мільярдаў долараў агульнай дапамогі Украіне было выдаткавана ў ЗША. Гэтыя сродкі былі накіраваныя непасрэдна на развіццё амерыканскай абароннай прамысловасці ці шляхам замены старой зброі, перададзенай Кіеву, на новую зброю амерыканскай вытворчасці, ці шляхам прамых інвестыцый у прамысловасць» — адзначыў «Голас Амерыкі».
СМІ звярнулася ў Белы дом з просьбай пракаментаваць «матэматычную неадпаведнасць» заяў Трампа аб выдатках на дапамогу Украіне. У адказ Белы дом працытаваў Трампа: «Пасрэдна паспяховы комік Уладзімір Зяленскі пераканаў Злучаныя Штаты Амерыкі выдаткаваць 350 мільярдаў долараў на вайну, якую немагчыма выйграць, якая ніколі не павінна была пачынацца, але вайну, якую ён без ЗША і Трампа ніколі не зможа ўрэгуляваць».
* * *
Еўрасаюз вывучае дадатковыя спосабы выкарыстання замарожаных на яго тэрыторыі актываў РФ і іх канфіскацыю для кампенсацыі страт Украіне, піша Bloomberg.
Крыніцы Bloomberg кажуць, што ў Еўрасаюзе абмяркоўваюць тэарэтычны варыянт канфіскацыі замарожаных актываў Расіі, калі яна адмовіцца кампенсаваць страты. Кошт канфіскаваных актываў будзе кампенсаваны абавязацельствамі Расіі ў кампенсацыі шкоды ў патэнцыйным мірным пагадненні, адзначылі суразмоўцы агенцтва.
Іншы варыянт, які абмяркоўваецца ў Еўрасаюзе, мяркуе, што краіны-чальцы атрымаюць паўнамоцтвы канфіскаваць суверэнныя актывы Расіі, каб кампенсаваць разбурэнні энергетычнай інфраструктуры Украіны, гаворыцца ў матэрыяле агенцтва.
У гэтым кантэксце чыноўнікі Еўрасаюзу высвятляюць, ці магчымая такая канфіскацыя на падставе, да прыкладу, пастановы міжнароднага крымінальнага суда і ці адпавядае яна крымінальнаму заканадаўству краін – чальцоў ЕС.
ЕС, краіны G7 і Аўстралія замарозілі каля 280 мільярдаў долараў актываў расійскага цэнтральнага банка ў выглядзе каштоўных папер і наяўнасці, у асноўным праз бельгійскі клірынгавы цэнтр Euroclear. Санкцыі, уведзеныя супраць расійскіх грамадзян, прывялі да замарожвання актываў на суму яшчэ блізу 58 мільярдаў долараў актываў.
* * *
Эстонія перадае Украіне новы пакет вайсковай дапамогі, напісаў у Х прэм'ер-міністр Эстоніі Крыстэн Міхал.
«Каб умацаваць пазіцыі Украіны і ўзмацніць ціск на Расію, Эстонія адпраўляе 10 тысяч артылерыйскіх боепрыпасаў і 750 тысяч прадуктовых набораў для ўкраінскіх байцоў», — напісаў ён.
Акрамя таго, з ягоных слоў, пры першай жа магчымасці гэтая дапамога будзе дапоўненая «нашай уласнай прадукцыяй абароннай прамысловасці на суму больш за 100 млн еўра».