Любімы дэтэктыў немца

Германія ў нацыянальным маштабе адзначае выхад на экраны тысячнага эпізоду самага любімага дэтэктыўнага серыялу немцаў — «Tatort» («Месца злачынства»).

deutschland_muenster_tatort_158111f.jpg


Першы выпуск «Tatort» пад назвай «Taxi nach Leipzig» («Таксі ў Лейпцыг») пабачыў свет на канале ARD у 1970 годзе. Наўрад ці яго стваральнікі думалі, што закладаюць цагліну ў фундамент культавага твору. Лічыцца, што «Tatort» прыдумалі, паколькі каналу трэба было канкураваць з іншымі каналамі, якія ўжо мелі дэтэктыўныя серыялы. Аднак нечакана прадукт ARD апынуўся мегапапулярным. Ужо напрыканцы 1970-х гадоў колькасць гледачоў серыялу даходзіла да 25 мільёнаў. Сёння сярэдняя аўдыторыя дэтэктыву складае трошкі больш за 10 мільёнаў, і гэта значная лічба. Нямецкія культуролагі пагаджаюцца, што «Tatort» — гэта рытуал нядзельнага вечара. Цэлыя генерацыі немцаў прызвычаіліся да таго, што ў нядзелю глядзяць чарговую серыю пра паліцэйскіх.

Не выключана, што сакрэт поспеху — у структуры серыялу. Паколькі Германія — федэратыўная краіна, дзе шмат лакальных рэдакцый тэлевізіі, камусьці прыйшла ў галаву ідэя стварыць не аднаго, а серыю герояў з розных гарадоў дзяржавы. Здымаць іх прыгоды таксама даручылі мясцовым студыям. Яны робяць 3–4 серыі на год.

У выніку серыял атрымаў асаблівы каларыт, паколькі глядач знаёміцца са спецыфікай розных куткоў краіны, і нават з асаблівасцямі мясцовага крыміналітэту. Напрыклад, усе адзначаюць, што ў мюнхенскіх выпусках «Tatort» няшмат забіваюць з дапамогай зброі. Тут злачынцы, як правіла, выкарыстоўваюць атруту. Да таго ж, апісаны прынцып працы дазваляе здымаць эпізод некалькі месяцаў і, як следства, рабіць якасны прадукт. Дарэчы, сёння адзін выпуск серыі каштуе каля 1,2 мільёна еўра.

Пра папулярнасць «Tatort» сведчыць і шэраг кур’ёзаў. За гады існавання праекту аўтары атрымалі 600 тысяч лістоў і прапановамі — гэта рэкорд для любой праграмы на нямецкай тэлевізіі. «Tatort» настолькі спадабаўся ў нямецкамоўных краінах, што хутка на экране з’явіліся паліцэйскія з Люцэрна (Швейцарыя) і Вены (Аўстрыя). Не дзіўна, што пра ідэю інтэграцыі людзей з розных краін праз дэтэктыў пазней узгадалі ў Еўрасаюзе. Напрыканцы 1980-х гадоў на грошы Брусэля быў запушчаны серыял «Eurocops», дзе паказаны побыт і прыгоды паліцэйскіх з розных краін ЕС.

Асобна трэба сказаць пра культ серыялу. Ён дасягнуў такіх памераў, што яго фанатамі вядзецца нават статыстыка забітых у серыяле (за ўсю гісторыю дэтэктыву на экране фігуравала 2280 нябожчыкаў). Існуе конкурс на самыя хітрыя забойствы. Пакуль на першым месцы — эпізод, дзе злачынца забіваў праз пацалунак. Ён навучыўся ўжываць атрутныя арэхі і пасля праз сліну перадаваў атруту ахвярам.


940x528.jpg


Грамада прыхільнікаў «Tatort» падзеленая таксама на прыхільнікаў таго ці іншага сышчыка або тандэма. Зараз лідзіруе тандэм дэтэктываў з Мюнстэра, якому сімпатызуе 31 працэнт гледачоў. Затое самым вялікім дэтэктывам у гісторыі серыялу лічыцца Хорст Шыманскі, якога ўвасобіў акцёр Гётц Георг. Шыманскі быў настолькі вядомы, што адна з фірмаў нават наладзіла выпуск плашчоў, падобных на той, у якім ён з’яўляўся на экране.

Высокія рэйтынгі серыялу спрыялі яго грамадскаму эфекту. Вельмі моцны скандал выбухнуў у 2007 годзе, калі выйшла серыя «Wem Ehre gebührt». У аснове яе сюжэта — раман бацькі і дачкі, якія належаць да мусульманскай секты алевітаў. Дэманстрацыя эпізоду выклікала шквал абурэння ў камуне: алевіты сабралі на мітынг пратэсту ў Кёльне каля 30 тысяч чалавек. У выніку стваральнікі серыялу выбачыліся перад вернікамі і паабяцалі больш той эпізод не дэманстраваць.

Дарэчы, не выключана, што сцэнарысты «Wem Ehre gebührt» спрабавалі паўтарыць фурор эпізоду «Reifezeugnis», які пабачыў свет у 1977 годзе. У «Reifezeugnis» сюжэт заснаваны на каханні настаўніка і школьніцы, ролю якой, дарэчы, выканала 15-гадовая Настасся Кінскі. Пра яе абдымкі і пацалункі з дарослым педагогам казала ўся Еўропа. У выніку той скандал стаў першым крокам акцёркі да сусветнай вядомасці. З алевітамі так не атрымалася. Дарэчы, акрамя алевітаў супраць пэўных выпускаў пратэставалі родныя эпілептыкаў, габрэйскія арганізацыі, дзіцячыя псіхіятры…

Асобна трэба сказаць пра тое, як серыял успрымаўся ў ГДР, дзе ў некаторых рэгіёнах можна было прымаць сігнал заходненямецкіх тэлеканалаў. Адразу пасля выхаду «Tatort» ва Усходняй Германіі быў створаны мясцовы аналаг — «Polizeiruf 110» («Тэлефон паліцыі 110») з той жа структурай — апавяданне пра прыгоды паліцэйскіх з розных куткоў краіны.

Паміж серыяламі разгарнулася нефармальная канкурэнцыя. Заходні прадукт быў больш дынамічным і эфектным, паколькі на Усходзе панавала ўстаноўка, што пры сацыялізме цяжкіх злачынстваў практычна няма. Як следства, сышчыкі з «Polizeiruf 110» былі падобныя на нашых «Знатакоў» — шукалі парушальнікаў працоўнай дысцыпліны, махінатараў, хуліганаў. З іншага боку, немагчымасць рабіць класічны дэтэктыў прымушала аўтараў «Тэлефону…» надаваць больш увагі драматургіі і псіхалагічнаму партрэту герояў.

Магчыма, дзякуючы гэтай якасці серыял пра сышчыкаў з Усходу не знік адразу пасля ліквідацыі ГДР, а пратрымаўся на экране да 1991 года. Пазней, да 1993-га, героі «Polizeiruf 110» былі ўпісаныя ў сюжэт агульнанямецкага «Tatort». Толькі ў 1993-м старыя акцёры зніклі. У цяперашнім «Tatort» працуюць тандэмы дэтэктываў з Лейпцыгу, Магдэбургу і Ростаку.

Менавіта ў Лейпцыгу адбываюцца падзеі ў тысячным выпуску «Tatort». Напэўна, гэта даніна першаму выпуску. Па сюжэце злачынца — таксіст з Лейпцыгу — бярэ ў закладнікі мясцовых дэтэктываў. Крытыкам эпізод спадабаўся, а значыць, «Tatort» будзе працягнуты.