Венядзіктаў: У падручніках гэта назавуць нападам Расійскай Федэрацыі на суверэнную Украіну

Галоўны рэдактар «Эхо Москвы» разважае ў эфіры пра новую рэальнасць, якая заспела ўсіх раніцай 24 лютага.

84a537b3_b047_4396_b976_c840b8d2d36d_cx3_cy10_cw93_w1200_r1.jpg

«Гэта вайна, што мы будзем тут крывадушнічаць, — сказаў Аляксей Венядзіктаў. — Гэта не проста спецыяльная ваенная аперацыя».

«У расійскага насельніцтва, расійскіх грамадзян («ці хочуць рускія вайны») слова «вайна», «мы напалі» выкліча, я б сказаў, агіду. Учора было апублікавана CNN апытанне, якое праводзілася ў Расіі. Я нагадаю, што 50%, паводле апытання CNN, расіян падтрымалі прызнанне ЛНР і ДНР. 25% не падтрымалі. 2 да 1. Як звычайна: прыхільнікі Пуціна і праціўнікі Пуціна. Як заўсёды... 25% не вызначыліся. І больш таго, вельмі шмат расіян падтрымалі менавіта сілавое рашэнне. 50%. Сілай не дапусціць уступлення Украіны ў НАТА».

Аляксей Венядзіктаў дадаў, што перакананы: у падручнікі гісторыі гэта ўвойдзе як напад Расійскай Федэрацыі на суверэнную Украіну: «Палітычна гэтая гісторыя, безумоўна, называецца і будзе называцца ў падручніках так: напад Расійскай Федэрацыі на суверэнную Украіну. Вось пра гэта будзе напісана, можа быць, не адразу, і ў расійскіх падручніках. Гэта трэба разумець».

 «Трэба разумець, што гэта вайна, — сказаў Аляксей Венядзіктаў. — Вось у тым выглядзе, у якім яна зараз ёсць, гэта вайна 21 стагоддзя. Гэта вайна, як у Сірыі, калі за 400 км, за 300 км, за 110 км, за 40 км страляюць. У тым ліку, як запэўніваюць, з тэрыторыі Белгарада, з тэрыторыі Расіі, страляюць па Харкаву. Там жа разрыў расійскай мяжы да Харкава, я паглядзеў, 40 км па прамой, я б сказаў. 40 км наогул нічога для рознага роду ракетных установак. 40 км.

Рэдактар «Эхо Москвы» таксама назваў вайну з Украінай гістарычнай памылкай.