Каталонія пайшла. Баскам падрыхтавацца
Напэўна, найбольш уважліва за рэферэндумам у Каталоніі назіралі ў Краіне Баскаў. Калі ў каталонцаў атрымаецца, кіраўніцтву Баскскай аўтаноміі давядзецца таксама казаць пра поўны суверэнітэт. Слова «давядзецца» ўжытае невыпадкова.
Кіруючая ў аўтаноміі Баскская нацыяналістычная партыя (PNV), на думку незалежнікаў, толькі на паперы змагаецца за суверэнітэт. Партыя, якую паводле электаральнага базісу можна параўнаць з нямецкімі хрысціянскімі дэмакратамі або брытанскімі кансерватарамі, вядзе свой генезіс ад радыкальнай ініцыятывы Сабіна Арана Гойры — бацькі баскскага нацыяналізму. Ён нават заклікаў баскаў не браць шлюб з прадстаўнікамі іншых народаў, каб захаваць чысціню баскскай расы.
У выніку правадырам PNV увесь час даводзіцца знаходзіцца ў шпагаце — на публіцы прысягаць у адданасці запаветам Арана, а на справе быць яго антаганістамі. Дастаткова ўзгадаць, што ў 1978 годзе партыя без асаблівых пратэстаў падпісала так званы «пакт Манклоа» — агульную міжпартыйную платформу, на якой будавалася Іспанія пасля смерці Франка і якая адмаўляла баскам у праве на незалежнасць.
Варта дадаць, што апартунізм PNV мае прагматычную базу. Краіна Баскаў, дзе вырабляюць 5 працэнтаў іспанскага ВУП, не такая заможная, як Каталонія (гэты край дае 20 працэнтаў ВУП Іспаніі). Перспектывы незалежнай Краіны Баскаў дасюль выклікаюць шмат пытанняў.
Так ці інакш, па той жа схеме фармавалася стаўленне партыі да нядаўняга рэферэндуму ў Каталоніі. Калі каталонцы толькі абвясцілі плебісцыт, Іньіга Уркулью, кіраўнік Саўміна Краіны Баскаў, вітаў гэты крок. 30 верасня партыя выступіла суарганізатарам 30-тысячнай маніфестацыі ў падтрымку каталонскай незалежнасці, што прайшла ў Більбаа.
Аднак, як толькі ў Барселоне пачалі казаць пра абвяшчэнне незалежнасці, пачаліся іншыя фінты. Андоні Артузар, старшыня PNV, заклікаў Барселону і цэнтр шукаць кампраміс. На яго думку, крызіс можна вырашыць за кошт новага «пакта Манклоа», што стане пралогам канстытуцыйнай рэформы.
Новая рэформа павінна надаць каталонцам і баскам статусы нацый, якія складаюць двухбаковыя дамовы з Мадрыдам. Дапускаюць нават, што Краіна Баскаў будзе называцца Рэспублікай Баскаў, то бок юрыдычна не будзе падпарадкоўвацца Іспанскай Кароне. Праўда, праект Артузара ўжо раскрытыкавала частка іспанскага палітыкуму. Яны лічыць, што такая мадэль толькі адтэрмінуе выхад Каталоніі са складу Іспаніі.
Асцярожная лінія кіраўніцтва баскаў, натуральна, не падабаецца abertzale — больш радыкальнаму лагеру левых нацыяналістаў. Яшчэ напярэдадні плебісцыту адзін з яго лідараў заклікаў да правядзення падобнага мерапрыемства ў Краіне Баскаў. Прадстаўнікі EH Bildu — вядучай партыі гэтага напрамку — масава ўдзельнічалі ў каталонскім рэферэндуме ў якасці назіральнікаў. Аднак нейкіх інструментаў, каб прызначыць рэферэндум пра незалежнасць, у abertzale няма. Большасць у баскскім парламенце займае фракцыя PNV, якая ўтрымліваецца ад радыкальных крокаў.
Нарэшце, у рэгіёне ёсць яшчэ і несістэмная апазіцыя. Адрэагавала на рэферэндум у Каталоніі і падпольная тэрарыстычная групоўка ЕТА. У сваёй заяве ЕТА заклікае баскаў «выкарыстаць каталонскі крызіс, каб канчаткова парваць з Іспаніяй». Праўда, канкрэтных наступстваў ад такіх заклікаў чакаць не варта. У тым ліку таму, што сама ЕТА яшчэ ў 2013 годзе адмовілася ад баявых акцый, а яе сябры, калі верыць прэсе, нават абмяркоўваюць ідэю самароспуску арганізацыі.
Такім чынам, рэферэндум аб незалежнасці ў баскскай палітычнай павестцы пакуль не стаіць. Хіба што можна дапусціць новыя кансультацыі з цэнтрам наконт пашырэння кампетэнцый аўтаноміі. Аднак ад дакладных прагнозаў лепей устрымацца да развязкі каталонскага крызісу.
Акрамя таго, кожны дзень у іспанскай палітыцы паўстаюць новыя фактары. Апошнія падзеі выклікалі сапраўдны бум іспанскага нацыяналізму. Сацыёлагі зафіксавалі фенаменальны рост папулярнасці партыі Vox, якая выступае за «адзіную і непадзельную Іспанію». За апошнія тыдні яе рэйтынг вырас з двух да 20 працэнтаў (!). Лідары Vox выступаюць за паліцэйскі варыянт вырашэння праблемы Каталоніі — арышт арганізатараў плебісцыту, увядзенне прамога кіравання з цэнтру. Агрэсіўная рыторыка ў Мадрыдзе можа ўзмацніць незалежніцкія настроі сярод баскаў і, у тым ліку, у кіраўніцтве PNV.
У любым выпадку, рэферэндум у Каталоніі зрабіў значны ўплыў на баскскі палітычны працэс. Прыклад Каталоніі моцна падарваў аўтарытэт экстрэмісцкай фракцыі руху за незалежнасць. Як піша вядучае баскскае нацыяналістычнае выданне «Gara», не баявыя вылазкі, а «выключна негвалтоўны супраціў здольны разбурыць іспанскую турму народаў». «Калі людзі страцілі страх, рух пачынае ісці поўнай хадою, і ніхто не можа яго спыніць», — адзначае «Gara».