Не хапіла фантазіі? Краіны з амаль ідэнтычнымі сьцягамі. Інфаграфіка

Кожная рэч на Зямлі мае сваю назву, кожная краіна мае свой сьцяг. Але некаторыя сьцягі аж занадта падобныя. Вырашылі разабрацца з такой зьявай.

collection_national_flags.png

Паглядзіце, колькі падобных выпадкаў мы знайшлі!

Грэцыя і Ўругвай

hrecyja_uruhvaj_logo.png

Грэцыя. Дзевяць палосаў — гэта дзевяць грэцкіх правінцый. Таксама яны сымбалізуюць дзевяць літараў у слове «свабода» (ελευθερία). Белы і блакітны колеры — сымбаль народа Грэцыі, гэта значыць адзінства мовы, рэлігіі і крыві. Крыж на сьцягу — сымбаль хрысьціянства.

Уругвай. Дзевяць палосаў сымбалізуюць дзевяць першапачатковых дэпартаментаў Уругвая. У 1826 у кантон сьцяга было зьмешчанае жоўтае «сонца Траўня» (гішп.: Sol de Mayo), якое сымбалізуе інкскага бога сонца і названае так у гонар Травеньскай рэвалюцыі 1810.


Сірыя, Ірак, Емэн, Эгіпет, Судан

siryja_irak_logo.png

Сірыя. Дзьве зоркі азначаюць Сірыю і Эгіпет, два народы, якія ўвайшлі ў Аб'яднаную Арабскую Рэспубліку. Зялёны колер — колер Фацімідаў, белы — Амейядаў, чорны — Абасідаў і чырвоны колер — кроў пакутнікаў і крыві, пралітай у барацьбе за незалежнасьць.

Ірак. Чырвоны колер сымбалізуе шаленства барацьбы супраць ворагаў, белы колер сымбалізуе велікадушнасьць і высакароднасьць арабаў, а чорная паласа азначае вялікае мінулае арабаў.

Емэн. Паласа чырвонага колеру сымбалізуе кроў, пралітую за свабоду і незалежнасьць краіны. Белы колер — гэта сымбаль сьветлай і пасьпяховай будучыні, а чорны азначае цёмнае і змрочнае мінулае дзяржавы.

Эгіпет. Чырвоны колер сымбалізуе барацьбу з каланіяльным рэжымам, белы — «бяскроўную» рэвалюцыю 1952, чорны — канец прыгнёту брытанскага каланіяльнага рэжыму. Залаты арол — сымбаль Саладзіна.

Судан. Чырвоны колер сымбалізуе барацьбу за незалежнасьць, белы — мір і сьвятло, чорны — саму дзяржаву Судан «Краіна чорных».

 

Італія і Мэксыка

italija_meksyka_logo.png

Італія. Зялёная паласа сьцяга — гэта сымбаль веры. Белая паласа — гэта сымбаль надзеі. Чырвоная паласа сымбалізуе каханьне. Самі італьянцы іранізуюць, што размалёўка іх сьцяга — проста даніна нацыянальнай кухні: чырвоны — гэта таматы, белы — сыр мацарэла, а зялёны — салата.

Мэксыка. Сучаснае тлумачэньне гучыць так: зялёны — надзея, а таксама ўрадлівыя мэксыканскія землі, белы — чысьціня і высакароднасьць народа, чырвоны — кроў, якая пралілася за тое, каб Мэксыканскія штаты здабылі сваю волю.


Ліхтэнштэйн і Гаіці

lihtensztejn_haici_logo.png

Ліхтэнштэйн. Сіняя паласа — гэта чыстае неба па-над княствам, мір у краіне. Чырвоная паласа — сымбаль выдатных яскравых захадаў, якія можна ўбачыць у гарах Ліхтэнштэйна. Па іншай вэрсіі чырвоны — гэта колер вугольчыкаў, якія тлеюць у коміне, гэта значыць сымбаль цяплыні і утульнасьці, дабрабыту. Залатая карона азначае ўладу князя, якая аб'ядноўвае кіруючую дынастыю і народ.

Гаіці. Чырвоная і сіняя палосы сьцяга паходзяць ад нацыянальных французскіх колераў. У наш час гэтае спалучэньне сымбалізуе зьвяз чорнаскурых і мулатаў.

 

Чэхія і Філіпіны

czehija_filipiny_logo.png

Чэхія. Калі ў 1918 годзе Чэхія (у форме Чэхаславаччыны) набыла незалежнасьць спатрэбіўся новы сьцяг. Спачатку прынялі бела-чырвоны, але ён быў аднолькавым з польскім. У 1920 быў прыняты новы сьцяг Чэхаславаччыны. Злева дадалі трохкутнік (клін) сіняга колеру. Гэтым ходам вырашылі адразу дзьве праблемы. Па-першае, сьцяг больш не быў падобны да польскага. Па-другое, сіні — гэта гістарычны колер герба Маравіі.

