Паўночныя краіны аб'ядноўваюць намаганні, каб супрацьстаяць патэнцыйнай агрэсіі Расіі
Мір ва Украіне — гэта не толькі палёгка, але і небяспека. Еўрапейскія краіны не сумняюцца, што Расія пасля заключэння міру адновіць свае ваенныя магчымасці і напрадзе на іх. Тым больш, што гібрыдная вайна, па ацэнцы выведак, ужо ідзе. А таму пэўныя краіны рыхтуюцца адбіваць расійскі напад ужо цяпер. Ідзе 1154-ты дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Ваенныя вучэнні Швецыі. Фота: Getty Images
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 165 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб УСУ раніцай 22 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 61 штурм расійскіх войскаў у раёнах Сухой Бэлькі, Міралюбаўкі, Елізаветаўкі, Сухога Яру, Вадзянога Другога, Котліна, Успенаўкі, Новааляксандраўкі, Надзіеўкі, Траецкака, Лісаўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 25 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Новага, Надзеі, Новаміхайлаўкі, Грэкаўкі, Мірнага, Торскага, Зялёнай даліны.
На Тарэцкім кірунку армія РФздзейсніла 23 атакі непадалёк Тарэцку, Дыліеўкі, Шчарбінаўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы 19 разоў атакавалі УСУ паблізу Канстанцінопаля, Вольнага Поля, Прывольнага, Навасёлкаў, Разліву.
На Купянскім, Северскім і Прыдняпроўскім кірунках адбылося па дзве атакі арміі РФ.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі адбылося 21 боесутыкненне. Авіяцыя РФ нанесла 27 авіяцыйных удараў, скінуўшы 45 кіраваных авіябомбаў па сваёй тэрыторыі.
* * *
Сілы абароны Украіны нядаўна маглі ўзяць пад кантроль паўночна-заходнюю частку Петрапаўлаўкі на Купянскім кірунку, а расійцы прасунуліся пад Ліманам і Тарэцкам, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Расійскі «ваенкор» сцвярджаў, што сілы абароны Украіны занялі паўночна-заходнюю частку Петрапаўлаўкі (на ўсход ад Купянска), але гэтага прасоўвання, імаверна, не адбылося цягам апошніх 24 гадзін, пішуць эксперты ISW.
Расійскія войскі нядаўна прасунуліся паблізу Лімана, на фоне таго, што ўкраінскія і расійскія крыніцы ISW абвінавачвалі адзін аднаго ў парушэнні «велікоднага перамір'я» на Ліманскім кірунку 20 красавіка. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 21 красавіка, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Ямпалаўкі.
Як паказваюць апублікаваныя 19 і 21 красавіка геалакацыйныя кадры, войскі РФ прасунуліся да паўднёва-заходніх ускраін Тарэцка і ўсходняй часткі Дачнага.
* * *
У ноч на 22 красавіка расійцы атакавалі Украіну 54 ударнымі дронамі. Пацверджана збіццё 38 дронаў тыпу «Шахед» і беспілотнікаў іншых тыпаў, яшчэ 16 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя без негатыўных наступстваў.
Пацярпелі Адэская і Кіеўская вобласці. Кіраўнік Адэскай АВА Алег Кіпер паведаміў, што ў горадзе пашкоджана грамадзянская інфраструктура, жылыя дамы, навучальная ўстанова, транспартныя сродкі, пацярпела тры чалавекі. У Бучанском раёне Кіеўскай вобласці ў выніку расійскай атакі пашкоджаны шэсць дамоў, гаражы, загарадны комплекс, абышлося без пацярпелых.
Раніцай 22 красавіка расійскія войскі нанеслі ўдар кіраванымі авіябомбамі па Запарожжы: адзін чалавек загінуў, 13 дарослых і 2 дзяцей атрымалі раненні, пашкоджаны некалькі 9-павярховых дамоў у жылым раёне горада.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ён раскрые дэталі амерыканскіх прапаноў для «мірнай здзелкі» паміж Украінай і Расіяй ужо ў бліжэйшыя дні. Журналісты спыталі ў Трампа аб прапановах ЗША для мірнай угоды паміж Украінай і Расеяй. «Я раскажу вам усе падрабязнасці на працягу наступных трох дзён. Але ў нас былі вельмі добрыя сустрэчы па Украіне, Расіі», — адказаў Трамп. Таксама ён заявіў пра «вельмі добрыя сустрэчы» па Іране.
«Паглядзім, што з гэтага атрымаецца», — дадаў ён.
