Беларускія шэф-кухары прэзентавалі нацыянальную кухню на Сардыніі
З 9 па 13 лістапада прадстаўнікі Гільдыі кухараў і шэф-кухараў Беларусі пабывалі на Сардзініі (Італія), дзе разам з італьянскімі калегамі прынялі ўдзел у адукацыйных мерапрыемствах Сардынскага інстытута прафесійнага навучання IFAL, які рыхтуе кухараў, кандытараў і спецыялістаў па прыгатаванні піцы. Паездка адбылася дзякуючы Праграме мабільнасці для мэтанакіраваных міжасобасных кантактаў MOST пры падтрымцы Ганаровага консульства Рэспублікі Беларусь у Кальяры (Сталіца Аўтаномнага рэгіёну Сардзінія — Італія).
Падчас знаходжання на Сардзініі Аляксандр Чыкілеўскі, кіраўнік Гільдыі кухараў і шэф-кухараў (рэстаран «Літвіны», Мінск), Таццяна Назарук, выкладчык Гільдыі кухараў і шэф-кухараў (Мінск), Юрый Колеснеў (рэстаран «Бефана», Гомель), Антон Кабанаў (рэстаран «Публіка», Мінск), Вадзім Мачальскі (рэстаран санаторыя «Альфа-Радон», Гродзенская вобласць) прынялі ўдзел у майстар-класах па прыгатаванні страў сардзінскай і італьянскай кухні, а таксама самі праводзілі майстар-класы па прыгатаванні беларускіх страў.
Асноўныя тэлеканалы рэгіёну Сардзінія паказалі ў сваіх кулінарных перадачах прэзентацыі некаторых беларускіх страў.
З вялікім поспехам прайшло мерапрыемства з дэгустацыяй на тэму «Харчаванне, якое спрыяе даўгалеццю: параўнанне сардзінскага варыянту міжземнаморскай дыеты з беларускім варыянтам славянскай дыеты».
Сардзінскія даследчыкі абралі дзве стравы беларускай кухні: аркас і салянку — як прыклад карысных страў, якія могуць паўнапраўна ўвайсці ў дыету даўгалецця. Яны падобныя па пажыўных якасцях да сардзінскага супу мінестронэ — простай стравай у сялянскіх традыцыях, якая часта ўваходзіць у рацыён харчавання доўгажыхароў выспы.
Сардзінія лічыцца «Блакітнай зонай» — адным з пяці рэгіёнаў свету з найбольшай колькасцю доўгажыхароў. І менавіта на вывучэнні пытанняў даўгалецця грунтуецца адна са сфер супрацоўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Універсітэта Кальяры.
Сярод прадстаўленых на дэгустацыі страў не магло не быць дранікаў. Іх прыгатаванне разам з іншымі замежнымі стравамі стане часткай выпускнога практычнага экзамену для слухачоў кулінарных курсаў, якія праводзяцца сардзінскім інстытутам прафесійнага навучання IFAL.
Журы, якое складаецца з прадстаўнікоў беларускай дыяспары на Сардзініі, абярэ лепшыя дранікі сярод прыгатаваных сардзінскімі вучнямі, а кухар, іх зробіць, будзе абвешчаны пераможцам і зможа прыняць удзел у «Днях кухні Сардзініі ў Беларусі 2019 ».
Акрамя таго, у наступным годзе з нагоды прыезду сардзінскіх спецыялістаў у Мінск будзе арганізаваны кулінарны конкурс «Беларускія дранікі па-сардзінску», падчас якога кухары Сардзініі паспрабуюць па-свойму інтэрпрэтаваць гэтую найбольш вядомую за мяжой беларускую страву.
Паводле прэс-рэлізу