Філіпіны. Зоркі прадстаўляюць тры выспавыя групы, якія складаюць Філіпіны: Лусон, Вісайскія выспы, Мінданаа. Белы трохкутнік — сымбаль міру і чысьціні, сіні і чырвоны — патрыятызму і мужнасьці. Гэты сьцяг — адзіны ў сьвеце, на якім колеры мяняюцца месцамі: у ваенны час верхняя паласа — чырвоная, ніжняя — сіняя.

 

Літва і М’янма

litva_m_janma_logo.png

М'янма. Жоўты колер сымбалізуе салідарнасьць, зялёны — мір, спакой і пышную зялёную расліннасьць, а чырвоны — адвагу і рашучасьць. Белая зорка зьяўляецца сымбалем адзінства М’янмы

Літва. Жоўты колер — сымбаль сьвятла і сонца, якія асьвятляюць Літву, а таксама доблесьць, высакароднасьць і дабрабыт. Зялёны — гэта прырода, зялёныя лугі і гаі Літвы, трава, надзея на лепшае, пастаяннае абнаўленьне жыцьця на Зямлі. Чырвоны колер сымбалізуе кроў, якая пралівалася ў барацьбе за свабоду краіны. Таксама чырвоны можна лічыць сымбалем адвагі і стойкасьці патрыётаў.


Андора, Малдова, Румынія, Чад

andora_maldova_logo.png

Андора. У цэнтры сярэдняй жоўтай паласы — герб Андоры. Гэты трыкалор зьяўляецца сьцягам Андоры з XIX ст. Сіні і чырвоны — колеры сьцяга Францыі, а жоўты і чырвоны — Гішпаніі: разам яны адлюстроўваюць франка-гішпанскае заступніцтва над Андорай.

Малдова. Сіні колер сьцяга паказвае на колер чыстага неба і імкненьне да міру, чырвоны — на пралітую за краіну кроў, жоўты — на залатыя пшанічныя палі Малдовы. Намаляваны на гербе арол з заціснутым у дзюбе крыжом нагадвае аб хрысьціянскай веры і рымскіх каранях жыхароў краіны. Галіна алівы традыцыйна абазначае мір і справядлівасьць, скіпетр — незалежнае становішча дзяржавы.

Румынія. Колерам нацыянальнага сьцяга Румыніі адпавядаюць наступныя значэньні: Сіні колер — Свабода (Libertate); Жоўты колер — Закон (Dreptate); Чырвоны колер — Братэрства (Frăție)

Чад. Сьцяг уяўляе сабой камбінацыю сьцяга Францыі, былой мэтраполіі, і панафрыканскіх колераў (зялёнага, жоўтага, чырвонага). Колеры маюць наступнае значэньне: Сіні колер сымбалізуе неба, надзею і ваду. Жоўты колер увасабляе сонца і пустыню ў паўночнай частцы краіны. Чырвоны колер сымбалізуе прагрэс, адзінства, а таксама кроў, пралітую за незалежнасьць Чада.


Індыя, Нігер

indyja_niher_logo.png


Індыя. Колер шафрана — мужнасьць, моц Індыі. Белы колер — ісьціна і сьвятло. Зялёны колер сымбалізуе ўрадлівасьць і посьпех дзяржавы. «Ашока Чакра» сымбалізуе імкненьне да дасканаласьці, самакіраваньне Індыі. Раней сымбалізм быў больш рэлігійным: памаранчавы колер азначаў індуізм, зялёны — іслам, а белы — мір і згода паміж гэтымі рэлігіямі.

Нігер. На поўначы краіны месьціцца пустыня Сахара, менавіта яе пяскі ўвасабляе памаранчавая паласа. Паласа ў цэнтры белага колеру зьяўляецца сымбалем прастаты і чысьціні краіны. Зялёны колер - колер надзеі, а таксама сымбаль урадлівых паўднёвых земляў Нігера. Кола ў цэнтры сымбалізуе галоўнае сьвяціла — сонца.

 

Балівія, Гана

balivija_hana_logo.png

Балівія. Чырвоны колер — сымбаль крыві нацыянальных герояў, пралітай за незалежнасьць Балівіі, ахвярнасьць і каханьне. Жоўты — сымбаль спадчыны інкаў і мінэральных рэсурсаў. Зялёны колер сымбалізуе вечную надзею, прагрэс і развіцьцё.

