Дзве тоны какаіну з лагатыпам «Адзінай Расіі» перахапілі ў Бельгіі
У порце бельгійскага горада Гент паліцыя перахапіла каля дзвюх тон какаіну, паведамляе тэлеканал VRT. На кадрах аператыўнай здымкі на брыкетах з наркотыкамі бачны лагатып партыі «Адзіная Расія», аднак журналісты на гэта ўвагі не звярнулі.
Адзначаецца, што гэта самая буйная партыя наркотыкаў з тых, што канфіскавалі ў порце Гента. Яна была знойдзена паліцэйскімі яшчэ 21 жніўня. Какаін хавалі ў трох кантэйнерах на караблі, які прыплыў з Бразіліі. Наркотыкі былі расфасаваныя па 1900 брыкетаў.
Агульны кошт пастаўкі ацэньваецца ў 100 мільёнаў еўра пры продажы канчатковаму спажыўцу або 56 мільёнаў еўра па рынкавай цане, кажуць у федэральнай судовай паліцыі Усходняй Фландрыі.
Па факце выяўлення рэкорднай партыі какаіну пракуратура Бельгіі распачала крымінальную справу. У цяперашні час праваахоўныя органы спрабуюць устанавіць арганізатараў канала пастаўкі.
lenta.ru