Рай, дзе гінуць людзі

«Калі хочаш пабачыць рай, у Азербайджан ты прыязджай!» — цягнуў выканаўца мугама (нацыянальнага песеннага жанру) на ўрачыстай вячэры, прысвечанай удзельнікам міжнароднай канферэнцыі «Нафта, газ і СМІ». 



1_abasov.jpg

Ідрак Абасаў пасля збіцця аховай SOCAR
Канферэнцыя, арганізаваная Міжнародным інстытутам прэсы (IPI) пры падтрымцы шматлікіх міжнародных і азербайджанскіх структур і фондаў, адбылася на мінулым тыдні ў Баку. Яе ўдзельнікамі сталі больш за 200 чалавек з 27 краін свету. Асноўнай мэтай канферэнцыі павінна было стаць аб’яднанне журналістаў, што асвятляюць тэмы нафты і газа, дзеля ўмацавання свабоды СМІ. 
Менавіта таму і быў абраны Азербайджан — краіна, дзе далёка не ўсё добра са свабодай слова. І менавіта на міжнародную падтрымку разлічвалі і нешматлікія апазіцыйныя журналісты, што прыйшлі на першы дзень канферэнцыі. Але іх надзеі не спраўдзіліся. «Вярніце канфіскаваную маёмасць двум журналістам!» — гэта ўсё, што было сказана з высокай трыбуны дырэктарам IPI Алісан МакКензі. Можа, таму на наступны дзень у вядучай апазіцыйнай газеце «Азадлыг» («Свабода») з’явіўся каментар пра канферэнцыю, дзе яе ўдзельнікі былі названыя «звычайным натоўпам з 27 краін».
Эмін Хусейнаў, кіраўнік Інстытута свабоды і бяспекі рэпарцёраў, у першы дзень канференцыі запытаўся ў арганізатараў: «Навошта вы нам расказваеце пра няшчасных птушак у Мексіканскім заліве, калі тут збіваюць журналістаў? Трэба расказваць пра гэта і гэта абмяркоўваць!»
Эмін меў на ўвазе збітага на горкі яблык Ідрака Абасава, які ў красавіку захацеў зняць на камеру, як прадстаўнікі дзяржаўнай нафтаздабываючай кампаніі SOCAR без рашэння суда зносяць дамы гараджан. Гэтыя дамы знаходзіліся на зямлі, на якую ўжо паклала вока SOCAR. Журналіста збівала нагамі ахова кампаніі, пакуль хлопец не страціў прытомнасць. 
«За апошні год сітуацыя істотна пагоршылася, — распавёў Эмін. — Восем журналістаў пасаджаны па сфабрыкаваных справах. Журналістам падкідаюць наркотыкі, іх вінавацяць у хуліганстве і парушэнні грамадскага парадку. Да таго ж за рашоткай знаходзяцца 80 палітвязняў (9 чалавек нядаўна памілавалі). Людзі баяцца. Перыядычна праводзяцца масавыя акцыі пратэсту, якія жорстка душацца ўладамі. Улады пакутуюць на сіндром беспакаранасці. СМІ, у сваю чаргу, займаюцца самацэнзурай. Ёсць грамадскае тэлебачанне, але яно не выконвае сацыяльную замову, а дзейнічае па ўказцы ўлад. Нас, сапраўды незалежных апазіцыйных журналістаў, вінавацяць у працы на заходнія спецслужбы, у непатрыятычнасці, у тым, што мы выконваем замову армянскіх лабістаў».
Паводле ацэнак міжнародных праваабаронцаў, штогод у турмах краіны ад катаванняў памірае каля ста чалавек. І ўлады нічога з гэтым не робяць.
Спецдакладчыка па палітвязнях Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Крыстафера Штрасера ўжо тры гады не пускаюць у Азербайджан, матывуючы адмову тым, што тут з правамі чалавека ўсё добра і няма ніводнага палітзняволенага. Між тым, даклады праваабаронцаў сведчаць пра іншае. Па ацэнках розных  арганізацый, на сённяшні дзень у краіне налічваецца ад 15 да 80 палітвязняў.
Па словах журналіста Эйнулы Фатулаева, які таксама паспытаў на сабе ласку рэжыму Аліева, на сённяшні момант у краіне  апазіцыйнымі засталіся адна газета, адзін тэлеканал і адна радыёстанцыя. Астатнія ўжо падкантрольныя ўладзе — хто дзеля грошай, хто дзеля ўласнага жыцця.
Да слова, у Азербайджане шырока распаўсюджана практыка спансавання недзяржаўных СМІ са спецыяльнага прэзідэнцкага фонду. Штогод недзяржаўнае выданне можа атрымліваць ад 10 да 100 тысяч манат (1 манат прыкладна роўны 1 еўра). Асноўнымі ўмовамі атрымання гэтага гранта, па сцвярджэнні афіцыйных прадстаўнікоў, ёсць сталы выхад і адсутнасць падатковых запазычанасцяў. Аднак на самай справе грошы атрымліваюць тыя, хто не надта крытыкуе ўладу.
«Гэта самая лепшая краіна ў свеце, мы заўсёды рады гасцям», — зноў цягнуў майстар мугама. І шматлікія журналісты з розных краін свету, седзячы за шыкоўнымі сталамі, пляскалі ў далоні. Яны не ведалі, што ў гэтым раю ў турмах гінуць іх калегі-журналісты. Ці не хацелі ведаць…
P.S. Пасля таго, як праўладныя журналісты ўбачылі, як я размаўляю з Эмінам Хусейнавым і Эйнулой Фатулаевым, у адным з перапынкаў некалькі чалавек самі падышлі да мяне і пачалі распавядаць, як добра жывецца журналістам у Азербайджане. А гэтыя, маўляў, якія сядзяць па турмах і ездзяць па замежжы, несапраўдныя журналісты, яны не любяць свой край і таму паліва­юць яго брудам. І наогул, тыя, што сядзяць, сядзяць за злачынствы, а не за сваю прафесійную дзейнасць. І мне чамусьці ўзгадалася Беларусь…
Даведка:

