Расія зноў б'е ракетамі па Украіне. У Дняпры разнесены шматпавярховік, ёсць ахвяры (АБНОЎЛЕНА, фота, відэа)
У выходны дзень, 14 студзеня, расійскія вайскоўцы пачалі чарговы масіраваны абстрэл гарадоў Украіны. Бамбардзіроўкі ўкраінскай грамадзянскай інфраструктуры — звычайная з'ява цяперашняй фазы вайны.
Украінскія СМІ і мясцовыя ўлады паведамляюць аб выбухах у Кіеўскай, Львоўскай, Вінніцкай, Мікалаеўскай, Адэскай, Днепрапятроўскай, Івана-Франкоўскай і Хмяльніцкай абласцях Украіны. Паветраная трывога гучыць на ўсёй тэрыторыі краіны.
Інфармацыі аб пацярпелых пакуль няма.
У Адэсе спынілі электратранспарт. «У сувязі з памяншэннем
лімітаў на электраэнергію грамадскі электрычны транспарт завяршае сваю працу.
Рухомы склад вяртаецца ў дэпо», — гаворыцца ў паведамленні ўладаў.
У Кіеве над вакзалам падымаецца слуп дыму, пішуць у сацсетках.
Таксама ў сталіцы абвясцілі аб экстраных адключэннях святла.
У Харкаве спынілася метро, у частцы горада знік святло,
паведамляе телеграм-канал «Палітыка Краіны».
Слупы дыму таксама з'явіліся ў Дняпры, паведамляюць
карыстальнікі сацсетак.
Намеснік кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Цімашэнка
піша, што ракета трапіла ў шматкватэрны дом.
«Няма як мінімум аднаго пад'езда, пад заваламі
знаходзяцца людзі, якія былі дома ў святочны дзень», — напісаў ён.
Кіраўнік Львоўскай вобласці паведаміў аб працы СПА ў
рэгіёне.
У Херсоне ад электрасілкавання часова адключылі некаторыя
мікрараёны горада і 35 населеных пунктаў вобласці, заявіў кіраўнік
адміністрацыі рэгіёна Яраслаў Янушэвіч.
«Гэта вымушаныя меры, звязаныя з чарговай ракетнай
атакай расійцаў — каб зберагчы энергетычныя аб'екты ад магчымага сур'ёзнага
пашкоджання, іх працу варта прыпыніць. Электразабеспячэнне спынена 98 462
абанентам», — напісаў ён.
У Жытомірскай, Чаркаскай і Вінніцкай абласцях Украіны
таксама ўведзеныя аварыйныя адключэнні святла.
UPD. Выглядае, што ад чарговай варварскай атакі Расіі па мірных украінскіх гарадах найбольш пацярпеў Днепр. Пад заваламі, якія ўзніклі ў выніку ўдара ракеты ў шматпавярховік, апынуліся дзясяткі людзей. мясцовыя медыя і тэлеграм-каналы паведамляюць, што з-пад завалаў чутныя крыкі людзей.
Паводле афіцыйных звестак уладаў Украіны, у Дняпры ад ракетнага ўдару загінулі пяць чалавек. 27 параненыя, сярод іх шэсць дзяцей. У частцы дома, якая ўцалела, застаюцца людзі. Іх з дапамогай доўгіх лесвіц ратуюць супрацоўнікі надзвычайных службаў.