663-ці дзень вайны. Пуцін нацэльваецца на краіны NATO і ўзмацняе вайсковую групоўку ў Беларусі

Ва Украіне працягваюцца пазіцыйныя баі, але расійскія войскі ўсё часцей «выпільваюць» самі сябе, страчваючы дарагую тэхніку. Тым часам аналітыкі разважаюць над заявамі Пуціна і прыходзяць да высновы, што захопам Украіны Расія не абмяжуецца.

2944761.jpg

Інстытут вывучэння вайны (ISW) звярнуў увагу на заявы Уладзіміра Пуціна аб тым, што Расія не зацікаўлена ва ўварванні ў NATO. На думку аналітыкаў інстытута, гэтыя заявы падобныя на настойлівыя заявы Крамля ў канцы 2021-га і пачатку 2022 года, у тым ліку і напярэдадні 24 лютага — пра тое, што Расія не мае намеру нападаць на Украіну.

«Запэўніванні Пуціна аб яго мірных намерах у дачыненні да NATO выглядаюць пустымі ў кантэксце пагроз, якія ён сам і крамлёўскія эксперты апошнім часам выказваюць у адрас краін-чальцоў NATO. Пуцін у інтэрв'ю 17 снежня .. паспрабаваў запярэчыць папярэджанню прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ад 6 снежня аб тым, што Расія нападзе на краіну NATO ў будучыні, калі выйграе вайну ва Украіне. Пуцін сцвярджаў, што ў Расіі няма геапалітычных, эканамічных, вайсковых або тэрытарыяльных прычын ваяваць з NATO і што Расія зацікаўлена ў развіцці адносін з краінамі-чальцамі NATO.

Гэтае інтэрв'ю, верагодна, было наўмыснай спробай узмацніць наратывы Крамля, накіраваныя на тое, каб прадставіць расійскую вайсковую пагрозу NATO як уяўную і штучную».

Аналітыкі нагадваюць, што 21 ліпеня Пуцін пагражаў Польшчы, пасля таго, як Варшава адправіла войскі на беларуска-польскую мяжу з-за перадыслакацыі баевікоў групы «Вагнер» у Беларусь. Тады расійскі дыктатар заявіў, што Расія адкажа «ўсімі сродкамі», якія ёсць у яе распараджэнні.

Намеснік старшыні Рады бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў 29 жніўня прыгразіў, што ў Расіі ёсць «магчымасць дзейнічаць у рамках jus ad bellum (права вайны) супраць кожнай з краін NATO», каментуючы падтрымку Захадам украінскіх удараў па акупаваным Крыме.

Аналагічным чынам Мядзведзеў пагражаў Польшчы ў лістападзе, калі заявіў, што Расія ўважае Варшаву за «небяспечнага ворага», які можа страціць сваю «дзяржаўнасць».

Таксама паведамляецца, што 2 снежня адзін з расійскіх прапагандыстаў на дзяржтэлебачанні выказаў здагадку, што краіны Балтыі стануць наступнай вайсковай цэллю Расіі і знікнуць неўзабаве пасля Украіны.

Аналітыкі мяркуюць, што неаднаразовая рыторыка Крамля аб яго варожых намерах у дачыненні да NATO ў спалучэнні з мяркуемым будучым вайсковым патэнцыялам Расіі ў выпадку перамогі ва Украіне стварае сур'ёзную пагрозу бяспецы Захаду. Яны паказваюць, што калі б Расія магла захапіць Украіну, то яна магла б разгарнуць свае сілы аж да мяжы NATO ад Чорнага мора да Паўночнага Ледавітага акіяна.

«Улічваючы прадэманстраваныя Расіяй варожыя намеры адносна NATO і яе патэнцыйныя вайсковыя магчымасці ўздоўж амаль усёй усходняй мяжы NATO, Захад будзе вымушаны падрыхтавацца да абароны ад магчымых дзеянняў Расіі супраць NATO. Кошт гэтых абаронных мер будзе астранамічным і, верагодна, будзе суправаджацца перыядам вельмі высокай рызыкі. Падтрымка Украіны прапануе Захаду лепшую магчымасць пазбегнуць гэтых выдаткаў і пашырэння расійскай пагрозы», — адзначылі ў ISW.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) таксама піша, што Расія ўзмацніла вайсковую групоўку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Беларускія вайскоўцы пры падтрымцы Масквы разгарнулі некалькі батальёнаў і тактычных груп у дзвюх абласцях краіны.