2_husejnov.jpg


14 чэрвеня 2008 года Эмін Хусейнаў быў арыштаваны ў кафэ «Алатурка» ў Баку, калі праводзіў маніторынг на імпрэзе 80-х угодак з дня нараджэння кубінскага рэвалюцыянера Эрнэста Чэ Гевара. Мірнае шэсце суправаджалася паліцыяй ад паліцэйскага ўчастку раёна Насімі ў Баку. Іншыя 21 удзельнік шэсця таксама былі арыштаваны. У паліцэйскім участку, пасля адмовы фатаграфавацца і здаць адбіткаў пальцаў разам з іншымі затрыманымі, Эмін Хусейнаў быў выведзены ў асобны пакой чатырма афіцэрамі паліцыі, і знаходзіўся там некаторы час. Адзін з афіцэраў пагражаў арыштаваць, забіць і закапаць яго. Яго некалькі разоў ударылі па галаве рукаяццю пісталета, пасля чаго журналіст страціў прытомнасць. Хуткая дапамога была выклікана ў паліцэйскі ўчастак толькі праз некаторы час. Пасля гэтага Эмін доўга не мог хадзіць. Зараз яму прызначана 2-я група інваліднасці. 
Даведка:

3.jpg


30 кастрычніка 2007 года ў Баку Суд па справах цяжкіх злачынстваў прызнаў галоўнага рэдактара і заснавальніка незалежных выданняў «Рэальны Азербайджан» і «Гюндэлік Азербайджан» Эйнулу Фатулаева вінаватым. Журналіст быў асуджаны па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 214.1 (пагроза тэрарызмам), 213.2.2 (ухіленне ад выплаты падаткаў), 283.2.2 (распальванне міжнацыянальнай варожасці) на восем з паловай гадоў пазбаўлення волі. 
Абвінавачванні ў пагрозе тэрарызмам і распальванні міжнацыянальнай варожасці былі высунуты журналісту пасля выхаду яго артыкула ў «Рэальным Азербайджане», у якім Фатулаеў сцвярджаў, што падтрымка Баку амерыканскай пазіцыі па Іране робіць Азербайджан уразлівым для нападу з боку апошняга, і разглядаў верагодныя аб’екты іранскіх удараў. 
Эйнула Фатулаеў знаходзіўся пад арыштам з 20 красавіка 2007 года па 26 траўня 2011 года, калі быў вызвалены паводле прэзідэнцкага ўказа пра памілаванне. Пасля вызвалення стварыў Грамадскі рух «За правы чалавека».