Нарвегія ўзбройваецца ў адказ на пагрозу з Расіі
Перш за ўсё Маскву і Осла турбуюць запасы нафты і прыроднага газу, якія могуць знаходзіцца ў арктычным шэльфе.
Суседнія нейтральныя Швецыя і Фінляндыя таксама выказвалі сваю занепакоенасць адносна рэзкага падвышэння ваеннай актыўнасці Расіі каля сваіх межаў.
«У нас усё больш непрадказальны сусед на Усходзе, які ўзмацняе свае ваенныя магчымасці і паказвае жаданне выкарыстоўваць ваенную сілу як палітычны інструмент», — казала яшчэ ўлетку прэмʼер Нарвегіі Эрна Солберг.
Новы план прадугледжвае структурную рэформу ўзброеных сіл, у тым ліку скарачэнне неэфектыўных выдаткаў і выкарыстанне зэканомленых грошаў разам з мільярдамі долараў новых уліванняў на найноўшыя ўзбраенні і тэхніку.
Гэтак будуць зачыненыя 11 старых ваенных базаў па ўсёй тэрыторыі краіны. Будзе скарочаная колькасць адміністратыўнага апарату, але павялічацца баявыя часткі. Агулам лічыцца, што эканомія дасць дадатковых $4,8 мільярда на год, піша defensenews.com.
За бліжэйшыя 20 гадоў Нарвегія дадасць да ваеннага бюджэту амаль $20 мільярдаў. Краіна купляе найноўшыя амерыканскія знішчальнікі «стэлс» F-35 Lightning II, будзе купляць падводныя лодкі, марскую авіяцыю, сістэмы супрацьпаветранай абароны.
Таксама будуць адчыненыя базы часоў “халоднай вайны”, у якіх будзе захоўвацца ўзбраенне і рыштунак для амерыканскіх жаўнераў, калі тым спатрэбіцца хутка прыбыць на тэрыторыю хаўрусніка.
«Новая сітуацыя ў сферы бяспекі падвышае патрэбу ў кантролі палажэння каля нашых межаў. Трэба ўзмацніць нашу здольнасць спраўляцца з сучаснымі і будучымі выклікамі», — заявіла міністр абароны краіны Інэ Эрыксен Сёрэдэ.
Нарвегія не адмаўляецца ад прызыўной арміі, а нядаўна пашырыла яго і на жанчын. Служба ў арміі карыстаецца вялікай папулярнасцю. Асобна існуе Краёвая Абарона — добраахвотніцкія фармаванні мясцовых жыхароў пад дзяржаўным кантролем.
У 2016 годзе абаронны бюджэт Нарвегіі вырас на 9,8 адсотка — да $6 мільярдаў. Гадавы бюджэт беларускага войска — каля $0,7 мільярда.
«Мы не можам выключаць магчымасць таго, што Расія будзе разглядаць выкарыстанне вайсковай сілы як магчымага інструменту ў Запалярным рэгіёне. Таксама, хоць патэнцыяльны крызіс наўрад ці ўзнікне ў непасрэднай блізасці ад Нарвегіі, на нас можа непасрэдна паўплываць канфлікт, які пачнецца ў іншым рэгіёне», — гаворыцца ў афіцыйным апісанні доўгатэрміновага плана развіцця нарвежскай арміі.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu