Саудаўская Аравія прызнала, што журналіст Хашогі забіты
Саудаўская Аравія прызнала гібель журналіста Джамаля Хашогі ў стамбульскім консульстве. Ён нібыта памёр у выніку бойкі. Затрыманыя 18 чалавек.
Улады Саудаўскай Аравіі абвясцілі ў ноч на 20 кастрычніка, што журналіст Джамаль Хашогі загінуў у выніку «бойкі» ў Саудаўскім консульстве ў Стамбуле.
«Папярэдняе расследаванне паказала, што падазраваныя накіраваліся ў Стамбул для сустрэчы з Джамалем Хашогі, бо была інфармацыя пра яго магчымае вяртанне ў краіну. У консульстве размова падазраваных з Хашогі пайшла па негатыўнаму шляху і вылілася ў бойку. Гэта прывяло да яго смерці і да спробы схаваць тое, што здарылася», — сказана ў заяве афіцыйнага Агенцтва Саудаўскай Аравіі.
У сувязі з гібеллю журналіста арыштаваныя 18 саудаўскіх падданых. Намеснік кіраўніка разведкі Ахмед Асірыі і дарадца каралеўскага суда Сауд аль-Кахтані, якога Reuters называе правай рукой наследнага прынца Мухамада бін Салмана, адхіленыя ад сваіх пасадаў. Акрамя таго, кароль Салман загадаў стварыць камісію пад кіраўніцтвам кронпрынца па рэфармаванні і мадэрнізацыі саудаўскай выведкі, паведамляе тэлеканал «Аль-Арабія».
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў заяву саудаўскіх уладаў «добрым першым крокам» і пацвердзіў, што лічыць выкладзеную версію праўдападобнай. «Было б лепш, каб мы ў якасці мер у адказ не адмянілі праекты на 110 мільярдаў долараў, гэта значыць на 600 тысяч працоўных месцаў», — сказаў прэзідэнт ЗША.
Раней Сірыя катэгарычна адмаўляла дачыненне да знікнення і меркаванай гібелі Джамаля Хашогі, які знік пасля візіту ў консульства Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле 2 кастрычніка. Крыніцы ў турэцкіх сілавых органах сцвярджалі, што журналіста забілі супрацоўнікі саудаўскіх спецслужбаў, якія прыбылі ў Турцыю спецыяльна для гэтага.
Паводле meduza.io