Літва зялёная
У суседняй Літве рэзка змяніўся партыйны ландшафт. Упершыню ў гісторыі малавядомая партыя «Сяляне і Зялёныя» (LVŽS), якая перамагала на парламенцкіх выбарах, атрымлівае права фармаваць кабінет.
Напэўна, толькі ва Усходняй Еўропе магчыма, каб дэпутацкая квота якой-небудзь партыі вырастала па выніках выбараў роўна ў 54 разы. Такі цуд здарыўся ў Літве, дзе прадстаўленая ў папярэднім Сейме адным-адзіным дэпутатам партыя «Сяляне і Зялёныя» па выніках кастрычніцкіх выбараў атрымала 54 мандаты. Больш за тое — зараз гэта самая буйная фракцыя ў парламенце, што надае ёй права фармаваць урад.
Самі лідары LVŽS сябе выскачкамі не лічаць, паколькі афіцыйна вядуць свой радавод яшчэ ад даваеннай Партыі сялян. Менавіта на традыцыі той партыі арыентаваліся стваральнікі Сялянскай партыі, якая была заснаваная ў 2001 годзе.
У 2005 годзе старшынёй «Сялянаў» стала палітычны цяжкавагавік Казіміра Прунскене, першы прэм'ер Літвы пасля аднаўлення незалежнасці. Не дзіўна, што да 2008-га партыя была вельмі прыкметнай, маючы 14 дэпутатаў, і нават была ўдзельнікам урада, у якім адказвала за тры міністэрствы.
Аднак на выбарах 2008-га партыю чакаў катастрафічны правал: яна нават не пераадолела прахадны пяціпрацэнтны бар'ер. Неўзабаве яе пакінула і Прунскене. Вакантную пасаду заняў Рамунас Карбаўскас — буйны аграбізнесовец. Новы старшыня запусціў працэс мадэрнізацыі партыі, які ў тым ліку ўключаў і рэбрэндынг. З 2009-га партыя пачала называцца «Сяляне і Зялёныя».
Па словах старшыні партыі, «сяляне заўсёды былі і будуць зялёнымі, таму што для іх важная рэальная, натуральная прадукцыя і дзяржаўная палітыка ўстойлівага развіцця». Наогул, «устойлівае развіццё» — асноўны праграмны тэзіс партыі. Паводле праграмы, гэты прынцып павінен быць пакладзены ў аснову ключавых для краіны кірункаў дзейнасці. А менавіта, літоўцам неабходна ўстойлівае чалавечае развіццё і гарманічнае грамадства, устойлівыя адукацыя і культура, устойлівая эканоміка і ўстойлівае дзяржаўнае кіраванне.
Хоць у партыі дастаткова левацэнтрысцкая праграма і шмат экарыторыкі, яе ідэалагічны профіль вельмі не выразны. Пасля выбараў у Еўрапарламент у 2014-м, калі партыя атрымала адзін мандат, яе лідары абвясцілі пра далучэнне да фракцыі кансерватыўнай Еўрапейскай народнай партыі. Пазней еўрадэпутат ад LVŽS далучыўся да групы Зялёных.
Пра тое, што партыя застаецца загадкай, сведчаць і супярэчлівыя меркаванні замежнай прэсы. Маскоўская прэса называе партыю «ўмерана прарасійскай», пра што ў тым ліку сведчыць адзін забаўны нюанс: брат старшыні LVŽS працуе дырэктарам аднаго з тэатраў Масквы. Можа, таму Карбаўскас і заявіў, што ён ніякіх афіцыйных пасадаў у новым урадзе займаць не будзе.
Латышская прэса лічыць, што поспехам «Сяляне і Зялёныя» абавязаныя не праграме, а асобе. Партыйны спіс узначальваў самы папулярны ў краіне палітык, былы міністр унутраных спраў Саўлюс Сквярняліс, які, хутчэй за ўсё, узначаліць урад. Дарэчы, у Латвіі дзейнічае партыя пад аналагічнай назвай, і больш за тое — знаходзіцца пры ўладзе. Палітыку латышскай партыі «Сялян і Зялёных» можна ахарактарызаваць як празаходнюю і цэнтрысцкую.
Сочыць за літоўскімі падзеямі і польскі палітыкум. Яму неабыякавы лёс этнічных палякаў, якія кампактна пражываюць пад Вільняй. Прэса на Вісле баіцца, што падчас кадэнцыі «Сялян і Зялёных» узрасце ціск на меншасці. Напрыклад, Gazeta Wyborcza звяртае ўвагу, што «Сяляне і Зялёныя» звязаныя з арганізацыяй абароны літоўскай мовы, якая мае імідж жорсткіх нацыяналістаў. Яшчэ на стадыі кампаніі партыя анансавала, што не бачыць палітычную структуру літоўскіх палякаў партнёрамі па кааліцыі.
Што тычыцца літоўскіх палітолагаў, то частка з іх тлумачыць трыумф LVŽS збегам абставінаў. На хвалі расчаравання старымі партыямі літоўцы шукалі ў выбарчых спісах нешта свежае. Формула поспеху «Сялян і Зялёных» таксама ўключае ў сябе і такі фактар, як падтрымку ў рэгіёнах.
Хутчэй за ўсё, рэгіёнамі і будзе перш за ўсё за ўсё займацца новы ўрад. У межах агітацыі на выбарах актыўна агучвалася ідэя кантраляванага дзяржавай банка, які будзе выдаваць крэдыты на развіццё рэгіёнаў. Таксама кандыдаты ад LVŽS актыўна абяцалі заняцца стварэннем дзяржаўнай манаполіі на алкаголь і сеткі дзяржаўных аптэк, дзе медыкаменты будуць на парадак танней. У сувязі з гэтым ёсць меркаванне, што, хутчэй за ўсё, за знешнепалітычны накірунак будзе адказваць партыя-партнёр па будучай кааліцыі.
Выбар партнёраў у партыі Карбаўскаса небагаты. У Сейм прайшлі кансерватыўны «Саюз бацькаўшчыны — Хрысціянскія дэмакраты Літвы», «Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя», «Літоўскі ліберальны рух», «Выбарчая акцыя палякаў Літвы — Саюз хрысціянскіх сем'яў» і партыя «Парадак і справядлівасць». У пэўным плане сенсацыйна правалілася на выбарах левапапулісцкая «Партыя працы», за якой стаяў алігарх рускага паходжання Віктар Успаскіх. З улікам раскладу мандатаў, LVŽS вырачаная шукаць саюзнікаў у парламенце альбо сярод кансерватараў, альбо эсдэкаў.
Пакуль найбольш верагодны фармат — блок з эсдэкамі. Лічыцца, што да канца тыдня ўрад пад кіраўніцтвам Сквярняліса так ці інакш паўстане. Кансерватары адмовіліся ад кааліцыйных перамоваў, хоць усё яшчэ не выключаюць блоку з LVŽS. Праўда, каб пачаць кансультацыі, кансерватары патрабуюць ад «Сялян і Зялёных» выканаць адно патрабаванне — прайсці праверку на лаяльнасць у Дэпартаменце дзяржбяспекі.