Юрый Лапаеў: У Кіеве панікі няма, чакаем другой хвалі абстрэлаў

Украінскі журналіст, рэдактар часопіса «Украінскі Тыждень» Юрый Лапаеў распавёў «Новаму Часу», што цяпер адбываецца ў Кіеве. Па яго словах, уначы асноўныя ўдары прыйшліся на ваенную інфраструктуру.

upload_rian_8124725.hr_pic_32ratio_900x600_900x600_39391.jpg

— У Кіеве — чэргі на запраўках, чэргі ў крамах, чэргі ў аптэках, чэргі ў банках. У прынцыпе, тое, што адбываецца пры ваенным становішчы. Але асаблівай панікі няма. Транспарт працуе, інфраструктура працуе. Людзі, хто хоча, перабіраюцца на выезд з Кіева, але вялікай панікі, паўтаруся, няма. Ноччу былі нейкія хлапкі, што гэта было — невядома, але, нічога сур’ёзнага па Кіеве не прыляцела. А вось прыляцела па вобласці і рэгіёнах.

У асноўным удары наносіліся па ваенных складах і аб'ектах. Дакладных даных аб ахвярах пакуль няма. Я так разумею, гэта была «першая хваля», мы рыхтуемся да другой, якая будзе, як мяркуецца, гэтай ноччу.

Па афіцыйных дадзеных, ВСУ збілі шэсць самалётаў праціўніка, верталёт, знішчылі тры танкі, але дакументальных пацвярджэнняў гэтаму пакуль няма. Інфармацыя аб марскіх дэсантах у Адэсе, Херсоне, захопе якіх-небудзь аб'ектаў, не пацвярджаецца і не адпавядае рэчаіснасці.

Наколькі я ведаю, баі ідуць, у асноўным, у Луганскай вобласці і ў Чарнігаўскай вобласці — апошняя, якраз, з боку Беларусі. Ёсць чуткі аб баях у Жытомірскай вобласці.

— Ваш экс-рэдактар, Дзмітро Крапівенка, паведаміў, што ён збіраецца ў ваенкамат. Аб'яўлена мабілізацыя?

— Пра мабілізацыю я пакуль нічога не чуў — сяджу на тэлефоне, чакаю званка. Дзмітро ў свой час запісаўся ў тэрытарыяльную абарону, можа быць, выклік звязаны менавіта з гэтым. Мне пакуль не тэлефанавалі.

Будзем глядзець, як далей будзе развівацца сітуацыя. Паводле нашых прагнозаў, украінская армія можа выстаяць пры масіраваным уварванні, як мінімум, два тыдні. Будзем глядзець, наколькі гэтыя прагнозы апраўдаюцца. Але нам падзецца няма куды — нам проста прыйдзецца выстаяць.