Адзін з «папамабіляў» прададзены за 300 тысяч долараў
Адзін з
аўтамабіляў, якім карыстаўся Папа рымскі Францыск ў ходзе візіту ў ЗША ў
мінулым годзе, прададзены на анлайн-аўкцыёне за 300 тысяч долараў. Стандартны
кошт такой машыны — $24.000.
Аўкцыён быў
адкрыты яшчэ 17 сакавіка, і першая прапанова склала ўсяго 10,5 тысячы долараў,
аднак затым цана стала хутка расці.
Канчатковая цана на чорны «Фіят» мадэлі 500 Lounge (па Нью-Ёрку Францыска перавозілі два такіх «папамабіля») перавысіла стандартны кошт такой машыны (24 тысячы) больш чым у 12 разоў.
Аўтамабіль купіў мільянер Майлс Надаль, які захапляецца калекцыянаваннем машын і матацыклаў. Па дадзеных сайта Charitybuzz, які праводзіў аўкцыён, у калекцыі Надаля больш за 130 адзінак тэхнікі.
Як паведамляецца, выручаныя за продаж аўтамабіля грошы пойдуць на падтрымку каталіцкіх школ і дабрачынныя патрэбы ў штаце Нью-Ёрк.
Другі «Фіят», на якім Папа перасоўваўся падчас візіту ў ЗША, таксама плануецца пусціць на патрэбы дабрачыннасці, аднак канкрэтных планаў з гэтай нагоды яшчэ няма.
Сайт Charitybuzz папярэдне ацаніў аўтамабіль — практычна новы хэтчбек са шкляным дахам і сядзеннямі прэміум-класа — у 82 тысячы долараў.
Менавіта за столькі ў студзені быў прададзены яшчэ адзін «Фіят», на якім Пантыфік перасоўваўся па Філадэльфіі.