Кіраўнік МУС Іспаніі прыгразіў узяць пад кантроль Каталонію

Іспанскі ўрад возьме пад кантроль Каталонію, калі рэгіянальны лідэр Карлес Пучдэмон двухсэнсоўна адкажа на пытанне Мадрыда пра тое, ці абвясціў ён аб незалежнасці ад Іспаніі ці не.

catalonia_2.jpg

Такую заяву ў чаканні адказу Барселоны зрабіў міністр унутраных спраў Іспаніі Хуан Ігнасіа Зойдо.
«Калі ён (Карлес Пучдэмон, лідэр Каталоніі) адкажа неадназначна, гэта азначае, што ён не хоча дыялогу, і таму іспанскі ўрад павінен будзе прыняць меры», — сказаў кіраўнік іспанскага МУС.
Пучдэмон працягвае перамовы з мясцовымі бакамі для падрыхтоўкі свайго адказу пра тое, ці была 10 кастрычніка абвешчана незалежнасць рэгіёна.
Нагадаем, 1 кастрычніка ў Каталоніі прайшоў рэферэндум, на якім, па словах мясцовых уладаў, каталонцы прагаласавалі за незалежнасць ад Іспаніі. У той жа час, цэнтральныя ўлады краіны заяўляюць, што рэферэндум не адбыўся.
10 кастрычніка кіраўнік урада Каталоніі Карлес Пучдэмон заклікаў рэгіянальны парламент адкласці аб'яву незалежнасці, каб наладзіць дыялог з Мадрыдам па пытанні аб выхадзе з Іспаніі. Пасля гэтага ён падпісаў дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Каталоніі ў аднабаковым парадку.
Прэм'ер-міністр Іспаніі Марыяна Рахой паставіў Барселоне (сталіца аўтаноміі) дзве ўмовы: не пазней за 16 кастрычніка выразна растлумачыць, ці можна лічыць такія дзеянні абвяшчэннем незалежнасці; і спыніць працэдуру, накіраваную на здабыццё Каталоніі незалежнасці.
Паводле reuters.com