ISW: Пагадненне аб замарозцы фронту на цяперашніх пазіцыях не спыніць Расію ад новай агрэсіі
«Мірны план Трампа» прапанаваны Украіне, шмат якія эксперты лічаць «аднабаковым» і хібным. Прынамсі, ён наўрад ці прывядзе да ўстойлівага міру. А пакуль ідзе 1155-ты дзень вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі зафіксавана 144 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 23 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 53 штурмавыя дзеянні агрэсара ў раёнах Бярозаўкі, Катляроўкі, Праабражэнкі, Новаўкраінкі, Шаўчэнка, Вадзянога Другога, Малінаўкі, Лізаветаўкі, Лісоўкі, Удалага, Успенаўкі, Новааляксандраўкі, Надзіеўкі, Траецкага і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 14 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Студні, Надзеі Ольгаўкі.
На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 13 атак у раёнах Дачнага, Дружбы, Тарэцка і ў кірунку Шчарбінаўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку расіяне на працягу мінулага дня здзейсніў 17 атак у раёнах паблізу Канстанцінопаля, Прывольнага, Навасёлкі і ў бок Аляксееўкі.
У Курскай вобласці Расіі УСУ спыніла 22 штурмы расіян. Армія РФ нанесла 15 авіяўдараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 36 КАБ.
* * *
Сілы абароны Украіны, магчыма, прасунуліся на Новапаўлаўскім кірунку каля Траецкага, а расійцы — паблізу Тарэцка і ў Курскай вобласці, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 22 красавіка, паказваюць, што расійцы прасунуліся ўздоўж шашы 38H-609 Суджа — Гуева на поўдзень ад Алешні (на паўднёвы захад ад Суджы). Паведамляецца, што працягваліся баі пад Горналем, дзе знаходзіцца манастыр Святога Мікалая. 22 красавіка расійскія сілы бяспекі заявілі ТАСС, што УСУ нібыта ўзарвалі будынкі ў манастыры, але расійскія блогеры сцвярджалі, што войскі РФ нанеслі бомбавы ўдар ФАБ-1500 або ФАБ-3000 па ўкраінскіх пазіцыях у манастыры.
Расійскі блогер заявіў, што сілы абароны Украіны ўтрымліваюць пазіцыі ў ваколіцах Папоўкі на паўночным захадзе Белгарадскай вобласці.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 22 красавіка, паказваюць, што расійцы фіксаваліся ў раёне пароднага адвалу на поўнач ад Тарэцка.
Расійскі «ваенкор» сцвярджаў, што УСУ прасунуліся паблізу Траецкага (на паўднёвы ўсход ад Новапаўлаўкі), і што сілы абароны Украіны ўзялі пад кантроль палову Успенаўкі (на паўночны ўсход ад Новапаўлаўкі), але ў ISW не маюць гэтаму пацвярджэнняў.
* * *
Налёт варожых дронаў выклікаў пажар у гасцінічна-рэстаранным комплексе ў Браварскім раёне Кіеўскай вобласці.
Позна ўвечары ў аўторак, 22 красавіка расійская армія атакавала Харкаў і Адэсу беспілотнікамі. У Харкаве адбыўся пажар. Пасля расійцы нанеслі яшчэ адзін удар па Харкаве, усе трапленні адбыліся ў Новабаварскім раёне горада.
Як паведаміў кіраўнік АВА Адэсы Алег Кіпер, пад прыцэлам расійцаў была грамадзянская інфраструктура прыгарада Адэсы. У выніку ўдару ўспыхнула серыя пажараў, пацярпелі прынамсі два чалавекі.
Расійскія войскі ў ноч на сераду, 23 красавіка, атакавалі дронамі Палтаўскую суполку. Зафіксаваныя трапленні па прадпрыемствах і адкрытых тэрыторыях у двух раёнах горада, пацярпеші 6 чалавек, адзін з іх у цяжкім стане..
Расійская армія ўдарыла дронам па Марганцу Днепрапятроўскай вобласці. Дрон трапіў у аўтобус з работнікамі прадпрыемства, якія накіроўваліся на працу. Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулі 9 чалавек, яшчэ 30 параненыя.
На 51-м арсенале галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення Мінабароны РФ ва Уладзімірскай вобласці Расіі адбыўся маштабны пажар. Пра гэта сведчаць здымкі сэрвісу Fire Information for Resource Management System (FIRMS) амерыканскай кампаніі NASA. Там маглі захоўвацца больш за 100 тысяч тон боепрыпасаў, сярод якіх снарады, ракеты розных тыпаў, уключаючы Іскандэр, Кропка-У, Кінжал, а таксама боепрыпасы да комплексаў Панцыр-С1, С-300, С-400, а таксама Град, Смерч і Ураган. Расійскае Мінабароны заявіла, што выбух нібыта адбыўся «з прычыны пажару» праз парушэнні тэхнікі бяспекі.
* * *

* * *
ЗША чакаюць ад украінскага боку адказу на мірны план Трампа ўжо 23 красавіка, распавялі амерыканскаму выданню Axios крыніцы, якія непасрэдна знаёмыя з прапановай.
