ISW: Рэсурсы Расіі для працягу вайны ва Украіне могуць вычарпацца напрыканцы 2025 ці ў 2026 годзе
У камандзе Дональда Трампа з’явіўся раскол па пытанні Расіі: некаторыя лічаць, што час яе «прыціснуць», але Трамп пакуль слухае тых, хто лічыць, што Пуцін імкнецца да міру. Але калі Пуцін працягне ваяваць на сённяшніх мэтах і ўмовах, то верагодна, напрыканцы года ваяваць яму будзе няма чым. Ідзе 1147-мы дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 99 баявых сутыкненняў, піша Генштаб УСУ.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 28 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Елізаветаўкі, Лісоўкі, Котліна, Удалага, Катляроўкі, Багданаўкі, Андрэеўкі.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 20 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Надзеі, Новага, Кацярынаўкі, Грэкаўкі, Зялёнай Даліны, Торскага.
На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 11 атак непадалёк Азаранаўкі і Тарэцку.
У Курскай воласці Расіі за мінулыя суткі адбылося 17 боесутыкненняў. Расіяне нанеслі 56 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 89 кіраваных авіябомбаў.
* * *
Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся паблізу Северска і Тарэцка. Таксама фіксуецца прасоўванне расійскіх войскаў каля Купянска, Северска, Тарэцка і Пакроўска, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 13 красавіка, паказваюць, што расійцы прасунуліся на паўднёвы захад ад Гуева (на поўдзень ад Суджы) у Курскай вобласці Расіі. Баі працягваліся каля Гарналя і Алешні (на паўднёвы захад ад Суджы), дзе, па сцвярджэнні расійскіх «ваенкораў», УСУ ўтрымліваюць пазіцыі.
Геалакацыйныя кадры ад 13 красавіка, паказваюць, што расійцы прасунуліся на паўночны захад ад Стэпавай Навасёлаўкі (на паўднёвы ўсход ад Купянска).
Апублікаваныя 13 красавіка геалакацыйныя кадры паказваюць, што УСУ прасунуліся на паўднёвы захад ад Белагораўкі (на паўночны ўсход ад Северска) Данецкай вобласці. А войскі РФ прасунуліся на захад ад Белагораўкі (на паўночны ўсход ад Северска).
Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся ў межах Тарэцка і на паўночны ўсход ад яго, а войскі РФ трохі прасунуліся ў заходняй частцы Лісоўкі (на паўднёвы ўсход ад Пакроўска).
«Падобна, што расійскія сілы выкарыстоўваюць перадыслакаваныя часткі 8-й агульнавайсковай арміі, каб закрыць украінскую "кішэню" на паўднёвы захад ад Тарэцка і зраўнаваць лінію фронту ў рамках намаганняў Расіі атакаваць Канстанцінаўку з поўдня», —гаворыцца ў публікацыі ISW.
* * *
Камандзір тактычнай групы на адным з кірункаў у Данецкай вобласці, генерал-лейтэнант Сяргей Наеў заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы вярнулі пад кантроль населены пункт Днепраэнергія ў Валнавахскім раёне, і палепшылі тактычнае становішча на двух крытычных напрамках.
У той жа час на картах Deep State Днепраэнергія напалову знаходзіцца ў чырвонай зоне (чырвоны колер на карце паказвае на акупацыю).
* * *

* * *
Расійская армія ў ноч на аўторак, 15 красавіка, запусціла па тэрыторыі Украіны балістычную ракету і 52 ударныя дроны тыпу «Шахед», паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.
Пацверджана збіццё 26 ударных дронаў, 19 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя без негатыўных наступстваў. З прычыны варожай атакі пацярпелі Сумская і Данецкая вобласці.
* * *
Расійскія войскі, верагодна, пачалі масава выкарыстоўваць бронетэхніку на фронце пасля перыяду абмежаванага прымянення, лічаць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW).
У канцы 2024 года расійскія войскі «ў асноўным перавялі бронетэхніку на ролю агнявой падтрымкі і спадзяваліся на пяхоту для наступу», адзначаецца ў справаздачы. Але за апошні час Сілы абароны Украіны ўсё часцей сутыкаюцца з механізаванымі штурмамі. Такія боесутыкненні адбыліся ў Луганскай і Запарожскай абласцях, у районах Часавага Яра і Вялікай Навасёлкі.
«Інтэнсіфікацыя расійскай бронетэхнікі сведчыць, што расійскае камандаванне, магчыма, усё менш турбуецца аб скарачэнні запасаў бронетэхнікі ці, па меншай меры, можа пагадзіцца на дадатковыя страты бронетэхнікі, калі расійскія сілы змогуць атрымаць дадатковыя перавагі да магчымага будучага спынення агню», — пішуць у Інстытуце.
* * *
Здольнасць Масквы працягваць вайну нават у цяперашнім тэмпе пасля 2025 года будзе пад вялікім пытаннем, мяркуе аналітык у пытаннях Расіі Інстытута вывучэння вайны (ISW) Крысціна Гарвард.
