Калі грошы лічыліся вёдрамі

На фоне абясцэньвання беларускага рубля будзе слушна згадаць пра сотую гадавіну гіперінфляцыі ў суседняй Польшчы.

Банкнота ў 10 млн польскіх марак

Банкнота ў 10 млн польскіх марак

Сярод гісторыкаў дамінуе пункт гледжання, што гіперінфляцыя 1923 года ў Польшчы была галоўным чынам вынікам польска-савецкай вайны, падчас якой улады надрукавалі вялізную колькасць грошай. Такое меркаванне збольшага карэктна, але варта дадаць такі фактар як серыя адчайных і неасцярожных рашэнняў улад. Міністры фінансаў Другой Рэчы Паспалітай, якія змянялі адзін аднаго, былі не ў стане збалансаваць бюджэт.

Агульныя даходы бюджэту краіны ў 1922 годзе дасягнулі 1,9 млрд польскіх марак (так тады звалася польская валюта). Аднак выдаткі дзяржавы былі ў чатыры разы вышэйшыя: 7,5 млрд. Розніца пакрывалася не замежнымі крэдытамі, таму што Польшча не мела да іх больш шырокага доступу, а масавым друкаваннем грошай.

Друкавалі маркі ў велізарнай колькасці. На момант аднаўлення незалежнасці Польшчы ў абарачэнні знаходзілася 880 000 польскіх марак. Напрыканцы 1920 года, калі падыходзіла да канца польска-бальшавіцкая вайна, у абарачэнні знаходзілася ўжо 55 мільярдаў польскіх марак. Пры гэтым польская валюта фактычна не была забяспечана каштоўнымі металамі ці замежнай валютай.

У пачатку 1923 года інфляцыя пачала імкліва набіраць абароты. Да канца года абменны курс упаў з 9 марак да 6 375 000 марак за долар. Паралельна назіраўся выбух коштаў. Толькі за сакавік 1923-га яны выраслі на больш за 50%. У кастрычніку іх рост за месяц склаў 360 працэнтаў, а за год ён дасягнуў 35714%!

Нядзіўна, што зберажэнні абясцэньваліся нават не з дня ў дзень, а ад гадзіны да гадзіны. Крэдытаванне было натуральна спынена. Весці звычайны гандаль таксама было невыгодна, бо грошы, атрыманыя за продаж тавараў, праз тыдзень маглі нічога не каштаваць.

Заработную плату трэба было падвышаць нават не штомесяц, а штотыдзень ці раз у некалькі дзён, і выплачваць у растэрміноўку, каб працоўныя маглі ёю скарыстацца. Інфляцыйны крызіс разбурыў бюджэты хатніх гаспадарак, увёў людзей у галечу і выклікаў імклівы рост беспрацоўя. Аб скоку інфляцыі сведчыць і кошт жыцця. Напрыклад, у Варшаве ў 1923 годзе са студзеня па снежань кватэрная арэнда павялічылася ў 295 разоў.

Усё гэта заканамерна прывяло да сацыяльных пратэстаў. Колькасць удзельнікаў забастовак вырасла ў ты годзе да 600 тысяч чалавек. У лістападзе 1923 года ў Кракаве прайшла забастоўка рабочых, жорстка падаўленая паліцыяй. Падчас сутыкненняў 32 чалавекі загінулі.

А што ўрад? А ўрад працягваў друкаваць грошы. Напярэдадні 1923-га банкнота самага высокага наміналу ў Польшчы была роўная 5000 марак. А ўжо ў лістападзе ў абарачэнне ўвайшлі купюры ў 10 мільёнаў марак. Гэтая купюра, дарэчы, стала самай буйной банкнотай у гісторыі польскіх фінансаў (другой па ліку з'яўляецца банкнота наміналам 2 млн злотых, выпушчаная ў 1992 годзе). Цікава, што ў народзе таксама актыўна прыдумлялі грашовыя адзінкі. Прадукты або паслугі ацэньваліся «тачкай грошаў» або «вядром грошаў».


Глядзіце таксама

Друкаваннем банкнот палітыка ўладаў не абмежавалася. Напрыклад, было заблакавана свабоднае абарачэнне замежнай валюты, і нават уведзена (праўда, хутка адменена) забарона на валоданне золатам прыватнымі асобамі. Таксама былі спробы кантраляваць кошты і раздаваць тавары па талонах.

Толькі калі катастрофа дасягнула апагею, улады нарэшце прынялі рэальныя намаганні па збалансаванні бюджэту і ўвядзенні новай валюты на аснове золатавалютных рэзерваў. У канцы года прэм'ер-міністрам стаў эканаміст Уладзіслаў Грабскі. Ён сфарміраваў урад прафесіяналаў (ніводзін з міністраў папярэдняга ўрада, прызначаных па палітычным прынцыпе, не атрымаў у ім партфеля). Грабскі таксама атрымаў 6-месячныя заканадаўчыя паўнамоцтвы ад Сейма.

Уладзіслаў Грабскі

Уладзіслаў Грабскі

За кароткі час новая каманда замяніла польскую марку новай валютай, якая з тых часоў называецца злоты. Таксама Грабскі распусціў Польскі нацыянальны пазыковы фонд, які дзейнічаў як банк-эмітэнт польскіх марак. Яго замяніў Польскі Банк (папярэднік цяперашняга Нацыянальнага банка Польшчы). Дзеянні ўрада Грабскага ў 1924 годзе эфектыўна здушылі гіперінфляцыю і стабілізавалі польскую эканоміку.

Праўда, былі і нечаканыя наступствы нармалізацыі гаспадаркі. Стабілізацыя злотага супала з паступовым паляпшэннем эканамічнай сітуацыі ў Еўропе. Некаторыя гісторыкі лічаць, што збольшага менавіта гэтыя працэсы падштурхнулі Юзэфа Пілсудскага да арганізацыі вайсковага перавароту ў маі 1926-га. Новая ўлада адразу аб'явіла, што паляпшэнне жыцця адбываецца выключна дзякуючы ёй, за кошт чаго атрымала крэдыт даверу ад насельніцтва.