Чорны дзень для папуасаў. Як ААН дазволіла Інданезіі акупаваць Заходняе Папуа
У жніўні шматлікія грамадскія арганізацыі ў свеце згадваюць, як 62 гады таму Заходняе Папуа было перададзена Інданезіі без якіх-небудзь кансультацый з папуаскім народам. Нью-Йоркскаму пагадненню (так называўся дакумент аб перадачы Заходняй часткі вострава Новая Гвінея інданезійцам) папярэднічала доўгая спрэчка і дыпламатычны і палітычны канфлікт паміж Нідэрландамі і Інданезіяй.
Хоць Нідэрланды ў 1949 годзе прызналі за Інданезіяй суверэнітэт над большай часткай Галандскай Ост-Індыі, яны захавалі кантроль над сваёй калоніяй у заходняй палове Новай Гвінеі. Пры гэтым у Амстэрдаме спасылаліся на тое, што папуасы этнічна і геаграфічна адрозніваліся ад іншых інданезійцаў і не ўдзельнічалі ў інданезійскай рэвалюцыі. Былі ў галандцаў і свае меркантыльныя матывы: эканамічныя рэсурсы Заходняй Новай Гвінеі, яе стратэгічнае значэнне ў рэгіёне.
Урад Інданезіі ў сваю чаргу таксама прэтэндаваў на дадзеную тэрыторыю на той падставе, што яна калісьці належала Галандскай Ост-Індыі, а новая Рэспубліка Інданезія была законным пераемнікам гэтай былой галандскай калоніі. Іррэдэнтысцкія настроі ў Інданезіі таксама падаграваліся пагрозай, што галандская прысутнасць у Заходняй Новай Гвінеі будзе заахвочваць сепаратысцкія рухі ў самой Інданезіі.
Спачатку бакі вялі перамовы і лаяліся ў ААН, што вывела спрэчку на міжнародны ўзровень. У галандцаў знайшліся прыхільнікі: ЗША, Аўстралія, Брытанія. Аднак гэтыя краіны не жадалі браць на сябе абавязацельствы па аказанні ваеннай падтрымкі Нідэрландам у выпадку канфлікту.
Паколькі ў ААН працэс вырашэння пытання буксаваў, урад Інданезіі санкцыянаваў кампанію супраць інтарэсаў Нідэрландаў у Інданезіі. Гэта прывяло да пазбаўлення галандскага флагманскага перавозчыка KLM правоў на пасадку ў краіне, масавым дэманстрацыям і забастоўкам працоўных у кампаніях, якія належалі галандцам, а таксама канфіскацыі галандскай суднаходнай лініі. Да чэрвеня 1960 года каля трынаццаці тысяч галандскіх грамадзян у жаху пакінулі краіну.
Паколькі інданезійцы атрымлівалі палітычную і ваенную падтрымку з боку Савецкага Саюза, Злучаныя Штаты вырашылі ўмяшацца ў канфлікт у якасці пасрэдніка. Пад іх ціскам Заходнюю Новую Гвінею 15 жніўня 1962 года перадалі Часоваму выканаўчаму органу Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, які пасля 1 траўня 1963 года перадаў гэтую тэрыторыю Інданезіі. Логіка адміністрацыі Кенэдзі была зразумелай. Пасля страты Кітаю амерыканцы не былі зацікаўленыя, каб сварыцца яшчэ і з Інданезіяй, што канчаткова зрабіла б яе хаўруснікам Масквы.
А што ж меркаванне абарыгенаў? У Заходняй Гвінеі былі групы, якія змагаліся за інтэграцыю з Інданезіяй, але вельмі спрэчна, што гэтая ідэя дамінавала ў грамадстве. У сваю чаргу Нідэрланды спрабавалі стымуляваць нацыянальную ідэнтычнасць папуасаў.
Папуасы ў масе пасіўна ставіліся да такіх праектаў, паколькі каланізатары ім абрыдлі. Але пасля прыходу інданезійцаў галандскія «фішкі» раптам аказаліся запатрабаванымі. Паступова многія папуасы схіліліся да думкі, што інданезійцы не лепшыя за галандцаў. Напрыклад, з 1969 года інданезійскі ўрад праводзіў у Заходняй Новай Гвінеі праграму трансміграцыі, накіраваную на прыцягненне ў маланаселеныя раёны краіны мігрантаў з перанаселенай выспы Ява: па даных 2010 года мігранты складаюць 2,4 мільёна жыхароў Заходняй Новай Гвінеі — прыкладна палову.
Тым больш, што рэферэндум 1969 года, які паабяцалі інданезійцы папуасам, быў спрэчным. З прыкладна 816 000 папуасаў-выбаршчыкаў толькі 1022 прадстаўнікам папуаскіх плямёнаў было дазволена прыйсці на ўчасткі для галасавання. Пры гэтым іх прымусілі прагаласаваць за інтэграцыю.
Нядзіўна, што ў рэгіёне ўзнік Рух за свабоднае Папуа, які дапускаў, што ў выпадку правядзення паўнавартаснага рэферэндуму народ прагаласаваў бы за незалежнасць ад Інданезіі. 1 ліпеня 1971 года рухам была зроблена спроба абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Заходняе Папуа. Праўда, беспаспяховая. З тых часоў гэтая арганізацыя вядзе супраць урада Інданезіі паўстанцкую барацьбу. У 2017 годзе ў Арганізацыю Аб'яднаных Нацый была пададзена петыцыя, перавезеная кантрабандай з Заходняй Новай Гвінеі і нібыта падпісаная 1,8 мільёнамі абарыгенаў. Падпісанты патрабавалі правядзення новага рэферэндуму аб незалежнасці.
Скончыць хацелася б на пазітыўнай ноце. 17 жніўня 2024 года 79-ы Дзень незалежнасці Інданезіі быў адзначаны адкрыццём новай сталіцы краіны Нусантара на востраве Барнэа. У час афіцыйных мерапрыемстваў падкрэслівалася, што новая сталіца павінна стаць сімвалам новай Інданезіі, у якой будзе больш свабод для яе грамадзян. Хацелася б, каб гэта датычылася і жыхароў заходняй часткі Новай Гвінеі.