Расійскі лётчык, які пасадзіў верталёт РФ ва Украіне, атрымае паўмільёна долараў

Расійскі лётчык Максім Кузьмінаў, які пасадзіў верталёт Мі-8 на адной з украінскіх авіябаз, атрымае ўзнагароду —  500 тысяч долараў, але ў грыўнях.

9d3b944_kuzminov.avif

Украінская выведка заклікае іншых расійскіх вайскоўцаў браць прыклад з пілота верталёта Мі-8.  Праўда, Максім Кузьмінаў атрымае 500 тысяч долаў у грыўнях. Пра гэта паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на прадстаўніка Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Андрэя Юсава.

"Ёсць афіцыйнае заканадаўства, адпаведны закон, падпісаны прэзідэнтам Украіны ў красавіку 2022 года аб адпаведнай кампенсацыі ў выпадку, калі чалавек пераходзіць на бок Украіны разам з тэхнікай", — заявіў Андрэй Юсаў і заклікаўшы расійскіх вайскоўцаў скарыстацца прыкладам Кузьмінава.

"Украіна — дэмакратычная прававая дзяржава, мы і ўласныя абавязацельствы выконваем і [прытрымліваемся] міжнароднага права. Таму яшчэ раз — тыя расіяне, якія не хочуць станавіцца ваеннымі злачынцамі, калі ласка, здавайцеся, пераходзіце на ўкраінскі бок і абараняйце ўжо ўласны гонар і сумленне, змагайцеся супраць пуцінскага рэжыму", — сказаў прадстаўнік ГУР.

Нагадаем,  пра пасадку расійскага верталёта Мі-8 на ўкраінскай авіябазе ў Харкаўскай вобласці стала вядома 23 жніўня. Тады блізкі да Мінабароны РФ тэлеграм-канал Fighterbomber пісаў, што экіпаж верталёта «з нейкіх прычын страціў арыенціроўку», перасёк лінію фронту і выпадкова прызямліўся на ўкраінскім аэрадроме.

Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны паведаміла, што пасадка верталёта адбылася ў рамках спецаперацыі ўкраінскіх вайскоўцаў пад кодавай назвай «Сініца». 

Сам лётчык Максім Кузьмінаў, які кіраваў верталётам, патлумачыў свой учынак тым, што ён супраць расійскага ўварвання ва Украіну і не хацеў больш у ім удзельнічаць. 

Пілот і яго сям'я цяпер знаходзяцца ва Украіне, сям'ю загадзя вывезлі з РФ. 

Мі-8 застаўся ва Украіне разам з дэталямі да самалётаў-знішчальнікаў, якія ён павінен быў даставіць раіянам.

Пазней Кузьмінаў агучыў новыя падрабязнасці спецаперацыі на прэс-канферэнцыі 5 верасня, у прыватнасці, што першасная інфармацыя аб магчымасці здацца з верталётам паступіла ад супрацоўнікаў паліцыі, затым у аперацыю ўключылася ГУР.

Таксама вядома, што два іншых чальцы экіпажа верталёта, верагодна, загінулі. Па словах Кузьмінава, ён спрабаваў угаварыць таварышаў па службе здацца, але яны спалохаліся і паспрабавалі збегчы пасля пасадкі.