Эксперты Інстытута спаслаліся на інфармацыю, апублікаваную ўкраінскім ваенным аглядальнікам Канстанцінам Машаўцом у нядзелю, 17 снежня. Паводле яго слоў, беларускія вайскоўцы разгарнулі маштабную ваенную групоўку на тэрыторыі дзвюх абласцей. У яе ўвайшлі:

  • дэсантна-штурмавы батальён 38-й дэсантна-штурмавой брыгады паблізу Вужова і на поўдзень ад Пінска Брэсцкай вобласці;
  • два атрады 5-й брыгады спецназа паблізу Іванава Брэсцкай вобласці і Прыбаловічаў Гомельскай вобласці;
  • парашутна-дэсантны батальён 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады паблізу Лельчыцкага раёна, Брагіна і Зябраўкі Гомельскай вобласці;
  • тактычная група 51-й артылерыйскай брыгады на поўдзень ад горада Гомель;
  • рэактыўная артылерыйская батарэя 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады паблізу Зябраўкі Гомельскай вобласці.

Машавец адзначыў, што групоўка налічвае 1840 вайскоўцаў, да 68-70 адзінак БТР, 24 артылерыйскія сістэмы і тры сістэмы СПА.

* * *

Як паведамляе ў ранішняй зводцы 18 снежня Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны, сілы абароны знясільваюць расійскія войскі на мелітопальскім кірунку, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах на бахмуцкім кірунку і вядуць контрбатарэйную барацьбу на ўсходнім беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці, на большасці напрамкаў адбіваюць атакі арміі РФ.

Паводле звестак Генштаба УСУ, за мінулыя суткі адбыліся 64 баявыя сутыкненні. Расійскія войскі нанеслі 2 ракетныя і 29 авіяцыйных удараў, здзейснілі 47 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.

Уначы расійскія акупанты чарговым разам атакавалі Украіну, ужыўшы 5 БПЛА тыпу «Shahed-136/131». Сілы і сродкі супрацьпаветранай абароны знішчылі іх усе.

Найбольш актыўныя баі па-ранейшаму вядуцца на аўдзееўскім кірунку. Сілы абароны працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спроб акружыць Аўдзееўку. Там адбіта 27 атак — амаль палова ад усіх боесутыкненняў.

* * *

410893189_706271301685951_8094194128840446761_n.jpg

* * *

ISW зазначае, што ўкраінскія войскі працягваюць вядзенне наступальных і абаронных аперацый на некалькіх кірунках. У прыватнасці, УСУ прасунуліся ў раёне Сінькоўкі на купянскім кірунку і паспяхова контратакавалі на ўсход ад Невельскага пад Аўдзееўкай.

Прадстаўнік украінскай брыгады, якая дзейнічае паблізу Аўдзееўкі, заявіў, што нядаўна расійскія войскі спрабавалі наступаць на горад калонай, у якой было да 10 адзінак бранятэхнікі, і што ўкраінскія сілы знішчылі прыкладна палову.

Расійскія блогеры сцвярджалі, што войскі РФ нібыта цалкам кантралююць усю Мар'інку. ISW не бачыў візуальнага пацвярджэння гэтых заяў.

Украінскія войскі ўтрымліваюць пазіцыі на ўсходнім (левым) беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці. Расійскі ваенкар заявіў, што ўкраінскія сілы працягваюць перакідваць падмацаванні на ўсходні бераг Дняпра. Расійскі блогер сцвярджаў, што асабісты склад войска РФ на херсонскім кірунку скардзіўся на адсутнасць транспарту для эвакуацыі параненых і адсутнасць сістэм радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) для абароны эвакуацыйных груп ад украінскіх беспілотнікаў.

* * *

Расіяне збілі ўласны самалёт Су-25. Камандуючы паветранымі сіламі УСУ Мікалай Аляшчук пацвердзіў інфармацыю, адзначыўшы недатычнасць украінскай СПА да знішчэння расійскага штурмавіка.

* * *

У Белгародскай вобласці РФ на супрацьтанкавай міне выбухнуў расійскі танк Т-80. Як паведамляе расійскі Telegram-канал «Astra», інцыдэнт адбыўся ўвечары ў суботу, 16 снежня, у Валуйскай гарадской акрузе. За 4 кіламетры ад вёскі Карабанава, недалёка ад мяжы Белгародскай вобласці РФ з Украінай, вайсковец расійскай арміі, кіруючы танкам Т-80, наехаў на міну. У выніку гэтага баявая машына была цалкам знішчана, танкіст загінуў, яшчэ адзін ваенны паранены.

* * *

СМІ паведамілі, што ў кабінеце галоўнакамандуючага Узброеных сіл Украіны Валерыя Залужнага знайшлі падслухоўвальныя ўстройствы. Служба бяспекі Украіны адкрыла справу і дадала, што тэхніка выяўлена не непасрэдна ў кабінеце Залужнага, а ў адным з памяшканняў, якое магло ў будучыні выкарыстоўвацца ім для працы.

Паводле папярэдніх звестак, знойдзенае ўстройства знаходзілася ў непрацоўным стане. Якіх-небудзь сродкаў назапашвання інфармацыі або сродкаў выдаленай перадачы аўдыёзапісаў не выяўлена, паведаміла СБУ.