* * *
Выданне The New York Post піша, што ў рамках «мірнага плана» Трампа разглядаецца стварэнне сумеснай камісіі для кантролю за спыненнем агню. У яе павінны ўвайсці прадстаўнікі Украіны, Расіі і краіны, якая не з'яўляецца чальцом NATO. Такая місія павінна была б назіраць за лініяй фронту, каб пераканацца, што абодва бакі склалі зброю.
Таксама дэталі дэталі «мірнага пагаднення» могуць уключаць разгортванне еўрапейскіх сіл ва Украіне. «Сілы ўстойлівасці — гэта частка гарантый бяспекі, якіх хочуць украінцы, і мы спадзяемся, што яны іх атрымаюць», — паведаміў выданню адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў адміністрацыі Трампа.
Са слоў чыноўніка, ЗША таксама могуць быць прыцягнутыя — але не «ботамі на зямлі, а як фінансавая сіла, разам з трэцім бокам».
The New York Post адзначае, што высокапастаўлены чыноўнік з адміністрацыі Трампа ў пятніцу заявіў, што Кіеў больш за ўсё занепакоены «сухапутнай» часткай пагаднення, маючы на ўвазе прызнанне акупаваных Расіяй частак Украіны суверэннай тэрыторыяй РФ. Чыноўнік заявіў, што Украіна, падобна, «гатовая адмовіцца ад 20% сваёй зямлі», калі гэта будзе лічыцца прызнаннем тэрыторыі «дэ-факта», а не «дэ-юрэ».
* * *
Расія ўзмацняе свае гібрыдныя атакі супраць Нідэрландаў і еўрапейскіх хаўруснікаў. Канфлікт ужо знаходзіцца ў «шэрай зоне паміж вайной і мірам», піша ў штогадовай справаздачы Служба ваеннай выведкі і бяспекі Нідэрландаў (MIVD).
«Мы бачым, што расійская пагроза Еўропе ўзрастае, у тым ліку пасля магчымага заканчэння вайны супраць Украіны», — заявіў дырэктар MIVD, віцэ-адмірал Пітэр Рызінк.
У заяве гаворыцца, што была выяўленая расійская кібераперацыя супраць крытычна важнай інфраструктуры ў Нідэрландах, якая, магчыма, з'яўлялася падрыхтоўкай да дыверсіі, і летась была ўпершыню выяўленая атака расійскіх хакераў на лічбавую аперацыйную сістэму галандскай дзяржаўнай службы.
MIVD абвінаваціла ў кібертатаках «дзяржаўныя суб'екты» Расіі і паўтарыла свае папярэджанні аб тым, што расійскія службы вывучаюць інфраструктуру ў Паўночным моры з мэтай шпіянажу і правядзення дыверсій, скіраваных супраць інтэрнэт-кабеляў, сістэм водазабеспячэння і энергазабеспячэння.
* * *
Глядзіце таксама

* * *
Данія, Нарвегія, Фінляндыя і Швецыя аб'ядноўваюць намаганні, каб супрацьстаяць патэнцыйнай агрэсіі Расіі, — нават у выпадку паслаблення падтрымкі з боку NATO. Такі падыход ужо называюць «планам Б», калі Альянс не спрацуе, піша The Wall Street Journal.
Пасля ўступлення Фінляндыі і Швецыі ў NATO чатыры паўночныя краіны пачалі кансалідаваць ваенныя рэсурсы і рыхтавацца да магчымага ўзброенага канфлікту з Расіяй, якая, на думку аналітыкаў, да канца дзесяцігоддзя зможа аднавіць баявы патэнцыял для супрацьстаяння Альянсу.
Кожная з краін мае сваю спецыялізацыю: Швецыя — развітую абаронную прамысловасць (у прыватнасці, вытворчасць падводных лодак, знішчальнікаў і танкаў), Нарвегія — перадавыя марскія і арктычныя магчымасці, Фінляндыя — адну з найбуйнейшых армій у Еўропе і магутную артылерыю, Данія — вопыт спецназаўцаў, у тым ліку ў Афганістане і Іраку. Разам яны валодаюць ВУП, толькі трохі меншым за расійскі.
Паўночны блок можа паслужыць мадэллю для іншых аб'яднанняў краін, напрыклад вакол Чорнага мора, адзначыў Мацці Песу, старшы навуковы супрацоўнік Фінскага інстытута міжнародных адносін. З ягоных слоў, такая мадэль таксама можа стаць страхоўкай на будучыню, калі праз дзеянні Трампа трансатлантычны альянс распадзецца.
«Гэта патэнцыйны план Б, калі NATO не спрацуе», — растлумачыў Песу.
Паводле ацэнкі дацкай выведкі, калі ва Украіне будзе заключаны мір, Расія можа цягам 3-5 гадоў перааснасціць войска, аднавіць сілы і пачаць вайну супраць адной або некалькіх краін Еўропы.