Шатландыя. Год пасля рэферэндуму

Год таму шатландцы не падтрымалі праект выхаду краю са складу Аб’яднанага Каралеўства. Але, па сутнасці ў Шатландыі пачаўся працэс «Ulsterification» — фармавання адрознай ад англійскай палітычнай канфігурацыі.



shatlandyja_niezalieznascj_refierendum_logo.jpg

Калі 18 верасня 2014 года сталі вядомыя вынікі рэферэндуму (45% — за незалежнасць і 55% — супраць), нават самыя вялікія аматары незалежнай Шатландыі максімальна асцярожна казалі пра перспектывы. Прынамсі, Алекс Салманд, шатландскі прэм’ер ад Партыі нацыяналістаў (SNP), пабаяўся называць якую-небудзь канкрэтную дату наступнай спробы абвясціць суверэнітэт. Як пісала прэса, у кіраўніцтве SNP разумелі, што другі запар правал можа паставіць крыж на незалежніцкім праекце на доўгі час.

Нацыяналісты замест гэтага акцэнтавалі ўвагу на вялікім працэнце тых, хто прагаласаваў «за», на тым факце, што колькасць сяброў SNP у выніку кампаніі вырасла ў тры разы і г.д. Сапраўды, 45 працэнтаў тых, хто падтрымаў на рэферэндуме прапанову SNP — гэта вельмі шмат, калі ўзгадаць, што яшчэ 20–30 гадоў таму шатландцы ў большасці былі нават супраць стварэння Holyrood (шатландскі парламент).

Нацыянальным канцэпцыям не спрыяе і глабальная эканамічная кан’юнктура. Падзенне сусветных коштаў на нафту пазбавіла Салманда і яго аднадумцаў іх галоўнага агітацыйнага козыру — за кошт эксплуатацыі шатландскіх карысных выкапняў у Паўночным моры забяспечыць у незалежнай Шатландыі сацыяльныя стандарты не меншыя за нарвежскія і стварыць гарантыі для моцнай мясцовай валюты. Паводле разлікаў эканамістаў, нізкія кошты на энерганосьбіты ўжо зараз стварылі дзірку ў шатландскім бюджэце памерам у 7 мільярдаў фунтаў, якую можна кампенсаваць выключна за кошт датацый з Лондану.

Аднак праз год, нягледзячы на ўзгаданыя мінорныя абставіны, тэма магчымага хуткага рэферэндуму пра незалежнасць не знікае з павесткі дня. Пра гэта сведчаць вынікі апытанняў, якія прыводзіць выданне «Financial Times». У выпадку правядзення новага апытання на гэты конт каля 44 працэнтаў шатландцаў аддадуць голас за суверэнітэт краю. Столькі ж прагаласуюць супраць. Што дае глебу для падтрымання і нараджэння новых незалежніцкіх ілюзій?

Перш за ўсё, крызіс цяперашняй брытанскай палітычнай эліты, якая год таму была прамоўтарам кампаніі «Better together». Сёння «юніяністы» знаходзяцца ў дэмаралізаваным стане.

Лепшым маркерам тут ёсць нядаўняе трыумфальнае абранне на пасаду лідара галоўнай апазіцыйнай партыі Джэрымі Корбіна (Jeremy Corbyn). Як прызнаюць архіварыусы, яшчэ ніколі ў партыйнай гісторыі, нават у часы славутага брытанскага ўсеагульнага страйку 1926 года, лейбарысты не мелі такога леварадыкальнага правадыра. Сам Корбін, хаця і браў удзел у «Better together», не супраць пашырэння аўтаномных свабодаў Шатландыі.

Вельмі кепска выглядаюць у вачах грамадства і кансерватары — галоўная партыя, якая абараняе існуючую мадэль англа-шатландскай уніі. Можна пачаць з таго, што торы вельмі шмат інвеставалі ў стварэнне іміджу нашчадкаў імперскай традыцыі, у тым ліку, каб прыцягнуць інтарэс выбаршчыкаў Партыі незалежнасці Аб’яднанага Каралеўства (UKIP). Каб трымаць марку, яны часам робяць вельмі супярэчлівыя заявы — аж да заклікаў абмежаваць аўтаномію краю, што ўнутры Шатландыі не падабаецца ўмераным аматарам англа-шатландскай інтэграцыі.

Свой унёсак у імкліва нарастаючую кампраметацыю торы нясе так званы «Рiggate». Гэта мегаскандал вакол персоны кіраўніка кабінету, які выбухнуў на пачатку тыдня. Выбуховым рэчывам сталі апублікаваныя фрагменты мемуараў Майкла Ашкрафта (Michael Ashcroft), аднаго з аднакурснікаў Дэвіда Кэмерана. Калі верыць Майклу, прэм’ер у часы бурнай маладосці браў удзел у брутальных студэнцкіх рытуалах. У тым ліку, для ўступлення ў нейкую арганізацыю ўкладаў інтымныя часткі цела ў галаву мёртвай свінні.

З-за ўпартага маўчання з Даўнінг-Стрыт «Рiggate» з кожнай хвілінай набірае абароты, а яго вынікі спрагназаваць вельмі цяжка. У тым ліку таму, што сама кніга трапіць у крамы толькі ў кастрычніку, а яе асноўнай фішкай стане анансаванне выдаўцамі змешчанага на старонках фота прэм’ера і галавы свінні. Так ці інакш, на тле разбэшчанасці лонданскай эліты шатландскія палітыкі выглядаюць сапраўднымі маралістамі.

Як адзначаюць палітолагі, па сутнасці ў Шатландыі пачаўся працэс «Ulsterification» — фармавання адрознай ад англійскай палітычнай канфігурацыі, якая даўно існуе ў Ольстары (Паўночная Ірландыя). Там усё верціцца вакол канкурэнцыі праірландскіх рэспубліканцаў і пратэстантаў. Нешта падобнае цяпер чакае і Шатландыю, дзе асноўнымі апанентамі выступаюць нацыяналісты і лейбарысты.

Тэмпы дрэйфу грамадскай думкі ў бок падтрымкі незалежнасці могуць паскорыць або прытармазіць дзве рэчы. Гэта мясцовыя выбары ў Шатландыі ўвесну наступнага года. Новы лідар SNP Нікола Старджэн (Nicola Sturgeon) заявіла, што ў выпадку перамогі яе партыі гатовая прызначыць новы рэферэндум на працягу наступных 5–10 гадоў. Другі фактар — вынік рэферэндуму аб выхадзе Вялікабрытаніі са складу ЕС, які плануюць правесці ў 2017 годзе. Па сутнасці, гэта будзе правобраз плебісцыту пра давер цэнтральнаму ўраду, паколькі шатландскія нацыяналісты бачаць край часткай Еўрасаюзу.

Калі большасць шатландцаў прагаласуе супраць выхаду, то, кажучы словамі аднаго з палітолагаў, пачне цікаць часавая бомба — SNP, натхнёная гэтымі лічбамі, пачне планаваць новы рэферэндум. «Financial Times» лічыць, што новы рэферэндум наконт незалежнасці Шатландыі адбудзецца ў 2025 годзе.