Паводле яе слоў, цяпер расійскія войскі ў асноўным сканцэнтраваны на прасоўванні ў Данецкай вобласці. Гэта звязана з тым, што расійскае кіраўніцтва імкнецца акупаваць усю тэрыторыю Луганскай і Данецкай абласцей. «Яны будуць змагацца за захоп украінскага пояса крэпасцяў з моцна ўмацаваных гарадоў уздоўж лініі Славянск-Краматорск-Канстанцінаўка», — сказала Гарвард у каментары РБК-Украіна.
Аднак захоп гэтай агламерацыі будзе для Масквы велізарным выклікам, паколькі запатрабуе нямала асабістага складу і ўзбраення. Цяпер Расія праводзіць інтэнсіўныя пяхотныя атакі, якія прыводзяць да вялікіх страт сярод асабовага складу. І Масква вымушана прапаноўваць усе большыя фінансавыя стымулы сваім грамадзянам, каб набіраць дастаткова людзей у войска для папаўнення страт.
«Здольнасць Расіі працягваць намаганні па крыптамабілізацыі ў сярэднетэрміновай перспектыве малаверагодная, паколькі расійскай эканоміцы і казне будзе цяжка падтрымліваць такі высокі ўзровень выдаткаў. Перад Пуціным можа паўстаць жорсткае рашэнне аб правядзенні яшчэ аднаго вельмі непапулярнага частковага прымусовага прызыву, падобнага таму, што мы бачылі ў верасні 2022 года», — кажа Гарвард.
Іншай праблемай, з якой сутыкнецца Расія ў найбліжэйшыя 12-18 месяцаў, з'яўляецца скарачэнне запасаў тэхнікі. Расійскі ВПК не можа вырабляць новыя транспартныя сродкі або артылерыйскія сістэмы так хутка, каб папаўняць бягучыя страты на полі бою. Крэмль спадзяецца на свае запасы абсталявання савецкіх часоў. Але гэта абмежаваны рэсурс, які, меркаванне, вычарпаецца ў канцы 2025 або ў 2026 годзе. А хаўруснікі і партнёры Расіі — КНДР, Іран, Беларусь — таксама не ў стане кампенсаваць ёй дэфіцыт тэхнікі і жаўнераў.
* * *
Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф пасля сустрэчы з дыктатарам Уладзімірам Пуціным заявіў, што «ключом» да заканчэння вайны ва Украіне з'яўляюцца так званыя «пяць тэрыторый», піша Bloomberg.
Каментуючы нядаўнія перамовы з Пуціным, Уіткаф назваў іх «пераканаўчымі» і заявіў, што яны абмеркавалі «крокі, якія могуць пакласці канец вайне ва Украіне».
З ягоных слоў, падчас размовы Пуцін нібыта звярнуўся да яго з просьбай забяспечыць «сталы мір». Ключ да агульнага пагаднення, як патлумачыў Уіткаф, «круціцца вакол пяці тэрыторый». Аднак ён не даў ніякіх дэталяў.
«Гэта мірнае пагадненне тычыцца так званых пяці тэрыторый, але ў ім ёсць значна больш. Ёсць пратаколы бяспекі, ёсць артыкул 5 NATO, шмат дэталяў. Гэта складаная сітуацыя, якая караніцца ў некаторых рэальных праблемных рэчах, якія адбываюцца паміж дзвюма краінамі... Я думаю, што мы можам апынуцца на парозе чагосьці вельмі, вельмі важнага для свету ў цэлым», — дадаў ён.
Са слоў Уіткафа, Пуцін таксама ўздымаў пытанне аб цэнтральным прынцыпе NATO, згодна з якім напад на аднаго чальца з'яўляецца нападам на ўсіх чальцоў.
* * *
Пасля расійскага ўдару па Сумах у камандзе амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа ўзмацніліся рознагалоссі, піша The Wall Street Journal. Некалькі дарадцаў прэзідэнта ЗША заклікаюць яго з асцярожнасцю ставіцца да заяваў Крамля аб імкненні да міру з Украінай, адзначаючы, што Пуцін дагэтуль не прадэманстраваў шчырага жадання спыніць баявыя дзеянні.
У гэтую групу ўваходзяць дзяржаўны сакратар Марк Рубіё і спецыяльны прадстаўнік ЗША ва Украіне Кіт Келаг. Яны раяць быць асцярожным у перамовах з Пуціным і заняць больш жорсткую пазіцыю адносна патрабаванняў Масквы аб тэрытарыяльных саступках ад Кіева.
Аднак пакуль Трамп больш схіляецца да меркавання іншага спецпрадстаўніка ЗША — Стыва Уіткафа, які мяркуе, што Пуцін «імкнецца да міру», пасля дзвюх сустрэч з ім у Маскве.
У кантэксце Уіткафа варта заўважыць, што цягам апошніх тыдняў ён выступаў з рэзананснымі заявамі адносна акупаваных тэрыторый Украіны. Гэтыя асобныя дзеянні і заявы Уіткафа выклікалі крытыку ў Белым доме і сярод рэспубліканцаў.