Гана. Колеры Ганы —- гэта панафрыканскія колеры, якія валодаюць традыцыйнай сымболікай. Чырвоны — колер крыві, пралітай мясцовымі жыхарамі ў барацьбе за свабоду сваёй краіны. Жоўты — гэта сымбаль багацьцяў Ганы, каралеўства «Залаты Бераг». Зялёная паласа адсылае нас да лясоў і палёў Ганы, якія не маюць межаў. Чорная зорка — гэта зорка Афрыкі, якая вядзе да лепшага жыцьця і пераадоленьня цяжкасьцяў.

 

Японія, Палау, Казахстан, Бангладэш

japonija_palau_logo.png

Японія. На белым палатне па цэнтры намаляваны вялікае чырвонае кола, якое сымбалізуе ўзыходзячае сонца

Палау. Сіні колер — сымбаль вады, дакладней, акіяна. Жоўтае кола сымбалізуе месяц. Месяц намаляваны поўны, таму што менавіта ён дае зразумець, калі варта займацца зборам ураджая ці лоўляй рыбы.

Казахстан. Блакітны колер традыцыйны для цюркоў. У дадзеным выпадку ён азначае спакой і сьвятло, а таксама бясконцасьць блакітнага неба.Тое, што фон сьцяга ўсяго адзін, сымбалізуе адзінства дзяржавы і ўсіх людзей, якія насяляюць яе. Сонца традыцыйна лічыцца сымбалем жыцьця. Беркут — сымбаль дзяржаўнай улады і празорлівасьці. Таксама гэта свабода, рух увысь. Акрамя таго, беркут — гэта сур'ёзны і небясьпечны супернік. Залаты арнамент у левай частцы сьцяга — сымбаль народных традыцый і культуры.

Бангладэш. Зялёны колер — сымбаль ісламу. Згодна з іншымі крыніцамі, зялёны сымбалізуе жыцьцёвую моц і маладосьць краіны, а таксама багатую расліннасьць і шыкоўныя далягляды. Чырвонае кола — гэта выява ўзыходзячага сонца, якое сымбалізуе незалежнасьць дзяржавы.

 

Танзанія, Трынідад і Табага

tanzanija_trynidad_i_tabaha_logo.png

Танзанія. Зялёны колер сымбалізуе расліннасьць Танзаніі. Блакітны колер увасабляе шматлікія азёры і рэкі краіны, а таксама Індыйскі акіян. Чорны колер сымбалізуе карэннае афрыканскае насельніцтва. Жоўты колер сымбалізуе багацьце Танзаніі, карысныя выкапні.

Трынідад і Табага. Чырвоны колер увасабляе працавітасьць і мужнасьць краіны. Чорны колер азначае багацьце зямлі. Белы колер азначае Атлянтычны акіян і Карыбскае мора, а таксама чысьціню намераў.

 

Бахрэйн, Катар

bahrejn_katar_logo.png

Катар. Белы колер — гэта сымбаль міра. Бардовы колер — сымбаль пралітай падчас разнастайных войнаў крыві катарцаў. Дзевяць трохкутнікаў у зігзагу азначаюць, што Катар дзявятым далучыўся да перамір'я ў Пэрсыдзкай затоцы. Перамір'е было зьвязанае з падпісанай у 1916 катарска-брытанскай дамовай.

Бахрэйн. Чырвоны колер сьцяга нагадвае аб мусульманскай сэкце Харыджытаў. Белая паласа — сымбаль згоды і перамір'я. Пяць белых трохкутнікаў, утвораных зігзагам на мяжы белай і чырвонай частак сьцяга, сымбалізуюць пяць слупоў ісламу: сымбаль веры, пяціразовую штодзённую малітву (намаз), пост у месяц Рамадан, паломніцтва ў Меку, раздачу міласьціны.

 

ЗША, Ліберыя, Малайзія

zsza_liberyja_logo.png

ЗША. Трынаццаць палосаў сымбалізуюць 13 калоній, якія ўтварылі незалежную дзяржаву (Дэлавэр, Пэнсыльванія, Нью-Джэрсі, Джорджыя, Канэктыкут, Масачусэтс, Мэрылэнд, Паўднёвая Караліна, Нью-Гэмпшыр, Віргінія, Нью-Ёрк, Паўночная Караліна, Род-Айлэнд). Колькасьць зорак у сінім кантоне адпавядае колькасьці штатаў (зараз іх 50).

