Расійскія хакеры спрабавалі ўзламаць кампутары МЗС Польшчы

Знешнепалітычнаму ведамству Польшчы ўдалося ўстаяць перад атакай віртуальных шпіёнаў.

c2b88bc2_02e0_43cf_901d_e6144b60c8c8.file

Газета Rzeczpospolita паведамляе пра спробу ўзлому кампутараў МЗС Польшчы, якая мела месца ў снежні. Некалькі супрацоўнікаў міністэрства атрымалі электронныя лісты нібыта са штаб-кватэры NATO. Пры спробе адкрыць далучаныя файлы на кампутар усталёўваўся траянскі вірус, які выкрадаў дадзеныя.

Хакерскі напад цяжка было заўважыць, зазначае Міністэрства замежных справаў. Сітуацыю ўскладняў факт, што для атакі быў выкарыстаны сервер МЗС, размешчаны ў адной з дзяржаваў Лацінскай Амерыкі.

МЗС і фірма Prevenity, якая адказвае за віртуальную бяспеку польскіх дзяржаўных устаноў, упэўненыя, што атаку правяла група APT28, вядомая таксама пад назвай Sofacy i Fancy Bear. У цяперашні час гэта найбольш вядомая кібергрупа свету.

У прыватнасці, хакеры з гэтай групы ўзламалі серверы ў нямецкім парламенце і на французскім тэлебачанні TV5 Monde. Летась віртуальныя шпіёны здзейснілі атаку на Сусветнае антыдэмпінгавае агенцтва і АБСЕ, а ў апошні час на ўрадавыя інстытуты Нарвегіі. Але найбольш вядомай акцыяй APT28 быў узлом паштовых скрынак палітыкаў Дэмакратычнай партыі ЗША напрыканцы прэзідэнцкай кампаніі і публікацыя лістоў, якія ў выніку прывялі да перамогі Трампа. Пасля гэтага інцыдэнту ўлады ЗША выдварылі са сваёй тэрыторыі 35 расійскіх дыпламатаў.

Гэта не першая кібератака на польскія міністэрствы. У 2015 годзе былы дарадчык міністра абароны Кшыштаф Бандарык расказаў, што ў 2009–2013 гадах хакеры скралі некалькі сотняў тысяч лістоў з сервераў дзяржустаноў, прычым сляды злачынства вядуць у Расію. У ліпені мінулага года кіруючая партыя „Права і справядлівасць” стварыла Нацыянальны цэнтр кібербяспекі, які аднак пакуль што „на пачатку сваёй дзейнасці”.

«На жаль, выкрываецца толькі частка атакаў, многія ніколі не будуць раскрытыя», — кажа эксперт па кібербяспецы Яана Свянткоўска (Joanna Świątkowska).

www.radyjo.net