Як піша Axios, афіцыйны Кіеў уважае гэтую прапанову за вельмі перадузятую ў дачыненні да Расіі. «Прапанова вельмі выразна кажа, якія адчувальныя выгады атрымлівае Расія, але расплывіста кажа, што збіраецца атрымаць Украіна», — цытуе ўкраінскага чыноўніка амерыканскае выданне.
Па даных выдання РФ па прапанове Трампа атрымае:
- «Дэ-юрэ» прызнанне ЗША кантролю Расіі ў Крыме,
- «Дэ-факта» прызнанне акупацыі Расіяй частак Луганскай, Данецкай, Херсонскай і Запарожскай абласцей,
- абяцанне, што Украіна не стане сябрам NATO — пры гэтым у тэксце адзначаецца, што Украіна можа стаць часткай Еўрапейскага Саюза,
- адмена санкцый у дачыненні да РФ, уведзеных з 2014 года,
- пашырэнне эканамічнага супрацоўніцтва з ЗША, у прыватнасці ў энергетычным і прамысловым сектарах.
Украіне «план Трампа» прапануе:
- «Надзейная гарантыі бяспекі» з удзелам спецыяльнай групы еўрапейскіх краін і патэнцыйна таксама нееўрапейскіх краін-аднадумцаў (дакумент расплывіста кажа пра тое, як будзе функцыянаваць гэтая міратворчая аперацыя, і не згадвае пра ўдзел ЗША, адзначае Axios),
- вяртанне невялікай часткі Харкаўскай вобласці, акупаванай РФ,
- бесперашкодны праход па рацэ Днепр, якая праходзіць уздоўж лініі фронту на поўдні Украіны,
- кампенсацыя і дапамога на аднаўленне — у дакуменце не пазначана, адкуль менавіта будзе брацца фінансаванне.
Axios піша, што план быў распрацаваны пасля таго, як спецпасланнік Трампа Стыў Уіткаф сустракаўся з Пуціным больш за чатыры гадзіны на мінулым тыдні. Пасля прадстаўлення плана Пуцін прапанаваў прыпыніць уварванне сваёй краіны ўздоўж бягучай лініі фронту ў рамках патэнцыйнай угоды.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас размовы з журналістамі заявіў, што першай неабходнай умовай для пачатку любых змястоўных перамоваў Украіны з Расіяй з'яўляецца безумоўнае спыненне агню. А ўжо далей можна разглядаць нейкія сцэнары і прапановы.
«Украіна хоча хуткага справядлівага міру для сябе, але і безумоўнага спынення агню як першага кроку да гэтага» — сказаў Зяленскі т дадаў, што калі не спыніць агонь, Расія зможа ціснуць на Украіну.
Адносна інфармацыі аб розных ініцыятывах у медыя, Зяленскі сказаў: «Гэта прапановы, сігналы, ідэі, бачанне. Але гэта не афіцыйная прапанова Украіне. Калі будзе афіцыйная прапанова — мы адразу адрэагуем на гэта як на афіцыйную прапанову і вы будзеце пра гэта ведаць».
* * *
Вярхоўны прадстаўнік ЕС у замежных справах Кая Калас заявіла, што ЗША яшчэ не вычарпалі свае магчымасці для ціску на Расію. «Яны (Расія — Рэд.) не выконвалі перамір'е. Гэта відавочна: Расія гуляе ў гульні, цягне час і напраўду не хоча міру», — сказала Калас у інтэрв'ю AFP.
Паводле яе слоў, абвешчанае Расіяй 30-гадзіннае перамір'е на Вялікдзень было выкрутам, закліканым не даць Трампу «страціць цярпенне» ў дачыненні да Крамля.
«Калі яны (ЗША — РЭд.) збіраюцца адысці ад спраў, так і не скарыстаўшыся наяўнымі інструментамі, тады ў мяне ўзнікае вялікае пытанне: чаму? Чаму яны не выкарыстоўваюць усё, каб сапраўды завяршыць гэтую вайну?», — сказала Калас.
* * *
Патэнцыйнае пагадненне аб замарозцы фронту на цяперашніх пазіцыях можа не спыніць Расію ад новай агрэсіі. Крэмль можа выкарыстоўваць перамір'е для перагрупоўкі і рэалізацыі больш маштабных тэрытарыяльных амбіцый у выпадку абмежавання заходняй вайсковай дапамогі Украіне, заяўляе Інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваёй штодзённай справаздачы.
Любое патэнцыйнае пагадненне, якое фіксуе цяперашнюю лінію фронту да моманту, калі Расія атрымае поўны кантроль над Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцямі, не выключае далейшай расійскай агрэсіі з мэтай пашырэння акупацыі, падкрэсліваюць аналітыкі. Асабліва ў выпадку, калі пагадненне прадугледжвае мараторый на пастаўкі Украіне заходняй зброі.
«Цяперашняя лінія фронту не забяспечвае стратэгічнай глыбіні, неабходнай Украіне для надзейнай абароны ад новай расійскай агрэсіі, паколькі расійскія войскі знаходзяцца на іншым беразе Дняпра ад Херсона, прыкладна за 25 кіламетраў ад Запарожжа і за 20 кіламетраў ад Харкава», — адзначае ISW.