Ліберыя. Адзінаццаць палосаў чырвонага і белага колеру — гэта адзінаццаць подпісаў на дэклярацыі незалежнасьці. Белы колер сымбалізуе маральнасьць жыхароў Ліберыі. Чырвоны колер — гэта адвага і мужнасьць. Сіні квадрат азначае афрыканскі кантынэнт, на якім і зьмешчаная Ліберыя. Белая пяціканцовая зорка — гэта сымбаль свабоды, якую атрымалі былыя рабы.

14 чырвоных і белых палосаў на сьцягу нагадваюць аб 13 штатах Малайзіі (Сігапур выйшаў са складу ў 1965), а 13 прамянёў зоркі — аб салідарнасьці штатаў з федэральным урадам. Сіні кантон у левым куце - сымбаль адзінства насельніцтва краіны. Зорка і паўмесяц зьяўляюцца традыцыйным пазначэньнем на іслам. Спалучэньне чырвоных, белых і сініх элементаў абазначае сувязь дзяржавы з Вялікабрытаніяй і краінамі Садружнасьці.

 

Нямеччына, Уганда

njameczczyna_uhanda_logo.png

Нямеччына. Нямецкі трыкалор складаецца з чорнага, чырвонага, залатога. Чорны — сымбаль мінулага Нямеччыны, вялікага і змрочнага. Чырвоны — гэта кроў народа, пралітая за свабоду і веліч краіны. Залаты — сымбаль сучаснасьці, гэта сонца справядлівасьці і дэмакратыі, якое ўзьнялося па-над Нямеччынай.

Уганда. На сьцягу намаляваныя шэсьць палосаў: чорны, жоўты, чырвоны, чорны, жоўты, чырвоны. У цэнтры сьцяга разьмешчанае белае кола з выявай нацыянальнага сымбаля — усходняга венцаноснага жураўля (Balearica regulorum), які глядзіць у бок дрэўка. Тры колеры сымбалізуюць афрыканскіх людзей (чорны), афрыканскае сонца (жоўты) і афрыканскае братэрства (чырвоны - колер крыві, якая аб'ядноўвае ўсіх людзей).

 

Вэнэсуэла, Калюмбія, Эквадор

venesuela_kaljumbija_logo.png


Вэнэсуэла. Жоўты колер — сымбаль Амерыканскага кантынента, багатага золатам, мінэраламі і карыснымі выкапнямі. Чырвоная паласа сымбалізуе крывавае гішпанскае валадарства. Сіняя паласа — Атлянтычны акіян, які падзяляе Амерыку і Гішпанію. 7 зорак — гэта сем правінцый Вэнэсуэлы: Каракас, Барынас, Барсэлёна, Кумана, Маргарыта, Мерыда і Трухільё. 8-ая зорка зьявілася ў 2006. Яе называюць Зоркай Балівара, гэта значыць яна прысьвечана Сымону Балівару. Таксама восьмая зорка — сымбаль спрэчнай тэрыторыі Гаяна-Эсэкіба.

Калюмбія. Жоўты колер сымбалізуе ўсе прыродныя багацьці краіны. Гэта пшаніца, якую выкарыстоўваюць для хлеба, каштоўнае золата, якое зьмяшчаецца ў нетрах краіны, сонца, якое асьвятляе Калюмбію, а таксама ўся зямля ў цэлым. Сіні — гэта колер рэк, азёр, мораў і ўсёй воднай прасторы краіны. Акрамя таго, сіні лічыцца сімбалем чыстага неба. Чырвоны колер — сымбаль крыві патрыётаў і змагароў за незалежнасьць. Сьцяг адрозьніваецца ад большасьці сучасных сьцягоў тым, што не ўсе палосы трыкалора роўныя паміж сабой па памеры.

Эквадор. Жоўты колер сымбалізуе прыроднае багацьце і ў прыватнасьці золата, сіні — мора і неба, чырвоны — кроў. Герб у цэнтры сьцяга напоўнены сымбалізмам: тут намаляваныя рэгіёны Эквадора Сьера і Коста з вулканам Чымбараса, ракой Гуаяс і аднайменным караблём у яе водах, які быў першым суднам заходняга берага паўднёваамерыканскага кантынента. Залатое сонца па-над ракой намаляванае ў асяродзьдзі астралягічных знакаў задыяку з сакавіка па ліпень (Авен, Цялец, Блізьняты і Рак), якія сымбалізуюць вясновую рэвалюцыю 1845. Па баках шчыт упрыгожаны сьцягамі краіны, лаўрам у знак славы, пальмавым лістом у знак міру і разьмешчанымі пад шчытом фасцыямі ў знак годнасьці краіны. Па-над шчытом разьвінуў свае крылы кондар, які сымбалізуе веліч і моц Эквадора.