Без крыжа гэта ўжо не «Рэал»
Рашэнне кіраўніцтва славутага мадрыдскага клубу «Рэал» прыбраць па просьбе арабскіх спонсараў выяву крыжа з клубнага гербу выклікала неадназначную рэакцыю ў свеце.
Змяніць сімволіку адміністрацыі «Рэалу» прапанаваў Нацыянальны Банк Абу-Дабі. Гэта было адной з умоваў для пачатку інвестыцый у клубны бюджэт (штогадовы бюджэт «Рэалу» складае каля 3 мільярдаў долараў ЗША). Як пішуць спартовыя каментатары, грошы вельмі патрэбныя адміністрацыі «Рэалу», пра што сведчыць прысутнасць на цырымоніі падпісання дамовы з банкам цэлай абоймы былых зорак «Рэалу».
Крыж з’явіўся на гербе клубу ў 1931 годзе, што выглядала абсалютна лагічна. «Рэал» перакладаецца як «каралеўскі», а іспанскія каралі заўсёды былі патронамі каталіцкай царквы. Цікава, што крыж заставаўся на гербе клубу нават у часы Народнага фронту Іспаніі, у склад якога на адным з этапаў уваходзілі камуністы. Камуністы разам з анархістамі актыўна пераследавалі Касцёл, аднак да крыжу ў іх чамусьці не дайшлі рукі. А вось банкіры з Арабскіх Эміратаў міма крыжа не прайшлі.
Дырэктарат «Рэалу» з самага пачатку быў не супраць зменаў сімволікі. Па словах аднаго з сяброў дырэкцыі, новы дызайн дапаможа клубу заваяваць сэрцы заўзятараў у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Падобнае рашэнне, быццам, створыць кампраміс ідэнтычнасці сярод новых фанаў «Рэалу». Акрамя таго, арабы пагадзіліся на тое, каб у Еўропе клубная прадукцыя прадавалася з выявай крыжу. Здавалася — канфлікт уладжаны.
Аднак насуперак аптымістычным заявам клубнага кіраўніцтва, тарсіда «Рэалу» яўна не ў захапленні. Магчыма, гэта звязана з тым, што Іспанія дасюль застаецца вельмі каталіцкай краінай. Інакш бы ў сацыяльных сетках не ўспрымаліся б усур’ёз відавочныя плёткі пра тое, што наступным крокам стане ўльтыматум вядучаму гульцу Хрысціяну Ранальда. Быццам, прамусульманская адміністрацыя запатрабуе ад Ранальда абраць сябе іншае, менш правакуючае балельшчыкаў з Усходу імя. На сайтах фанатаў «Рэалу», сярод якіх традыцыйна шмат правых радыкалаў, хапае эмацыйных заклікаў расправіцца з дырэктаратам клуба. Каталіцкія каментатары нават бачаць у рэформе клубнай сімволікі нейкі тэст на межы памяркоўнасці вернікаў. Быццам, у выпадку вялай рэакцыі на знікненне крыжу з сімволікі «Рэалу», пачнецца франтальны наступ атэістаў на пазіцыі Касцёлу. Аматары прыколаў пішуць, што наступнай фазай «арабізацыі» «Рэалу» стане замена кароны на цюрбан. Вядучая іспанская правая газета «АВС» мяркуе, што сваім учынкам дырэкцыя клубу давяла, што «хрысціянская цывілізацыя баязлівая, слабая, амаральная і карумпаваная».
На інтэрнэт-форумах, куды пішуць не фанаты, а звычайныя абывацелі, галоўным чынам сумна канстатуюць — грошы дыктуюць усё. Некаторыя нават прапануюць кіраўніцтву «Рэала» размясціць на месцы крыжа сімвал долару, што павінна сімвалізаваць прадажны характар сучаснага прафесійнага спорту. Часта нават атэісты і не заўзятары «Рэалу» спачуваюць тыфозі мадрыдскай каманды: «Вельмі сумна становіцца ад усяго гэтага па шматлікіх прычынах. Нельга так грэбаваць часткай гісторыі клубу толькі таму, што вам шмат плацяць. Гэта падобна на продаж душы клубу. Я ні хрысціянін, ні сапраўдны фанат Мадрыд... Але калі б я быў на іх месцы, мне было б рэальна сорамна!».
Калі верыць ізраільскім СМІ, якія традыцыйна крытыкуюць рэжымы з Персідскай затокі, рэформа сімволікі «Рэалу» не спадабалася іспанцам і еўрапейцам з-за цяперашняга інфармацыйнага фону. Фразеалогія наконт неабходнасці міжрэлігійнай талерантнасці кепска пасуе навінам з Блізкага Усходу, дзе ісламскія тэрарысты пераследуюць сяброў хрысціянскай грамады Іраку і Сірыі.
Праціўнікі новага гербу таксама актыўна распаўсюджваюць інфармацыю пра стан талерантнасці ў ААЭ. Напрыклад, амаль усе праваабарончыя арганізацыі прызнаюць, што ў некаторых эміратах, што ўваходзяць у ААЭ, сістэматычна парушаюцца міжнародныя нормы рэлігійных свабодаў. «Урад ААЭ забараняе сваім грамадзянам пераход у іншую веру, існуе крымінальная адказнасць за распаўсюд неісламскай рэлігійнай літаратуры, закон пераследуе за публічную дэманстрацыю крыжа», — піша амерыканскае выданне «Algemeiner».
Праўда, сустракаюцца і аптымісты. Яны спадзяюцца, што праблема з крыжам мае часовы характар. Паводле тэксту падпісанай дамовы, тэрмін супрацоўніцтва «Рэалу» з Нацыянальным банкам Абу-Дабі абмежаваны трыма гадамі. Пасля гаспадары «Рэалу», маўляў, могуць вярнуць старую сімволіку.
Аднак большасць каментатараў баяцца, што супрацоўніцтва працягнецца і пасля сканчэння гэтай дамовы. У кіраўніцтве мадрыдскага клубу даюць зразумець, што хацелі б падключыць арабаў да праекту перабудовы клубнага стадыёну. У такім выпадку можа паўтарыцца гісторыя, што мела месца ў Вялікабрытаніі. Там арабскія фірмы таксама фінансавалі спартовыя канструкцыі англійскіх клубаў, у выніку чаго стадыёны змянілі назву ў гонар замежных кампаній. Так, вядомы лонданскі клуб «Арсенал» гуляе сёння на стадыёне «Emirates».
У іспанскай прэсе хапае плётак, паводле якіх прадстаўнікі каралеўскай сям’і Абу-Дабі, якая кіруе ў ААЭ, не супраць інвеставаць у рэканструкцыю спартовага комплексу клубу «Рэал» у Мадрыдзе. Галоўным інвестарам будзе выступаць кампанія International Petroleum Investment Company (IPIC), што належыць каралеўскай сям’і. Пры гэтым інвестары, каля верыць розным журналісцкім плёткам, жадаюць, каб у назве новага аб’екта фігуравала імя аднаго з сябраў каралеўскай дынастыі. Для прыхільнікаў «Рэалу» гэта вялікая трагедыя. Санцьяга Бернабеу — дырэктар «Рэалу» (1943–1978), імя якога носіць галоўны стадыён, лічыцца стваральнікам легенды клубу. Пры ім мадрыдскі клуб на працягу пяці гадоў запар (з 1956 па 1960) выйграваў кубак чэмпіёнаў. Аматары жартаў ужо прапанавалі кампрамісную назву стадыёну — Саладзін Бернабеу (Саладзін — сярэднявечны арабскі герой, які змагаўся з крыжакамі).