Памятаеце расійскага лётчыка, які перагнаў ва Украіну верталёт Мі-8? Яго забілі ў Іспаніі
Расійскі лётчык Максім Кузьмінаў, які пасадзіў расійскі ваенны верталёт Мі-8 на адной з авіябаз ва Украіне, знойдзены мёртвым у Іспаніі.
Першым пра гэта паведаміў іспанскі тэлеграм-канал Eureka news, спаслаўшыся на крыніцы ў грамадзянскай гвардыі Іспаніі. Увагу на пост звярнуў ТАСС. Пасля публікацыі ў расійскіх СМІ Eureka news выдаліў матэрыял пра Кузьмінава.
Інфармацыю пра тое, што Максім Кузьмінаў мёртвы, выданню «РБК-Украіна» пацвердзіў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў. «Можам пацвердзіць факт смерці», — сказаў Юсаў, не ўдакладняючы, што стала прычынай смерці пілота.
Крыніца «Украінскай праўды» ў разведцы паведаміла, што Кузьмінаў пераехаў у Іспанію замест таго, каб заставацца ва Украіне. «З таго, што ведаем: запрасіў сваю былую да сябе і знайшлі застрэленым», — сказала крыніца выдання.
Іспанскае выданне Informacion.es паведамляла, што 13 лютага ў горадзе Ла-Вільяхаёса ў Алікантэ ў гаражы знайшлі цела 33-гадовага ўкраінца з агнястрэльнымі раненнямі. Паводле версіі следства, украінец спрабаваў уцячы ад злачынцаў, калі па ім пачалі страляць. Аўтамабіль меркаваных кілераў знайшлі цалкам згарэлым у горадзе Эль-Кампельё.
Як пісаў праект Eureka News, загінулы нібыта Максім Кузьмінаў, але ўзрост гэтага чалавека і расійскага лётчыка не супадаюць — Кузьмінаву 28 гадоў.
У паліцыі Іспаніі заявілі, што працягваюць высвятляць асобу загінулага. У паліцыі паведамілі, што забіты мужчына мог выкарыстоўваць фальшывыя дакументы, таму пачата дадатковае расследаванне.
Лётчык Максім Кузьмінаў у жніўні 2023 года перагнаў расійскі верталёт Мі-8 ва Украіну, паведамляла Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны. Кузьмінаў заявіў у роліку ГУР, што сам звязаўся з уладамі Украіны, бо не хацеў удзельнічаць у вайне. Пазней Кузьмінаў распавёў, што прасіў іншых членаў экіпажа здацца, але тыя «пачалі трошкі агрэсіўна сябе паводзіць» і былі забітыя. Пры перасячэнні мяжы, казаў лётчык, па верталёце вялі агонь, як мяркуецца, з расійскага боку.
У кастрычніку 2023 года ў эфіры тэлеканала «Расія 1» выйшаў сюжэт, у якім прадстаўнікі спецназа галоўнага разведупраўлення Мінабароны Расіі заявілі, што знойдуць Кузьмінава, «пакараюць па ўсёй строгасці закона» і ён «да суда не дажыве».
Паводле «Медузы».